Адзін з падпісантаў маніфэсту Павал Севярынец назваў Аляксандра Мілінкевіча “найбольш пасьпяховым апазыцыйным палітыкам праэўрапейскага выбару апошніх гадоў”. Паводле Паўла Севярынца, нядаўняя “кампанія супроць Аляксандра Мілінкевіча”стала “апошняй кропляй”, якая падштурхнула маладых палітыкаў да аб’яднаньня:
“Пад гэтым маніфэстам падпісаліся шмат якія людзі. Людзі, якія спавядаюць розныя мэтады і тактыку змаганьня за вольную і незалежную Беларусь. Ёсьць тыя, хто гатовы ісьці на канструктыўны дыялёг, гатовы размаўляць зь мясцовымі ўладамі, зь міністэрствамі і ведамствамі, з адміністрацыяй Лукашэнкі. Ёсьць і бескампрамісныя людзі, гатовыя прымаць толькі поўную капітуляцыю рэжыму. Але мы знайшлі паразуменьне. І калі лідэры з больш старэйшага пакаленьня нават па больш дробных рэчах знайсьці паразуменьня ня могуць, мы гатовыя прапанаваць свае пасярэдніцкія паслугі”.
Паводле Юрася Губарэвіча, расколу ў апазыцыі трэба супрацьпаставіць моладзевую ініцыятыву на супрацу дзеля эўрапейскага выбару краіны:
“Не супроць кагосьці мы зьбіраемся ваяваць. Гэта тупіковы шлях. Мы аб’ядноўваемся на плятформе такіх каштоўнасьцяў, як незалежная, дэмакратычная, эўрапейская Беларусь. Лічым, што толькі гэтак можна заваяваць папулярнасьць у насельніцтва. У нашага пакаленьня ёсьць агонь у вачох, шмат хто мае досьвед перамогаў, прычым перамогаў у сёньняшніх складаных сытуацыях. Гэты агонь дазваляе нам спадзявацца на тое, што мы здольныя нешта зрабіць у Беларусі”.
Ці толькі сваркі ў апазыцыі непакояць маладое пакаленьне апазыцыянэраў? Наста Палажанка з “Маладога фронту” лічыць “нежыцьцяздольнымі” палітычныя інстытуты, створаныя ў Беларусі, і гатовая працаваць дзеля зьменаў:
“Беларусі патрэбная новая эпоха, новая палітычная эпоха, і мы верым, што яна настане”, — мяркуе актывістка.
Аўтары маніфэсту кажуць, што яны прынцыпова ўстрымаліся ад таго, каб ужо зараз агучваць прозьвішча кандыдата на прэзыдэнта, які ім падаецца найбольш пэрспэктыўным. Заяўнікі выказаліся за правядзеньне адзінага кангрэсу дэмакратычных сілаў замест некалькіх праэўрапейскіх кангрэсаў з удзелам розных лідэраў. Нагадаю, прапанову аб эўрапейскім кангрэсе раней ужо агучваў адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч.
Прэсавая канфэрэнцыя маладых лідэраў апазыцыі прайшла ў штаб-кватэры БНФ. Прашу старшыню БНФ Лявона Баршчэўскага пракамэнтаваць заявы аўтараў маніфэсту адносна няздольнасьці апазыцыянэраў старэйшага веку дамовіцца паміж сабой:
“Дамовіцца заўсёды бывае цяжка. І Васіль Быкаў пра гэта пісаў, што людзям інтэлігентным цяжка дамовіцца, таму што кожны ставіць вельмі вялікія мэты. Але я лічу, што плятформай для аб’яднаньня будзе ня тое, што хто хоча змагацца з рэжымам, хто ня хоча, але мы ў адной камандзе. Павінна быць адна плятформа. Альбо мы змагаемся з рэжымам, альбо мы імітуем змаганьне з рэжымам. Трэцяга ня дадзена. Вось хто далучыцца да гэтай плятформы, мы будзем гуртавацца з тым. Прынамсі пакуль я адыгрываю нейкую ролю на гэтай палітычнай сцэне”.
Маніфэст маладых апазыцыйных лідэраў падпісалі таксама Артур Фінькевіч, Алесь Лагвінец, Алесь Міхалевіч, Аляксей Шэін, Уладзімер Навасяд, Дзяніс Садоўскі ды яшчэ 20 актывістаў.