Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уладзе пляваць на нашы галадоўкі”


Першая палітычная галадоўка
Першая палітычная галадоўка

Галадоўкі пратэсту, у тым ліку з палітычнымі патрабаваньнямі, сталі распаўсюджанай зьявай у сучаснай Беларусі.

14 гадоў таму ў Беларусі адбылася першая палітычная галадоўка: дэпутаты Вярхоўнага Савету з апазыцыі БНФ абвясьцілі яе, пратэстуючы супроць правядзеньня рэфэрэндуму аб дзяржаўнай мове і сымболіцы паводле варыянту, прапанаванага Аляксандрам Лукашэнкам. Уначы спэцслужбы ўварваліся ў Авальную залю, дзе праходзіла галадоўка, яе удзельнікаў зьбілі і гвалтам выдалілі з будынку. Назаўтра паслухмяная большасьць “прыняла ўсё, што трэба”, згадвае ўдзельнік акцыі Лявон Баршчэўскі.

У 1996 годзе на Чарнобыльскі шлях у Менску выйшла болей за 30 тысяч чалавек. Ужо 27 красавіка паводле абвінавачаньня ў арганізацыі забурэньняў улады арыштавалі і кінулі ў “Валадарку” Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка. Апазыцыянэры, не згаворваючыся, абвясьцілі галадоўку пратэсту і ўбачыліся толькі на волі, праз 20 дзён. Юры Хадыка згадвае, як выконваў правілы для лячэбнай галадоўкі: піў па 2 літры вады штодзень, кінуў паліць, рабіў клізму, каб ачысьціць страўнік. Адно з правілаў для галадоўніка — рэгулярныя прагулкі. Магчымасьці для іх на “Валадарцы” абмежаваныя: адна гадзіна, бэтонны дворык, замест даху — мэталічная сетка.

“Адкрыта толькі неба. Але трэба абавязкова хадзіць на прагулкі, бо гэта дапамагае арганізму справіцца з нагрузкамі падчас галадоўкі. Вось Казулін меў такую перавагу — мог хадзіць на прагулкі часьцей, бо быў у калёніі”.

Да славутай галадоўкі Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе, якая доўжылася 73 дні, у Беларусі адбыліся яшчэ дзясяткі такіх акцый.

Некаторыя з галадоўнікаў ставілі асабістыя рэкорды: прадпрымальнік Валер Леванеўскі ў зьняволеньні галадаваў 10 разоў, самая працяглая ягоная галадоўка доўжылася 17 дзён. Валер Леванеўскі згадвае, што дамогся галадоўкамі паляпшэньня ўмоў утрыманьня і лепшага харчаваньня.

Што да выкананьня палітычных патрабаваньняў, тут галадоўнікам пахваліцца няма чым. Прыкладам, адна з самых вядомых галадовак з палітычнымі патрабаваньнямі праходзіла ў 2005 годзе. Тады тры дэпутаты Нацыянальнага сходу з дэпутацкай групы “Рэспубліка” — Сяргей Скрабец, Валер Фралоў і Ўладзімер Парфяновіч — пачалі галадоўку ў кватэры дэпутата Фралова, патрабуючы адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і зьмены выбарчага закону. Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч прызнае, што 20-дзённай галадоўкай нічога не дамогся:

“Нічога не дабіліся. Дабіліся толькі таго, што і сёньня гэтыя ўсе праблемы на парадку дня: нелегітымны прэзыдэнт і дрэнны выбарчы закон. Вельмі шкадую, што тады нас палітычныя партыі не асабліва падтрымалі. Чаму і зараз ня бачу, каб у падтрымку Аўтуховіча галадавалі лідэры партый? Вось Баршчэўскага паважаю, ён далучыўся да галадоўкі”.

Старшыня партыі Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі за сваю палітычную кар’еру галадаваў некалькі разоў, але прызнае, што “не даводзіў сябе да скрайняга стану”. У спадара Баршчэўскага свой погляд на палітычны сэнс галадовак:

“Ня столькі гэта важна дзеля ўзьдзеяньня на ўлады, колькі для падняцьця ўзроўню салідарнасьці. Не сакрэт, што гэтага гену бракуе ў беларускім грамадзтве, і, можа, каб паважаць саміх сябе, нам і трэба ісьці на такія рэчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG