Сярод нашых слухачоў ёсьць людзі, якія дзейнасьцю Радыё Свабода незадаволеныя. Чаму ў эфіры даецца слова тым, хто крытыкуе палітыку ўлады і непрыхільна выказваецца на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі? Дзеля чаго карэспандэнты бываюць у самых занядбаных і адсталых кутках Беларусі, калі можна паехаць ва ўзорна-паказальны калгас і паказаць заможных і шчасьлівых калгасьнікаў? Гэтыя ды іншыя пытаньні нярэдка гучаць у лістах, адрасаваных на “Свабоду”.
З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні слухач і апанэнт Казімір Нарковіч зь Берасьця ў сваім лісьце піша:
“Ва ўсіх вашых камэнтарах і праграмах — адзін чорны колер: на нашу Радзіму, на нашу ўладу, на нашага прэзыдэнта. Гэта — самая вялікая ваша памылка.
Чаму вы лічыце сваіх слухачоў дурнямі і абуваеце ўсіх у лапці? Як паслухаеш вандроўкі Зьмітра Бартосіка — дык можна падумаць, што ў нашых вёсках толькі п’янства, голад і абяздоленасьць. Ну, пашліце свайго Бартосіка ў вёскі Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы... Ці там ён ня ўбачыць разруху ды нэгатыў? Як захочаш знайсьці дрэннае — абавязкова знойдзеш у любой краіне.
А ў Злучаных Штатах Амэрыкі — што, вельмі цудоўнае жыцьцё і ёсьць свабода? Раскажыце нам, слухачам, як і за што там забіваюць невінаватых людзей проста ў школьных клясах, як звальняюць з працы, колькі там беспрацоўных, наркаманаў, п’яніц прыходзіцца ў разьліку на 1000 чалавек насельніцтва. І мы параўнаем, дзе больш.
Апошнім часам вы вельмі часта крытыкуеце зьніжэньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі, беспрацоўе, рост цэн. І абвінавачваеце ўладу. А чаму не гаворыце праўду — што ў гэтым абвале і крызісе вінаваты вашы спонсары — амэрыканцы? Гэта яны абвалілі ўвесь сьвет”.
У сваім лісьце Казімір Нарковіч зь Берасьця таксама выказваецца наконт апанэнтаў улады і дае асабістыя характарыстыкі прэзыдэнту Лукашэнку. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:
“Вы шмат гаворыце аб палітвязьнях, ахвярах рэжыму. А насамрэч гэта добра праплачаныя асобы, якім усё роўна што крычаць, што пісаць і якія плакаты несьці.
Я не лічу нашага прэзыдэнта ідэальным дыпляматам, пасьлядоўным гаспадаром. Ён яшчэ вельмі малады, каб мець усе рысы ідэалу. Але ён добра і шмат працуе, стараецца — і выцягне нашу краіну з крызісу. Некалькі разоў, калі ён прыяжджаў у Брэст, я падыходзіў і казаў яму: “Аляксандар Рыгоравіч, менш крычыце, менш хваліцеся. Вы стараецеся, працуеце, шмат дабра робіце — але менш аб гэтым гаварыце”.
Пётар Першы таксама быў далёка не ідэальным царом, але вывеў Расею наперад — і народ дараваў яму дрэннае і ўславіў яго на вякі за тое добрае, мудрае і геніяльнае, што ён даў Расеі”.
Сапраўды, спадар Нарковіч, і ў Злучаных Штатах, і ў Польшчы, і ў Літве ёсьць праблемы са злачыннасьцю, наркаманіяй і п’янствам, можна знайсьці занядбаныя фэрмы і сустрэць жабракоў на вуліцах. І ў вёсках там ня ўсе фэрмэры пасьпяховыя і ня ўсе людзі задаволеныя сваім жыцьцём. Розьніца паміж усімі пералічанымі вамі краінамі і Беларусьсю — тая, што і ў ЗША, і ў Польшчы, і ў Літве пра гэта адкрыта гавораць, пішуць, абмяркоўваюць на радыё і тэлебачаньні, выходзяць з пратэстамі на вуліцы. А ў Беларусі гэтая тэма і для падкантрольных уладзе мэдыяў, і ўвогуле для адкрытых грамадзкіх дыскусіяў фактычна пад забаронай. Па беларускім тэлебачаньні паказваюць вёску заможнай, дагледжанай, гаспадарлівай. А ў рэальнасьці яна далёка не заўсёды такая. І, заўважце, ні амэрыканскія, ні польскія фэрмэры не імкнуцца перасяліцца ў гэтую заможную і задаволеную беларускую вёску. Міграцыйныя патокі — аднабаковыя, імкнуцца якраз у супрацьлеглым кірунку. Так што адказ на пытаньне пра тое, дзе вышэйшы ўзровень эканомікі і якасьці жыцьця, для людзей відавочны.
Вось гэтую функцыю праўдзівага люстэрка, якога так нестае сёньняшняй Беларусі, Радыё Свабода і выконвае.
Пра тое, як мяняецца ва ўмовах крызісу жыцьцё людзей сталага веку, пэнсіянэраў, разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва. Слухачка піша:
“Сёньня назірала, як на вуліцы недалёка ад мяне пасьлізнулася і ўпала пажылая жанчына. Я падышла, дапамагла ёй падняцца, спыталася: “Чаму ідзяце пехатой, а ня едзеце аўтобусам?” Яна адказала: “На праезд няма грошай. Да пэнсіі яшчэ далёка, а ў кішэні — толькі сем тысяч”. Ёй 78 год. Хацела пехам дайсьці да крамы “ЭўраОпт”: там прадукты крыху таньнейшыя.
У мяне на вачах зьявіліся сьлёзы. У той час як пажылыя людзі, пазбаўленыя льготаў, вымушаныя эканоміць на гарадзкім транспарце, Лукашэнка, як хлопчык-падлетак, з кайфам катаецца з гор то ў Сэрбіі, то ў Армэніі. А хто ж будзе думаць пра старых ды нямоглых, пра тое, як выбірацца з гэтай ямы, у якую мы ўсё глыбей улазім? Можа, Трусаў, Патупа ды іншыя? За час крызісу няблага было б нам пазбавіцца ад усіх трутняў, якія абселі Беларусь, а карысьці ад іх няма ніякай”.
На працягу мінулых пятнаццаці год менавіта пэнсіянэры былі сацыяльным апірышчам цяперашняй улады, дапамагалі ёй атрымліваць перамогу на шматлікіх рэфэрэндумах і выбарах, заўсёды былі ў першых шэрагах тых, хто паводле загаду зьверху паслухмяна галасаваў датэрмінова, засядаў у выбарчых камісіях, забясьпечваў і яўку, і пажаданы для ўлады “працэнт”.
Сапраўды, жыцьцёвыя ўмовы беларускіх пэнсіянэраў на працягу апошняга году імкліва зьмяняюцца — і зусім ня ў лепшы бок. Але ці адбілася гэта на іх грамадзянскай пазыцыі, стаўленьні да ўлады — пытаньне спрэчнае. Зразумела, тут не выпадае абагульняць і крыўдзіць грамадзка актыўных пэнсіянэраў-дэмакратаў, але ўсё ж даводзіцца прызнаць, што яны сярод сваіх равесьнікаў — у меншасьці.
Пра вясновыя зямельныя клопаты вясковых людзей паведамляе наш даўні слухач Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. У сваім лісьце слухач піша:
“Пачаўся чарговы сэзон замацаваньня за вясковым насельніцтвам карыснай зямельнай плошчы. Зарасьнікі, сьметнікі ды быльнёг у замер прылеглых да ўчастку тэрыторыяў звычайна не ўваходзяць. Але калі ты, гаспадар, бясплатна, уласнай працай акультурыў гэту нічыйную занядбаную зямлю — то ў такіх выпадках заплянавана спагнаньне платы.
Я мяркую так: пакуль існуюць савецкія вёскі — датуль будуць у іх сьметнікі, зарасьнікі ды быльнёг. І несправядліва браць плату з сапраўдных гаспадароў”.
Увогуле, спадар Бельскі, і Зямельны кодэкс, і падаткі за карыстаньне зямлёй павінны быць аднолькавымі для ўсіх — незалежна ад таго, хто гэтую зямлю апрацоўвае: дбайны гаспадар ці гультай. Іншая справа, што ў большасьці абязьлюдзелых беларускіх вёсак колішняя ворыўная зямля сапраўды ператварылася ў зарасьнікі і няўдобіцы. Ніякіх падаткаў дзяржава за яе спагнаць ня можа: зямля не апрацоўваецца, гаспадара ў яе няма. І калі знаходзіцца руплівы чалавек, які можа і хоча ажывіць гэты занядбаны ўчастак, то чыноўнікі нават у межах дзейнага заканадаўства здольныя зрабіць так, каб заахвоціць яго да гэтай справы, а не запалохваць падаткамі ды плацяжамі.
На заканчэньне — новы вершавана-публіцыстычны твор, які мы атрымалі ад Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада. Слухач разважае пра тое, што яго вельмі турбуе — пра дэкляраванае ў Беларусі дзьвюхмоўе, якое на практыцы азначае татальную русыфікацыю ўсяго грамадзкага жыцьця.
“Гэтая тэма зьнікне толькі тады, калі наша Радзіма стане сапраўды вольнай і незалежнай”,— піша слухач. І падмацоўвае свае высновы наступнымі вершаванымі радкамі:
“Ён мне кажа: “С праздником!”,
А я яму — “Са сьвятам!”
І ўсё гэта шчыра ў нас
З рускамоўным братам.
Мяне ён разумее,
І я яго таксама.
І ўсё было б няблага,
Каб не дзікунства хама.
Услых ён абражае
Мяне і маю мову
І ўладна замінае
На ёй вясьці размову.
Таму цяпер службоўцы,
Усе, хто ад улады,
Ўсё робяць, як ён хоча,
Каб не зьляцець з пасады”.
Усё так, спадар Фэлікс, усё слушна. Вось толькі той, каго вы называеце хамам — ён ня толькі пэрсаніфікаваны ў нейкай вонкавай уладнай сіле, ён яшчэ — і ўнутры нас, беларусаў. І перамагчы гэтага хама ўнутры сябе, выглядае, нашмат больш важна і складана, чым дамагчыся зьмены стаўленьня да моўнай праблемы з боку чыноўнікаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by