Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чакае Юшчанку ў гомельскім палацы


Да прыезду кіраўнікоў краінаў Гомель рыхтаваўся даволі грунтоўна. Хай бы часьцей прыязджалі, кажуць гамельчукі, і спадзяюцца, што іх жыцьцё на памежжы будзе прыносіць больш выгад.

Літаральна за тры апошнія тыдні зроблены рамонт усіх галоўных вуліц абласнога цэнтру – Леніна, Інтэрнацыянальнай, Ільіча, Перамогі, Савецкай. На некаторых зь іх толькі дзень таму нанесьлі дарожную разьметку.
Вуліцы аздоблены чырвонымі сьцягамі – блізіцца ж таксама й Дзень перамогі.


Рамонт вуліцы Савецкай.

Гамельчукі, нягледзячы на пэўныя нязручнасьці з пераменай маршрутаў гарадзкога транспарту з прычыны рамонту вуліц, да навядзеньня парадку ставяцца прыхільна. Спадарыня Алена параўноўвае Гомель з ўкраінскімі абласнымі гарадамі:

“Горад наш у параўнаньні з украінскай Віньніцай, дзе я была, – гэта дзьве вялікія розьніцы. У нас дарогі лепшыя, у нас чысьцей. Гэта добра. Трэба, каб часьцей прыязджалі, каб заўсёды рыхтаваліся так, як дома да гасьцей. Мы павінны сябраваць з Украінай. У мяне там шмат сваякоў. І хацелася б, каб стасункі былі нармальнымі”.

У студзені 1997 году Аляксандар Лукашэнка сустракаўся ў Гомелі з колішнім прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Сустрэча тады ладзілася ў абласным грамадзка-культурным цэнтры. Гэтым разам Аляксандар Лукашэнка прымае ўкраінскага калегу Віктара Юшчанку ў адрэстаўраваным палацы князёў Румянцавых-Паскевічаў у парку па-над Сожам. Учора тут яшчэ ў другой палове дня камунальнікі падфарбоўвалі сьцены, падстрыгалі дэкаратыўныя кусты, а тэхпэрсанал старанна мыў уваходы ў палац.

Палац князёў Румянцавых-Паскевічаў падрыхтаваны да сустрэчы.
Напагатове таксама і спэцназ.


Шэраговыя гараджане выказваюць спадзяваньні, што сустрэча кіраўнікоў суседніх дзяржаў магла б паспрыяць паляпшэньню гандлёвых стасункаў і памежных сувязяў. Спадар Генадзь, у прыватнасьці, непакоіцца пра вытворчае аб’яднаньне “Гомсельмаш” – як важнае зьвяно пашырэньня гандлю:

“Я думаю, што ўзаемны гандаль у перамовах будзе на першым месцы. У нас такія гіганты як “Гомсельмаш”. А Ўкраіна добра купляе нашыя камбайны. “Гомсельмаш” дае чацьвёртую частку гарадзкога бюджэту. Людзі, якія знаходзяцца на бюджэтным фінансаваньні, будуць атрымліваць заробкі, і гэта нямалаважна. Калі прэзыдэнты дамовяцца, гэта будзе на карысьць беларускага і ўкраінскага народаў. Бо як мы езьдзім ва Ўкраіну за пакупкамі, так і ўкраінцы будуць езьдзіць да нас штосьці сабе купіць”.

Ураджэнка Гомеля спадарыня Ніна, якая стала жыве ў Чарнігаве, кажа, што ў зімовыя месяцы складана прыехаць у госьці да сваякоў з гасьцінцамі – увоз прадуктаў у Беларусь абмежаваны:

“Вось з Чарнігаву едзем – пяць кіляграмаў увоз у Беларусь. Лукашэнка з мытняй узгадніў і падпісаў указ. Пяць кіляграмаў сяльгаспрадуктаў – арэхаў грэцкіх, сала, мёду. Нам вельмі цяжка. Калі едзеш у госьці, што такое пяць кіло – усяго паўпакеціка. А чалавек жа хоча штосьці прывезьці”.

Ці будуць закрануты на перамовах Лукашэнкі й Юшчанкі пытаньні, пра якія згадаюць жыхары беларуска-ўкраінскага памежжа?
Пакуль вядома, што адной з галоўных тэм перамоў будзе праграма "Усходняга партнэрства", да ўдзелу ў якой запрошаны як Беларусь, так і Украіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG