Магілёўскія гандлёвыя аб’яднаньні “АРМА” і “Восход” прадаюць 17 крамаў. Прадстаўнік адміністрацыі “Восхода” тлумачаць продаж стратнасьцю:
“Мы пазбаўляемся перадусім ад невялікіх крамаў, у якіх пэрспэктываў стаць прыбытковымі няма. Па “АРМе” прадаецца 7 крамаў, па “Восходу” — 10. Стратныя крамы, нефарматныя. Мы пераводзім усе крамы на 100-працэнтнае самаабслугоўваньне. Навошта туды столькі грошай укладаць, каб множыць страты? Камэрсанты іх купяць і зробяць нешта, што будзе прыбыткова”.
Паводле суразмоўцы, продаж крамаў узгоднены з гарвыканкамам. Большую частку крамаў гатовае набыць дзяржаўнае аб’яднаньне “Белсаюзспажыў”.
Бальшыня акцыяў гандлёвых аб’яднаньняў “АРМА” і “Восход” належыць дзяржаве. Гаворыць старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская:
“Гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, яны заўжды былі больш інэртнымі. Ім цяжка разьвярнуцца, падладзіцца пад патрабаваньні рынку. Ім цяжэй скласьці канкурэнцыю прыватнікам. А народ цяпер глядзіць, дзе таньней, дзе лепей. Спажывецкая здольнасьць упала. Магчыма, яны банкрутуюць з-за сваёй інэртнасьці”.
З крамы “Крысьціна” — адной з выстаўленых на продаж аб’яднаньнем “АРМА” — гандляры ўжо вынесьлі абсталяваньне. Яна месьцілася на цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтру — Першамайскай. У ёй гараджане набывалі харчы каля двух дзясяткаў гадоў.
***
У Лідзкім раёне ў некаторых гаспадарках частку заробку людзі атрымліваюць прадуктамі. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, сёлета ў гаспадарках раёну натуральная форма аплаты дасягнула 12% ад агульнай сумы заробкаў. Галоўны бухгальтар гаспадаркі “Мажэйкава” Сьвятлана Радзевіч тлумачыць навацыю наступствамі крызісу:
“Прымусіла нас гэта рабіць тое, што, пачынаючы са студзеня па сакавік, прадукцыя ў нас не ішла і не хапала наяўных грошай, каб выплаціць заробак”.
Спадарыня Радзевіч дадае, што нікога з працаўнікоў не прымушаюць купляць менавіта ў калгасе, а папросту даюць людзям выбраць. Зь яе слоў, большасьць сялян карыстаюцца іхнымі паслугамі.
У мясцовай краме райспажыўсаюзу ўжо адчулі, што ў іх сталі меней купляць тавараў. Вось што сказала работніца крамы:
“Ведаеце, зараз саўгасная машына прыяжджае на плошчу перад крамай, і там усе тавары, як і ў краме. Яны нам гандаль канкрэтна падарвалі”.
Галоўная бухгальтарка гаспадаркі кажа, што пакуль ня ведае, як доўга яны будуць гандляваць такім чынам, але ўпэўненая: на нейкім этапе — гэта выхад са становішча:
“Мы ж нікога не прымушаем, кожны чалавек выбірае, дзе яму лепей. У нас атрымліваецца таньней, чым у крамах райспажыўсаюзу. У іх нацэнкі вышэйшыя”.
***
Бабруйскія ўлады ліквідавалі мясцовае прадпрыемства па азеляненьні гораду. Цяпер прыхарошваць горад будуць дарожнікі, бо гаспадарку зьліквідаванага “Зелянгасу” аб’ядналі з гаспадаркай дарожна-эксплюатацыйнага прадпрыемства.
Афіцыйнае тлумачэньне зьліцьця двух рознапрофільных прадпрыемстваў — эканомія сродкаў. Але вялікай радасьці ад аб’яднаньня ў дарожнікаў няма. Да іхнага паўтысячнага калектыву дадаліся яшчэ 300 чалавек зь “Зелянгасу”. Гаспадарка зьліквідаванага прадпрыемства ў заняпадзе і вымагае сур’ёзных фінансавых укладаньняў. Ва ўпраўленьні камунальнай гаспадаркі Бабруйску аб’яднаньне не камэнтуюць:
“Адбылася рэарганізацыя двух прадпрыемстваў, і атрымалася адно вялікае. Вось і ўсё. Я тут камэнтаваць нічога ня буду. Гэта рашэньне кіраўніцтва гораду. Мы яго выканалі”.
У зьліквідаваным “Зелянгасе” працаўнікі ў няпэўнасьці. Новае кіраўніцтва абяцае, што масавых звальненьняў ня будзе. Скароцяць толькі некаторыя пасады інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу, якія ўжо ёсьць у дарожнікаў.
Існуюць меркаваньні, што “Зелянгас” канчаткова заняпаў у выніку будаўніцтва ў Бабруйску лядовага палацу. Дадатковых сродкаў на пляцоўку вакол “Бабруйск-Арэны” не выдзялялася, а ўпарадкаваць яе патрабавалі — гэтым і спустошылі гаспадарку. Цяпер жа трэба забясьпечваць азеляненьне гораду на афіцыйныя ўрачыстасьці да Дня перамогі над фашызмам. Вось і аб’ядналі дзьве арганізацыі, то бок два бюджэты.
***
Дзейнасьць слонімскай грамадзкай арганізацыі “Дзіцячы хосьпіс паліятыўнай дапамогі дзецям” цярпіць ад нястачы сродкаў. Ахвяраваньняў падчас крызісу практычна ніхто ня робіць. Зараз дзіцячы хосьпіс апякуецца 14 дзеткамі ва ўзросьце ад 1,5 годзіка да 21 году. Як кажа старшыня грамадзкай арганізацыі Людміла Назарава, гэтыя дзеці — асаблівыя:
“У нас дзеткі самыя цяжкія з усяго Слонімскага раёну: тыя, што ня ходзяць самі, ляжачыя, тыя, якія зусім ніякія, з анкалёгіяй і ДЦП. Адным словам — самыя цяжкія”.
Месьціцца хосьпіс у асобным будынку. Тут няма ні гарачай вады, ні прыбіральні, а тэмпэратура паветра ў зімовыя месяцы не перасягае 16 градусаў. Ніякіх ільготаў па аплаце камунальных паслуг арганізацыя ня мае. Калі валянтэры хосьпісу працуюць задарма, то пасады бухгальтара, псыхоляга, лекара трэба аплочваць, але зараз на гэта зусім няма сродкаў.
Бацька хлопчыка, якім апякуецца хосьпіс, распавядае, што дзяржава такім дзецям дапамагае толькі да 18 гадоў. І то, зь яго слоў, пасьля таго як забралі льготы, гэтая дапамога амаль не адчуваецца.
“Яны і адзеньнем дапамагаюць, і трэнажоры дарылі, і пампэрсы даюць, і розныя ранішнікі праводзяць для дзяцей, і грашыма, калі ёсьць, дапамагаюць, некаторым пральныя машыны падаравалі. Ад іх ідзе вялікая дапамога”.
Спадар Васіль дадае, што людзі, якія жывуць навокал, відавочна спачуваюць хворым дзецям, але дапамогі канкрэтнай ніхто ніколі не аказваў.
***
У Баранавічах, паводле афіцыйнай статыстыкі за першы квартал, колькасьць стратных прадпрыемстваў перавысіла 1/3 ад усіх дзеючых. У выніку бюджэт недаатрымаў мільярды рублёў. У эканамічны крызіс у Баранавічах перасталі прыносіць прыбытак амаль тры дзясяткі яшчэ нядаўна адносна моцных заводаў і фабрык. Сярод іх — аўтаагрэгатны завод. Пра прычыны спаду вытворчасьці расказаў галоўны эканаміст прадпрыемства Сяргей Станкевіч:
“Зьніжэньне аб’ёму паставак на МАЗ — на 52,7%. Мы пастаўлялі 67% прадукцыі на МАЗ. Сёньня гэты аб’ём замяніць за некалькі месяцаў ні практычна, ні тэарэтычна немагчыма. Наш завод жорстка прывязаны да зборачнага канвэера МАЗу. Каму гэтыя МАЗы патрэбны?! Сёньня спыніліся КАМАЗ, ПАЗ, ГАЗ, Мэрсэдэс”.
Сяргей Станкевіч удакладняе, што праз скарачэньні працоўнага дня істотна зьмяншаюцца заробкі:
“У верасьні яны былі мільён дваццаць. А сёньня — пяцьсот сорак. Гэта амаль у два разы”.
Тэкстыльшчыкі Баранавіцкага баваўнянага камбінату атрымліваюць яшчэ менш — ад 200 да 400 тысяч рублёў. І камбінат працуе ў асноўным на склад.
Пры гэтым кіраўнікі многіх прадпрыемстваў хаваюць інфармацыю пра падзеньне паказчыкаў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, зьніжэньне рэнтабэльнасьці баранавіцкіх прадпрыемстваў суправаджаецца ростам запасаў прадукцыі на іхніх складах.
***
Напярэдадні 9 траўня дзяржаўныя СМІ прапагандуюць, як цяперашняя ўлада клапоціцца пра матэрыяльны дабрабыт вэтэранаў. Аднак мінае ўжо другі год, як у старых людзей забралі льготы, а крызіс яшчэ больш абцяжарыў іх жыцьцё. Пра сваю нястачу кажуць жыхары Гарадзеншчыны.
Мікалай Ракевіч са Слоніма мае 52 гады стажу і атрымлівае пэнсіі 420 тысяч рублёў. Ён лічыць, што дзяржава ніколі ня дбала пра звычайнага чалавека, і гэтыя льготы таксама адабрала. Са слоў спадара Ракевіча, ён тымі льготамі не карыстаўся, але страту некаторых зь іх адразу адчуў на ўласнай кішэні:
“У гарадзкім транспарце гэта адчуваецца, бо ўсё ж 50% — значна набягае. Лекі калі набываеш, таксама. У мяне ж было 50% ад кошту, а прэзыдэнт узяў і адмяніў, і нічога ня зробіш. А лекі купляць даводзіцца”.
Яшчэ адна суразмоўніца, Зінаіда Рудкоўская са Смаргоні, ад 1954 году да 2003-га адпрацавала настаўніцай у школе. Муж у яе памёр, старэйшы сын загінуў у самалёце, а малодшы сканаў ад чарнобыльскіх хваробаў. Разам з унучкай яна атрымлівае адну пэнсію за свайго сына.
“Што я магу дазволіць з пэнсіі? Купіць булачку, хлеб купіць — вось і ўсё. Паехаць, зразумела, нікуды не магу. Пакуль да мяне ніхто не прыходзіць. Праўда, адзін раз памылі вокны. А так — жыву...”
Спадарыня Рудкоўская кажа, што некаторыя льготы па аплаце кватэры ў яе засталіся — як у інваліда. З таго, што плоціць дзяржава на старасьць, кажа спадарыня Зінаіда, не разжывесься. Ратуе, зь яе слоў, толькі тое, што побач ёсьць людзі, якія ня кідаюць.
***
Сусьветны фінансавы крызіс дабраўся да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Яе кіраўнік Аляксандар Зімоўскі прызнаўся: істотна зьнізіліся прыбыткі ад рэклямы, што адрэзанавала на прэміяльных выплатах супрацоўнікам. Апроч таго, пачынаючы з траўня, супрацоўнікі абавязаныя пяць дзён на месяц адпачываць сваім коштам. Такі радыкальны крок, як кажуць у кулюарах тэлевізійнікі, таксама выкліканы неабходнасьцю эканоміі сродкаў.
***
Адкарэктаваў эканамічны крызіс і пляны арганізатараў штогадовай аўтавыставы “Мотаршоў” у Менску, якая працуе з 6 да 10 траўня. Бальшыня дылераў вядомых аўтавытворцаў вырашылі адмовіцца ад удзелу ў імпрэзе, не хаваючы, што на дадзеным этапе разумней не раскідацца сродкамі, а пакінуць іх на разьвіцьцё фірмы. Трэба адзначыць, што выдаткі толькі на арэнду павільёнаў складаюць сама меней 50 тысяч даляраў, тым часам як гарантыі, што за гэты час будзе рэалізаваны хоць адзін аўтамабіль, няма ніякай.