Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочацца канчатковай нармалізацыі стасункаў”


Міністэрства фінансаў ЗША працягнула зьмякчэньне санкцый адносна двух беларускіх прадпрыемстваў — “Лякафарба” і “Полацак-Шкловалакно” — да 1 чэрвеня 2009 году. Гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у канцэрн “Белнафтахім”. Як ставяцца да гэтага ў Беларусі?

“Полацак-Шкловалакно” пастаўляе ў амэрыканскі рэгіён шырокі спэктар прадукцыі: электраізаляцыю, шклотканіну для вытворчасьці тэхнічных плястыкаў, для высокатэмпэратурнай ізаляцыі й іншае.

Паводле мэнэджэра па рэгіёне Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі Валерыя Падаліцы, на прадпрыемстве вітаюць цяперашняе рашэньне Мінфіну ЗША, аднак “крыху расчараваныя”, што яно падаўжае дзеяньне генэральнай ліцэнзіі толькі на 90 дзён.

“Хочацца канчатковай нармалізацыі стасункаў, каб не ўзьнікала сумневаў ні ў нашых пакупнікоў у Амэрыцы, ні ў нашых партнэраў у іншых краінах адносна працягу гандлёвых стасункаў з «Полацак-Шкловалакном». Тым ня менш мы вітаем і такое рашэньне і падтрымліваем працу з усімі нашымі кліентамі, зь якімі мы працавалі да пачатку дзеяньня санкцый. І спадзяемся на пашырэньне працы менавіта ў амэрыканскім рэгіёне”.

Спадзяемся на пашырэньне працы менавіта ў амэрыканскім рэгіёне.
Спадар Падаліца адзначыў, што на “Полацак-Шкловалакне” чакаюць канчатковай адмены санкцый. Бо хоць іх і прыпынілі, напружаньне застаецца.

“Эфэктыўна разьвіваць, плянаваць сваю дзейнасьць на гэтым рынку мы можам толькі на пэрыяд дзеяньня гэтай ліцэнзіі. На жаль, мы ня можам распрацоўваць стратэгічныя праграмы на паўгода, на год, ня кажучы ўжо пра далейшую пэрспэктыву. Хоць мы і нашы партнэры гатовы абмяркоўваць гэтыя варыянты на выпадак, калі канчаткова будуць зьнятыя санкцыі”.

Таксама спадар Падаліца патлумачыў, што на амэрыканскім рынку ўплыў крызісу менш адчувальны, чым на рынку расейскім і эўрапейскім. Ва ўмовах крызісу прадпрыемства імкнецца да пашырэньня геаграфіі продажаў.

“Доля экспарту ў ЗША для нашага прадпрыемства не крытычная. Але хацелася б дывэрсыфікаваць нашы продажы і ў гэты рэгіён. А паколькі нашы расейскія партнэры маюць істотныя праблемы з усясьветным крызісам, гэтая праца на рынку ЗША і Паўночнай Амэрыкі вельмі значная для нас. І ў тым пляне, што гэта пэўны аб’ём экспарту. Але для нас больш важна, што на гэтым рынку вядуцца новыя распрацоўкі прымяненьня нашай стандартнай прадукцыі”.

Паводле спадара Падаліцы, партнэры “Полацак-Шкловалакна” зьвярталіся ў дзярждэпартамэнт і ў міністэрства фінансаў ЗША з тлумачэньнем, што “санкцыі супраць Беларусі і, у прыватнасьці, «Полацак-Шкловалакна» няслушныя, і страты цярпяць больш амэрыканскія партнэры, чым беларуская сыстэма”.

“А прадпрыемствы, якія ўцягнутыя не па сваёй волі ў палітычныя інтрыгі паміж дзьвюма краінамі, зьяўляюцца закладнікамі. І, на жаль, асаблівага ўплыву ня могуць зрабіць на тое ці іншае рашэньне абодвух урадаў”.

Сарвалі нам пастаўку абсталяваньня, якое ў верасьні мы павінны былі змантаваць.
Паводле галоўнага інжынэра лідзкай “Лякафарбы” Ёсіфа Кісьляка, з-за ўводу санкцыяў са спазьненьнем пастаўлена абсталяваньне для новай вытворчай лініі.

“Сарвалі нам пастаўку абсталяваньня, якое ў верасьні мы павінны былі змантаваць. З увядзеньнем санкцый абсталяваньне не было пастаўлена. А потым, калі адмянілі ад 4 верасьня 2008 году, тады ўжо працэс пайшоў. Пачаліся перамовы, і зараз быццам бы ўсё вырашылі. Апроч таго, што мы ня ў тэрмін запусьцім абсталяваньне, прамых стратаў у нас няма. Напружаньне ёсьць у працы”.

Спадар Кісьляк выказаўся за поўную адмену санкцый:

“Я думаю, ад гэтага ўсе выйграюць, ня толькі наша прадпрыемства. Навошта нашаму канцэрну «Белнафтахім» гэтыя санкцыі? Мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі краінамі сьвету”.

Нагадаем, у лістападзе 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна канцэрну “Белнафтахім” у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008 году паслы Беларусі і ЗША былі адкліканыя з Вашынгтону і Менску для кансультацый, а штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

Уведзеныя санкцыі, у прыватнасьці, прадугледжвалі замарожваньне ўсіх зьмешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрну і ягоных прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі “Белнафтахім Ю-эс-эй”. Апрача таго, амэрыканскім бізнэсмэнам было прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з канцэрнам.

У сакавіку 2008 году былі апублікаваныя ўдакладненьні, згодна зь якімі пад дзеяньне санкцый падпадалі прадпрыемствы, доля “Белнафтахіму” ў якіх складае 50% і больш.

5 верасьня Мінфін ЗША на паўгода прыпыніў эканамічныя санкцыі супраць “Лякафарбы” і “Полацак-Шкловалакна” — пасьля таго, як у Беларусі былі выпушчаныя на волю Аляксандар Казулін ды іншыя палітычныя зьняволеныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG