Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцназавец: Пагромшчыкаў Дома ўраду не затрымлівалі, бо так трэба было


У Партызанскім раённым судзе Менску працягваецца крымінальны працэс супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня мінулага году, і яшчэ чатырох удзельнікаў акцыі пратэсту супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў: Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Саньнікаву пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, астатнім – да 8.

Суды за Плошчу

У судовай залі дапыталі 8 з 29 байцоў менскага спэцназу, прызнаных пацярпелымі пасьля разгону дэманстрацыі апазыцыі 19 сьнежня мінулага году. Чамусьці большасьць пабітых спэцназаўцаў раптоўна 26 красавіка пайшлі ў адпачынак за 2011 год. Суд палічыў гэта паважнай прычынай ігнараваньня імі позваў ды абмежаваўся зачытваньнем паказаньняў на папярэднім сьледзтве, напісаных амаль як пад капірку: маўляў, нёс службу, прыбыў на плошчу, удзельнічаў у разгоне, атрымаў удар ад невядомага ў калена ці галёнку, зьвярнуўся да лекараў. Пра сур'ёзныя пашкоджаньні не заявіў ніхто, як ніхто не абвінаваціў у гвалтоўных дзеяньнях пэрсанальна Андрэя Саньнікава ці іншых пасудных.

6 адвакатаў актыўна распытвалі пацярпелых міліцыянтаў пра падрабязнасьці іх службы 19 сьнежня. 8 супрацоўнікаў спэцназу, якія выступілі на працэсе, адмоўчваліся на пытаньні пра сваю ролю ў зьбіцьці дэманстрантаў. Затое ўсе заявілі, што ня бачылі на плошчы кавалкаў арматуры, каністраў з запальнай сумесьсю, якія пазьней нібыта знайшлі там сьледчыя.

Фёдар Мірзаянаў
Актыўна бараніўся на працэсе Фёдар Мірзаянаў. Ён спытаў у пацярпелага спэцназаўца Дзьмітрыя Скарахода: "Чаму вы не затрымалі тых людзей, якія білі шкло ў Доме ўраду? Той прагаварыўся: "Існуе пэўная тактыка. Так трэба было".

Палітык Юры Хадыка быў вельмі ўражаны выступамі пабітых міліцыянтаў:

"Уразіла тое, што як толькі яны далі абвінавачвальныя паказаньні, адразу пачалі расьці па службе. Да сьнежня ён займаў адну пасаду, у лютым даў паказаньні як пацярпелы супраць арыштаваных, а ў красавіку атрымаў падвышэньне па службе… З тых уражаньняў, якія выклікаюць сапраўднае хваляваньне, – гэта вельмі змучаны выгляд Андрэя Саньнікава".
Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў сёньня на працэсе амаль не выступаў. Запомнілася толькі тое, што калі спэцназавец Лушчык распавёў, як невядомы моцна стукнуў яго ў ягадзіцу, пасьля чаго той адбыў чатыры дні ў шпіталі і ня мог самастойна хадзіць, спадар Саньнікаў сказаў, што ў яго няма пытаньняў да Лушчыка, а ёсьць шкадаваньне.

Люцына Бяльзацкая
Цешча Андрэя Саньнікава Люцына Бяльзацкая кажа, што справядлівага прысуду не чакае:

"Робяць выгляд, што ўсё ў працэсе ідзе правільна, аб'ектыўна. Але калі будзе прысуд, то будзе, як у Бандарэнкі… Што скажа самы вялікі начальнік, тое і будзе".

Люцына Бяльзацкая кажа, што жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, якая застаецца пад хатнім арыштам за Плошчу, учора ўпершыню за чатыры месяцы ўбачыла па тэлебачаньні "Эўраньюс" свайго мужа – у судовай клетцы. А іх трохгадоваму сыну Даніку па-ранейшаму кажуць, што тата ў камандзіроўцы.

Маці падсуднага Фёдара Мірзаянава Людміла задаволеная, як годна і ўпэўнена выглядаў на працэсе яе сын. Але на справядлівы вырак і яна не спадзяецца:

Ільля Васілевіч папрасіў на суд белую кашулю. У белым, вы ведаеце, калісьці ішлі на сьмерць…
"Я ня веру ў справядлівасьць суду, муж ня верыць, усе блізкія ня вераць, таму што ўсе ранейшыя суды былі не судамі, а судзілішчамі. Проста рэалізуецца канцэпцыя, спушчаная зьверху – даказаць, што была спроба перавароту. Насамрэч гэта была мірная акцыя".

Людміла Мірзаянава кажа, што заўважыла шмат супярэчнасьцяў у сёньняшніх паказаньнях байцоў спэцназу, а таксама незацікаўленасьць суду высьветліць, што рабіла 19 сьнежня міліцыя.

Ільля Васілевіч
Людміла Мірзаянава зазначыла, што ўбачыла ў судзе, якія падсудныя схуднелыя, стомленыя – ад кепскіх умоваў у турме і ад несправядлівасьці:

"Ільля Васілевіч папрасіў на суд белую кашулю. У белым, вы ведаеце, калісьці ішлі на сьмерць… Усяго вязьням на месяц даецца магчымасьць перадачы ў 30 кіляграм. Гэтыя 30 кіляграм былі выкарыстаныя, заставалася сто грам. Кашуля заважыла 200 грамаў. Мы абышлі ўсе інстанцыі ў СІЗА на Валадарскага зь ягонай сястрою, і гэтую белую кашулю не прынялі".

На лаве падсудных:

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў,
Ільля Васілевіч,
Алег Гнедчык,
Фёдар Мірзаянаў,
Уладзімер Яроменак
.

Адвакаты:

Саньнікава — Варвашэвіч і Кавалеўская,
Васілевіча — Белая,
Мірзаянава — Галіеў,
Гнедчыка — Іванова.

Справу разглядае судзьзя Натальля Чацьвертакова.

Дзяржаўны абвінаваўца — Загорскі.

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG