Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хай чыноўнікі пакажуць, як пражыць сям’і на 370 тысяч”


Cустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ, эканамічны крызіс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ — адна з тэмаў, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”.

Спадар, Барысаў: “Такое мае быць: Лукашэнка езьдзіў у Ватыкан, каб індульгенцыю ад грахоў у папы рымскага здабыць, каб болей і далей апазыцыю і вольныя СМІ на Беларусі душыць. Каб паўсюдна мог зьяўляцца зь незаконнанароджаным сынком Колем. З аднаго боку, хітры ход, відаць: цяпер яго каталікі павінны ўсюды добра прымаць”.

Спадар: “Наша беларускае радыё і тэлевізія называюць турыстычную паездку Лукашэнкі гістарычнай. Няма слоў камэнтаваць. Гэта ўсім нармальным людзям зразумела, што за гістарычнае з гэтым зноў-такі хлопчыкам. І там ад замілаваньня сьлёзы нават праступалі ў нейкага там чалавека, які казаў: ды ён і з хлопчыкам прыехаў! Гэта значыць, ён так ушанаваў Папу. Што для гісторыі гэта — прыехаў звычайны чалавек, ну, пастаяў, пагаварыў — што далей? Што тут гістарычнага? Перамаглі ў нечым? Мір умацавалі? Ну што за гістарычнае?”

Выказваньне камэнтуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Паездка Лукашэнкі і ягоная сустрэча з папам рымскім — гэта не турыстычная паездка. Гэта візыт, які доўга рыхтаваўся, быў заплянаваны і можа мець пэўныя наступствы. І ў дачыненьні да адносін паміж канфэсіямі — каталіцкай і праваслаўнай, і можа таксама мець і дыпляматычныя вынікі. Калі сапраўды Лукашэнка мае даручэньне на функцыю, каб зьвязаць і падрыхтаваць сустрэчу патрыярха маскоўскага і папы рымскага. Ну і, канечне ж, гэта мае і піяраўскі эфэкт. І паважаны слухач мае рацыю, бо піяр выкарыстаны напоўніцу. І ён не закранае збольшага сутнасных момантаў гэтай сустрэчы, а надае гэтаму візыту нашмат большае значэньне і не зусім тое, якое ён сапраўды мае”.

Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася разглядаць заяву актывістаў “Маладога Фронту” Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова. Нагадаю, што напярэдадні акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка невядомыя выкралі актывістаў, вывезьлі за горад, зьбілі і адабралі грошы. З гэтай нагоды тэлефанаваньне слухача.

Стары чалавек, Менск: “Паважаная “Свабода”! Даўно вам не тэлефанаваў, але сёньня ня змог утрымацца, калі пачуў, што ў Менску дзейнічае банда, якая хапае маладых актывістаў, зьбівае іх, зьдзекуецца зь іх, а потым адвозіць за Менск і кідае іх. Такога не рабілі нават гестапаўцы. І куды толькі глядзіць Эўропа?”

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем.

Спадарыня: “Сёньня раніцай слухала перадачу па радыё. Эканамісты нейкія казалі пра тое, што на сям’ю на чатырох чалавек пражытковы мінімум — 370 тысяч. Гэта абсурд. Гэта трэба Лукашэнку столькі даць і ягоным чыноўнікам, каб яны на 370 тысяч рублёў учатырох пражылі. Хай пакажуць прыклад усім, тады і мы будзем жыць, можа, так”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG