Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Аўтуховіча вярнулі ў сьледчы ізалятар


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Арыштаванага прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, які 36-ты дзень працягвае галадоўку пратэсту, сёньня выпісалі з рэспубліканскага турэмнага шпіталю і вярнулі ў сьледчы ізалятар.

У шпіталі ён адбыў толькі два дні.

У шпіталь Мікалай Аўтуховіч патрапіў 19 траўня. Але ўжо празь дзень турэмны лекар на сустрэчы са сваякамі вязьняў паведаміў, што Мікалаю Аўтуховічу непатрэбнае дадатковае лячэньне і ён нібыта сам просіць вярнуць яго ў сьледчы ізалятар. Сёньня дзяжурны ізалятара на вуліцы Валадарскага паведаміў Свабодзе, што Аўтуховіча ўжо вярнулі ў ізалятар і зьмясьцілі ў мэдычную частку. Адносна стану здароўя галадоўніка дзяжурны сказаў, што нічога пра гэта ня ведае. Яму толькі вядома, што галадоўку Аўтуховіч працягвае.

Павал Сапелка
Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка кажа, што ягоны падабаронны выглядае стомленым і слабым.

“Ён кажа, што кожны тыдзень губляе прыкладна па 3 кіляграмы і таму значна схуднеў”.

20 траўня няўдачай скончылася спроба перадаць Аўтуховічу ў шпіталь перадачу, у тым ліку ваду. Гэта спрабавалі зрабіць праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч. У іхнай перадачы былі таксама мэдыкамэнты для падтрымкі пячонкі, зубная паста. Але дзяжурны не прыняў перадачу для Аўтуховіча. Адмовіў у перадачы і начальнік адмысловай часткі турэмнага шпіталя.

Прадстаўнікі апазыцыі заклікалі Мікалая Аўтуховіча спыніць галадоўку, каб зьберагчы здароўе. Яны перакананыя, што ўлады перасьледуюць Аўтуховіча і ягоных калег паводле палітычных матываў.

Лявон Баршчэўскі
Старшыня Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі згадвае, як Мікалай Аўтуховіч падтрымліваў у Ваўкавыску дэмакратычныя арганізацыі і сам удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе.

“Нельга казаць, як некаторыя, што ён ніякі не палітык. Раз ён у 2004 годзе супрацьпаставіў сябе гэтай сыстэме, то ўжо ўсё. У нас калі чалавек хаця б адзіны раз сябе супрацьпаставіў сыстэме, ён ужо ўладай разглядаецца як патэнцыйны вораг. Таму такіх аргумэнтаў я не ўспрымаю, што ён не палітык, а чысты прадпрымальнік”.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам па адной справе праходзяць прадпрымальнік з Ваўкавыску Юры Лявонаў і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка. Іх таксама ўжо болей за 3 месяцы трымаюць у менскім сьледчым ізалятары. Сваякі і адвакаты арыштаваных кажуць, што сьледчых дзеяньняў зь іх удзелам даўно не вядзецца.



Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага, яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Справу вядуць гарадзенскія міліцыянты, якія адмаўляюцца ад кантактаў з журналістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG