Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня трэба было Яне гэтага рабіць”


У праграме “Званкі на Свабоду” гучаць водгукі на самагубства праваабаронцы Яны Паляковай. Ініцыятар збору подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі Эдуард Брокараў адказвае, дзе ахвочыя могуць паставіць свой подпіс. А старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч адказвае на пытаньне, як можна скантактавацца з прадстаўнікамі арганізацыі, якую ён ачольвае.


Мы працягваем атрымліваць водгукі на сьмерць 33-гадовай праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай. Яе знайшлі ў пятлі ў яе кватэры ў Салігорску. За некалькі дзён да сьмерці суд прызнаў Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў ёй 2,5 года “хіміі”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Я балюча перажываю сьмерць Яны Паляковай. Беларусь страціла лепшую сваю дачку. Ня трэба было Яне гэтага рабіць. Яна б яшчэ ўбачыла сьветлы ранак сваёй Айчыны… Зьвяртаюся да сваіх суайчыньнікаў, каму ня ўсё адно, абы каўбаса і грошы: не паўтарайце таго, што зрабіла Яна, бо нашыя і вашыя агульныя ворагі будуць толькі радавацца нашым сьмерцям. Сумленьня ў іх няма, яно адсутнічае. У іх адзін прынцып — грошы. А каб былі грошы, яны служаць злачыннаму рэжыму. Сьветлая памяць табе, дарагая Яна”.

Cпадар: “Як гром сярод яснага неба прагучала трагічная вестка пра гібель маладой прывабнай жанчыны з Салігорску Яны Паляковай. Гэтая добрая сэрцам жанчына шмат сіл аддала барацьбе за праўду і справядлівасьць, як пяецца ў песьні: клапацілася пра іншых, ды забыла пра сябе. Дзяўчына з Салігорску з дыплёмам юрыста, як стала вядома, 10 гадоў праседзела бяз працы, прыйшла ў адчай у няроўнай барацьбе зь бюракратамі. І ня вытрымала зьдзеку — скончыла жыцьцё самагубствам. Гэта не адзінкавы выпадак у Беларусі. Кожны год такім шляхам пакідаюць белы сьвет больш за 2000 беларусаў. Хто кідаецца пад колы электрычак, а хто лезе ў пятлю. А прычына гэтай ганебнай зьявы вось у чым: беларускія чыноўнікі, надзеленыя неабмежаванай уладай, што хочуць, тое і робяць”.

Наш слухач цікавіцца:

Вадзім Шаргей, Менск: “У мяне пытаньне: дзе магчыма жыхару Менску паставіць свой подпіс супраць будаўніцтва АЭС на Беларусі?”

Адказвае адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі Эдуард Брокараў:

“Калі гэты чалавек хоча паставіць подпіс, мой тэлефон — 8 029 545 89 83, хай тэлефануе. Мы зьвяжамся праз электронную пошту. Я ўдзячны, што ён праявіў такую ініцыятыву. У мяне таксама да яго ёсьць прапанова: шаноўны, далучайцеся да нашай кампаніі, зьбірайце подпісы. Гэта вельмі важна. Вам будуць удзячныя”.

На чарзе — яшчэ адно пытаньне ад слухача:

Cпадар: “Зьвяртаюся да вас з просьбай. Ня ведаю, як знайсьці месцазнаходжаньне ці хаця б тэлефон Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які ўзначальвае Алесь Пашкевіч. Мне вельмі-вельмі трэба зь імі зьвязацца. Калі можаце, дапамажыце, буду вельмі вам удзячны. Вэтэран вайны, працы Прохарчык Андрэй Піліпавіч, 87-39-01”.

Дамо слова старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесю Пашкевічу:

“Скантактавацца і сустрэцца з прадстаўнікамі сакратарыяту Саюзу беларускіх пісьменьнікаў можна праз мабільны тэлефон — 6 37 66 43, гарадзкі — 205 25 99. Электронная адрэса — spb@tut.by, таксама можна камунікаваць праз форму зваротнай сувязі нашага сайту litbel.org”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG