Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва па справе Аўтуховіча працягнутае да 3 чэрвеня


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Заўтра спаўняецца месяц, як пачаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Ён дамагаецца спыненьня крымінальнага перасьледу альбо накіраваньня справы ў суд.

Як пачуваюцца Мікалай Аўтуховіч і ягоныя калегі?

Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя паплечнікі Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, знаходзіцца пад вартай у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Аўтуховіча, які амаль месяц галадуе на знак пратэсту, трымаюць у мэдычнай частцы ізалятара. Невядома, ці піша ён сваякам, бо кантакты зь імі абарваліся. Я пазваніў дзяжурнаму “Валадаркі” і спытаўся пра здароўе Мікалая Аўтуховіча:

“Ды не турбуйцеся, усё зь ім нармальна. Так, яго трымаюць у мэдычнай частцы. Наколькі ён схуднеў, мне невядома. Прыходзіце ў сераду да начальніка мэдчасткі і спытайце”, — адказаў дзяжурны сьледчага ізалятару.

Павал Сапелка
Між тым, паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся зь Мікалаем Аўтуховічам на мінулым тыдні, той быў вельмі слабы і казаў, што пачуваецца значна горш, чым цягам працяглай галадоўкі тры гады таму падчас першага арышту. Павал Сапелка тлумачыць рэдкія спатканьні з падабаронным “адсутнасьцю сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам”.

Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла паведаміла, што расьсьледаваньне справы працягнутае да 3 чэрвеня. Паводле Людмілы Асіпенкі, сьледчых дзеяньняў з удзелам яе бацькі даўно не вядзецца:

Мы абураныя і схіляемся да думкі, што ў сьледчых увогуле нічога няма і яны цягнуць час, каб хоць да нечага дакапацца.
“Абсалютна нічога не вядзецца. За гэты час не было ніякіх вочных ставак, нічога. На самым пачатку быў допыт, як толькі іх узялі, а потым усё. За гэтыя тры месяцы, мне падаецца, калі б у іх што было, яны маглі б нешта выставіць і давесьці справу да суду. Мы абураныя і схіляемся да думкі, што ў сьледчых увогуле нічога няма і яны цягнуць час, каб хоць да нечага дакапацца”.

Сьледчы Віталь Кухарчык, які вядзе справу Аўтуховіча, адмаўляецца камэнтаваць расьсьледаваньне. Нядаўна сьледчы зноў адмовіў Людміле Асіпенцы і яе сястры ў спатканьні з бацькам. “Прычыны адмовы сьледчы нават не патлумачыў, спаслаўся на тое, што ў яго ёсьць такое права”, — кажа Людміла Асіпенка.

15 траўня сваякі Лявонава, Асіпенкі і прадстаўнік Аўтуховіча — праваабаронца Алег Воўчак сустрэліся з кіраўніком місіі АБСЭ ў Беларусі Хансам-Ёханам Шмітам і праінфармавалі яго пра сытуацыю вакол Мікалая Аўтуховіча, ягонай галадоўкі і ўвогуле ваўкавыскай справы. Паводле Алега Воўчака, прадстаўнік АБСЭ выказаў вялікую заклапочанасьць станам здароўя Мікалая Аўтуховіча і запэўніў, што вядзе маніторынг сытуацыі.



Нагадаем, былы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага. Празь некалькі дзён міліцыя затрымала сяброў Аўтуховіча — прадпрымальніка Юрыя Лявонава і былога афіцэра Ўладзімера Асіпенку. Паводле сьледзтва, іх падазраюць у падрыхтоўцы падпалу дома супрацоўніка міліцыі, аднак за гэтае злачынства ўжо асуджаны чалавек, а гаспадар дома ніколі не выстаўляў прэтэнзій Аўтуховічу і ягоным сябрам Лявонаву і Асіпенку. Тыя лічаць, што іхную справу сфальшавалі, і кажуць пра палітычны перасьлед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG