На сёньня найбольшая колькасьць фэрмэрскіх гаспадарак сярод рэгіёнаў Беларусі на Меншчыне — 450. На Берасьцейшчыне і на Віцебшчыне блізу гэтага. Ва ўсіх іншых рэгіёнах — па 200 і нават менш такіх гаспадарак.
Дырэктар Менскай абласной асацыяцыі фэрмэраў Мікалай Кавалёў інфармуе:
“Зараз вось рэгіструем пяць новых фэрмэрскіх гаспадарак і я асабіста ў гэтым удзельнічаю, дапамагаю. Зямлі ў сярэднім на адну фэрмэрскую гаспадарку прыпадае па 42,7 гектара. Калі параўноўваць, напрыклад, з 2000-м годам, то назіраецца рост. Тады гэты паказчык быў 28 гектараў”.
Мікалай Кавалёў цьвердзіць, што дзяржава заахвочвае разьвіцьцё фэрмэрства:
“У мінулым годзе 25 трактароў былі выдаткаваны фэрмэрам па лізінгу. Атрымалі таксама 5 аўтамабіляў МАЗ з прычэпамі. Такія аўтапаязды для фэрмэраў вельмі патрэбныя. Яшчэ былі пастаўкі мінэральных угнаеньняў. З гаручым ёсьць зрухі”.
Гэты год для фэрмэраў абцяжараны фінансавым крызісам
Далей у інтэрвію для Радыё Свабода Мікалай Кавалёў прызнаў, што цяперашні фінансавы крызіс пагоршыў эканамічнае становішча фэрмэраў са сталічнага рэгіёну:
“У фэрмэраў праблемы большыя нават, чым у звычайных сельгасвытворцаў. Перадусім у атрыманьні крэдытаў. Асабліва цяжка ў гэты год, які абцяжараны фінансавым крызісам. Справа ў тым, што крэдытныя рэсурсы ў цэлым у Беларусі сталі абмежаваныя. Таму ёсьць праблемы...”.
Гаварыў дырэктар Менскай абласной асацыяцыі фэрмэраў Мікалай Кавалёў. Зьвернемся да больш канкрэтных прыкладаў працы фэрмэраў у рэгіёнах.
ГОРАДНЯ
Фэрмэры на Гарадзеншчыне змагаюцца з крызісам самастойна, без падтрымкі з боку дзяржавы, спадзеючыся толькі на свае магчымасьці. Пра тое, як ім гэта ўдаецца, даведваўся Міхал Карневіч.
Эдвард Міцкевіч зь вёскі Малыя Канюшаны Лідзкага раёну мае 36 гектараў зямлі і ўжо 10 гадоў займаецца фэрмэрствам. Вырошчвае зерне, бульбу, гародніну.
“Так цяжка, як цяпер, ніколі не было”
Зь яго слоў, з кожным годам працаваць на зямлі становіцца цяжэй, але так, як цяпер, ніколі не было. Асноўная праблема ў тым, што зараз пакупнікі ягонай прадукцыі (дзяржаўныя крамы, санаторыі, іншыя ўстановы) ня могуць своечасова зь ім разьлічыцца.
Спадар Міцкевіч наагул лічыць, што дзяржаўная палітыка не скіравана на падтрымку фэрмэра.
Міцкевіч: “Палітыка нашага ўраду да людзей, якія працуюць на зямлі, не такая, якая павінна была быць. Ніякай дапамогі ад дзяржавы няма: ні крэдытаў ільготных, нічога. На паперы пішуць, што ўсё для чалавека, а на справе — зусім інакш. Калі свае грошы маеш, то яшчэ нешта набудзеш, а не — дык нічога”.
Спадар Эдвард распавядае, што зьвяртаўся летась па крэдыт, каб набыць новую тэхніку, але так і не атрымаў, бо ўвесь час знаходзілі прычыну, каб ня даць.
Летась зь бюджэту краіны выдзелілі дапамогу фэрмэрам на набыцьцё паліва па льготных коштах, а ва Ўпраўленьні сельскай гаспадаркі Лідзкага райвыканкаму, са слоў фэрмэра, пра гэта прамаўчалі.
Зараз, каб прадаць сваю прадукцыю ў Лідзкім раёне, складана заключыць кантракт, бо ёсьць дзяржаўны манапаліст.
Яны дыктуюць сваю цану, нягледзячы на якасьць прадукцыі, і ніхто нічога ня можа нават запярэчыць. ...
Міцкевіч: “Толькі “Мажэйкава” можа заключаць з усімі дамовы, а фэрмэрам нельга. Яны дыктуюць сваю цану, нягледзячы на якасьць прадукцыі, і ніхто нічога ня можа нават запярэчыць. З фэрмэрам дамову заключыць ніхто ня можа, бо калі даведаюцца ў райвыканкаме, будзе бяда. Няма ніякай канкурэнцыі. Як было пры партыі, так і засталося”.
У Бераставіцкім раёне тры фэрмэры скаапэраваліся, каб разьвіваць сваю дзейнасьць. Акрамя таго, што вырошчваюць зерне і гародніну, яны заняліся яшчэ грузаперавозкамі.
Але, як кажа бухгальтар гаспадаркі Марыя Карпуць, крызіс перашкодзіў іхнім плянам.
“Перавозкі ў параўнаньні зь мінулым годам зьнізіліся на адсоткаў 40. Атрымліваецца, што зараз, калі мы робім нейкі рэйс, то на разьвіцьцё нам застаецца 100—200 даляраў. Гэта амаль нічога”.
Спадарыня Карпуць кажа, што ня ведае, як будзе далей, бо дзяржава не зьвяртае на іх увагі, спадзявацца даводзіцца толькі на сябе. А я запытаўся — ці акупляецца іх праца зараз?
Карпуць: “Не, не акупляецца. Калі ўсё падлічыць, атрымліваецца, што мы нічога не выйграем. На разьвіцьцё гаспадаркі, асабліва зь мінулага году — і мы гэта адчулі — застаецца практычна нуль. Вось толькі трымаемся на плыву”.
ГОМЕЛЬ
Вядомы ў краіне фэрмэр Міхаіл Шруб з Турава перакананы, што рэнтабэльнасьць гародніны, вырошчваньнем якой займаюцца многія фэрмэрскія гаспадаркі, сёлета зьнізіцца як мінімум у 2 разы.
Ужо сёньня цэны на гародніну з прычыны падзеньня платаздольнасьці і насельніцтва, і суб’ектаў гаспадараньня істотна ўпалі:
“Значна скараціўся платаздольны попыт на прадукцыю ў тых, хто рэалізуе гародніну й непасрэдна зьвязаны з пакупнікамі. Рэальныя даходы насельніцтва зьменшыліся як мінімум на 30 працэнтаў.
Але падзеньне коштаў абумоўлена ня толькі крызысам, яно яшчэ й каньюнктурнае. Часьцяком цэны на гародніну вагаюцца ў залежнасьці ад ураджаю ці неўраджаю, сытуацыі на сусьветных рынках. Зараз адно на другое наклалася — і мы маем даволі значнае падзеньне цэнаў”.
Фэрмэр упершыню не павысіў заробак
У Міхаіла Шруба фэрмэрская гаспадарка шматпрофільная. Нядаўна ён пабудаваў у Хільчыцах сьвінагадоўчы комплекс, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя эўрапейскія тэхналёгіі. Аднак вырошчваньне гародніны па-ранейшаму займае істотнае месца ў дзейнасьці гаспадаркі.
Фэрмэр кажа, што сёлета яму было больш складана запрашаць людзей з боку на сэзонную працу, зьвязаную з вырошчваньнем гародніны. Упершыню сёлетняй вясной гаспадарка не падвышала плату:
“Стала цяжэй. У нас тут, праўда, і мясцовыя ўмовы ўплываюць. Усюды трымаюць парнікі — калегаў у мяне нямала. І попыт на працоўную сілу, як паказаў красавік, рэзка ўзрастае. Таму й складаней стала. Ды яшчэ псыхалягічны момант паўплываў. Людзі прывыклі, што мы кожны год прыбаўлялі заробак. Сёлета гэтага не рабілі, бо, натуральна, ня можам. Таму былі некаторыя складанасьці з найманьнем людзей. Але сказаць, што ў нас шмат цяпер вольных рук, таксама не магу. Адны ідуць да нас, іншыя — у Альшаны ў суседні раён альбо проста працуюць у якога-небудзь дзядзькі ў парніку”.
ВІЦЕБСК
Сям’я вядомай на Віцебшчыне грамадзкай актывісткі Ады Райчонак таксама трымае фэрмэрскую гаспадарку. Гэта 60 гектараў зямлі ў ваколіцах вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну. Райчонкі вырошчваюць збожжавыя, гародніну, трымаюць бычкоў, кароў і сьвіней.
Але вялікага прыбытку з фэрмэрства, паводле спадарыні Ады, цяпер няма:
“Толькі што сабе ўсё ёсьць: мяса, малако, гародніна А так — людзям заплаціць трэба, запчасткі дарагія, насеньне дарагое, угнаеньні таксама. Каб ня сын, я, апрача курачак, нічога б не трымала. А дзе сыну працу знайсьці? Недзе працаваць трэба”.
Фэрмэры скарачаюць гаспадарку
З аднаго боку, на вёсцы знайсьці працу цяжка, а з другога — працаваць няма каму. Паводле Алега Райчонка, мужа спадарыні Ады, стала працуюць у іхнай фэрмэрскай гаспадарцы толькі сын ды наняты мясцовы мэханізатар: нават на сэзонныя працы знайсьці людзей праблематычна.
з маладых толькі такія жанчыны, што алькаголь ужываюць, боўтаюцца па вёсцы ...
“Бывае, трэба людзі на праполку ці бульбу садзіць. Раней былі такія бабулькі старыя, цяпер яны паўміралі. А засталіся з маладых толькі такія жанчыны, што алькаголь ужываюць, боўтаюцца па вёсцы. Калі за імі кантроль, хадзіць ды сачыць, дык будуць рабіць. А так — шалтай-балтай”.
“Як восень, дык гібеем разам з гэтымі п’яніцамі на полі. Толькі адвярнуся — яна тут жа з рыла і пацягнуць віно! А дзе ім яшчэ зарабляць — мы зь імі ў той самы дзень разьлічваемся. Добра, што яны хоць гэткія ёсьць!” — дадае Ада Райчонак.
Калі зьявіліся цяжкасьці з найманьнем сумленных працаўнікоў, давялося адмовіцца ад вырошчваньня гародніны — буракоў, морквы, бо гэта патрабуе шмат ручной працы. Затое галава фэрмэрскай гаспадаркі Алег Райчонак вырашыў набыць сеялку, узяўшы крэдыт:
“Ай, я быў ня рады ўжо, што ўзяў! Я месяц хадзіў, зьбіраў дакумэнты па кабінэтах. Гэта толькі кажуць — “адно вакно”, а мне толькі ў Віцебск прыйшлося разы тры зьезьдзіць! А колькі ўжо разоў у райвыканкам хадзіў! Лепш ня зьвязвацца з гэтымі крэдытамі”.
Сям’я Райчонкаў прадае вырашчанае збожжа Глыбоцкаму мелькамбінату, гародніну возяць у Полацак. А вось фэрмэры з усходняй Віцебшчыны лічаць за лепшае завезьці сваю прадукцыю ў Расею. Паводле фэрмэра Адама Сапежкі з Воршы, так лягчэй адолець наступствы крызісу:
“Калі здаеш на нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, то яны банкруты поўныя, і паўстаюць праблемы з аплатай. Тады можна ўзяць даведку, што прадукцыя ад прыватнай асобы, а ня з фэрмэрскай гаспадаркі. У такім выпадку з табой абавязаны разьлічыцца цягам месяца, інакш — крымінальная справа. А фэрмэру можна не плаціць хоць тры гады! Таму нашы фэрмэры вязуць свой ураджай у Смаленск, там усё бяруць, і аплата на траціну большая, а то і ў два разы!”
Паводле Адама Сапежкі, беларуская дзяржава станам фэрмэрства цікавіцца мала. Ён згадвае, як 17 год таму, калі браў у карыстаньне першыя два гектары зямлі, у райвыканкамах нават ладзілі сходы па абмеркаваньні праблем фэрмэрскіх гаспадарак. Такога даўно няма, хаця падобная практыка існуе ў замежжы — там фэрмэрам спрыяюць і са збытам прадукцыі, і з набыцьцём тэхнікі. А ў нас, кажа спадар Сапежка, вялікі ўраджай у гаспадарцы спараджае толькі яшчэ большыя праблемы.