– Вось ужо чацьверты тыдзень працягвае сваю галадоўку Мікалай Аўтуховіч. Я пільна назіраю за рэакцыяй грамадзтва, апазыцыі, улады і міжнароднай супольнасьці.
Сяргей Скрабец нарадзіўся ў Лідзе, яму 46 гадоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”. У 2007-2008 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускай сацыял дэмакратычнай Грамады – абіраўся сябрам Цэнтральнай Рады, кіраваў сталічнай суполкай, працаваў першым намесьнікам старшыні партыі. Ад сёлетняга сакавіка Сяргей Скрабец зьяўляецца старшынёй Цэнтральнага Аргкамітэту БСДП(С) – Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”. |
Параўноўваю гэтую акцыю з папярэднімі, якія ўжо вось 15 гадоў няспынна адбываюцца ў Беларусі. Усе іх аб’ядноўвае жаданьне людзей адстаяць свае правы, нешта памяняць ў жыцьці.
І ўсе гэтыя галадоўкі натыкаюцца на халоднае раўнадушша нашага грамадзтва, нашай улады і ва многім – нашай апазыцыі. Замежную супольнасьць папракаць складана: не яе віна, што Беларусь ужо 15 гадоў пад ботам дыктатара.
Можна згадаць пра ўкрыжаваньне Хрыста і двух разбойнікаў, якое праходзіла пры маўклівай згодзе асноўнай масы жыхароў тагачаснага Іерусаліму. Бо Хрыстос крытыкаваў менавіта ўладу. І за тое Яго прыгаварылі да жахлівай сьмерці. Гэта было пакараньне за іншадумства…
Каб зараз Ён зьявіўся ў Беларусі, упэўнены, умомант быў бы абвешчаны ворагам народу, бо меў свой, адрозны ад афіцыйнага, погляд на жыцьцё. І з гэтакай самай «іерусалімскай» цікаўнасьцю глядзеў бы на тое наш народ…
Згадваю таксама паўстаньне шасьці тысячаў рабоў пад кіраўніцтвам Спартака, іншыя гістарычныя факты…
Дзеля чаго?
Каб засьведчыць памылку беларускага соцыюму, дзе чамусьці лічыцца так: калі чалавек пачаў галадоўку (барацьбу з уладай) і пры гэтым не памёр, дык бунтар прайграў, бо ня змог дайсьці да канца.
Аднак мы бачым на прыкладзе Яны Паляковай, якая сьмерцю сваёй кінула выклік дыктатуры, што і пасьля трагічнага фіналу нічога не адбылося. Ня выйшлі на вуліцы дзясяткі тысяч абураных людзей. Не былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па факце давядзеньня да самазабойства. І народ, і ўлада змаўчалі. Як і зараз маўчаць СМІЮ, чыноўнікі і праваабаронцы…
Ну, уладу зразумець можна: яна панічна баіцца любога найменшага грамадзкага абурэньня. Таму штодзённа дзясяткі машын з АМАПам дзяжураць каля Кастрычніцкай плошчы – запугіваюць дэмакратычных актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць галадоўку Аўтуховіча.
Аднак зразумець палітыкаў, што прыйшлі да ўлады дзякуючы дэмакратычным працэдурам і каштоўнасьцям – вельмі цяжка.
Таму непрыемна было назіраць і за сустрэчай Юшчанкі з Лукашэнкам. Адзін апраўдываўся перад дэмакратычнай Украінай за тое, што яму даводзіцца сустракацца з дыктатарам у сувязі з крызісам. Другі апраўдываўвся перад Расеяй, што ён сябруе зь Юшчанкам не на шкоду для Крамля.
Гэтаксама непрыемна было назіраць за сустрэчай Лукашэнкі з царкоўнымі гіерархамі. І не таму, што ён «праваслаўны атэіст» і ня верыць у Бога. Рэч у інышым: праз падтрымку Лукашэнкі – і Папа Рымскі, і Мітрапаліты Кірыл бяруць на сябе адказнасьць за палітычныя забойствы ў нашай краіне.
Сёньня ў Беларусі адбываецца старшэнны хаас – ня толькі ў галовах грамадзянаў, але і ў інстытутах улады: парлямэнце, судах, урадзе, уключна з адміністрацыяй на месцах. Татальнае апраўданьне: у нас за ўсё адказвае Лукашэнка. А гэта значыць – не адказвае ніхто. Бо Лукашэнка – непадсудны.
Кажучы бесьсмяротнымі словамі Эвонскага Барда: «Прэч, праклятае пятно! Прэч, кажу! Адзін, два, значыцца пара. У пекле цёмна. Сорамна, мілорд, сорамна! Воін, і раптам спужаўся! Чаго нам баяцца, ці ня ведае хто-небудзь, раз ніхто ня ў стане прыцягнуць нашу ўладу да адказу? Але хто мог бы падумаць, што ў старога так шмат крыві?» (Макбэт, акт 5, сцэна першая)
Вось адкуль у нашай краіне бяруцца палітвязьні, вязьні сумленьня, бсясконцыя галадоўкі, палітычныя забойствы…
Калі проста ўлада разбэшчвае, то абсалютная – разбэшчвае абсалютна. І ня толькі вярхушку, аднак і грамадзтва таксама.
У гэтых умовах цяжка захаваць чалавечы твар, гонар і сумленьне. І тым ня менш такія людзі ёсьць
Мікалай Аўтуховіч – яскравы прыклад неўтаймаванага змагара за свабоду і дэмакратыю.
Ён не адзін – усе, хто змагаліся і галадавалі да яго, таксама не былі ў адзіноцтве. Прыкладаў шмат. Гэта і дэпутаты 13 скліканьня Вярхоўнага Савету, якія галадавалі ў парлямэнце, гэта і галадоўкі Леванеўскага, Хадыкі, Статкевіча, гэта і галадоўка Казуліна і многія, многія галадоўкі палітыкаў, ніводная зь якіх не прайшла незаўважанай.
Вар'яцтву храбрых пяем мы песьню!
Жыве Беларусь!