Бальшыня сёньняшніх тэлефанаваньняў — на тэму самагубства Яны Паляковай. У ноч на 7 сакавіка 33-гадовую праваабаронцу знайшлі ў пятлі ў яе доме ў Салігорску. На мінулым тыдні суд прызнаў Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова. Палякову прысудзілі да 2,5 гадоў абмежаваньня волі – так званай “хіміі”.
Спадар: “Сумна, калі найлепшыя сыны і дочкі пакідаюць гэты сьвет. Сьмерць Яны Паляковай — на сумленьні рэжыму і яго прыслужнікаў. Памяць пра цябе, Яна, застанецца навекі ў сэрцах сумленных людзей Беларусі. Жыве Беларусь!”
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Яну Палякову я падтрымлівала да канца яе жыцьця. Мы зь ёй сябравалі і прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзілі Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы і Малады фронт. Пра гэта сьведчаць фотаздымкі, адзін зь якіх я паслала на Радыё Свабода. Сьмерць Яны зьявілася нечаканасьцю і вялікай трагедыяй для ўсіх нас”.
Уладзімер Зьвернік: “Яна Палякова... Не, я не падтрымліваю яе рашэньне. Але ж, відаць па ўсім, Яна адчула, што высілкі ў барацьбе з уладным цемрашальствам былі вычарпаны, і свайму апошняму пратэсту яна надала гэткую жудасную форму. Усё ж гэта не самагубства, а самае натуральнае забойства — забойства рукамі сыстэмы ўлады, якая ўсталявалася ў нас 15 год таму... Яны павінны панесьці самую жорсткую адказнасьць за давядзеньне маладой жанчыны да самагубства і вечны праклён людзей”.
Ігар Пасноў, Віцебск: “Я спачуваю ня толькі памерлай жанчыне, я спачуваю і міліцыянту, якога пакуль што галаслоўна абвінавацілі ў тым, што ён быццам бы вінаваты ў яе сьмерці. Пугачоў, магчыма, зусім не вінаваты. Нельга, не разабраўшыся, вось так вешаць цэтлікі. Агідна слухаць, як некаторыя дзеячы апазыцыі на касьцях гэтага нявіннага чалавека, гэтай жанчыны, якая ня вытрымала, змаладушнічала, цяпер робяць сабе кар'еры, рэйтынгі. Годзе гвалту!”
Спадар: “Ёсьць такая навука — статыстыка. Па статыстыцы ў нас на 1300 асоб жаночага полу прыходзіцца 1000 асоб мужчынскага полу. Асоба мужчынскага полу і мужык — гэта вялікая розьніца. Ведаеце, дабро павінна быць зь велізарнымі кулакамі. Але так атрымліваецца, што няма нашым жанчынам абаперціся на каго. Сорамна за гэтых мужыкоў. Папросту не было гэтай жанчыне за чые стаць мужчынскія плечы”.
Тацяна Барэль, Асіповічы: “Хачу выказаць спачуваньне маме Яны Паляковай з Салігорску. Задаюся пытаньнем: хіба можна пакідаць такіх людзей сам-насам з сабой у такі цяжкі час? Такія людзі часьцей за ўсё ранімыя душой, вельмі блізка да сэрца прымаюць людзкое гора, гора краіны. Я лічу, што надалей такіх людзей ні ў якім разе нельга пакідаць адных”.
Спадар: “На адрас Яны Паляковай гучыць мора словаў падзякі і ад простых грамадзян, і ад прадстаўнікоў апазыцыі, а ў мяне з галавы не выходзіць адно пытаньне: чаму ў такі цяжкі для яе пэрыяд яна засталася абсалютна адзінокай? Чаму ў крытычны момант не зьвярнулася па дапамогу? Ці ўсім было не да яе? На жаль, мой асабісты досьвед паказвае, што мы добрыя, калі патрэбныя, але зь бедамі мы спраўляемся самі па меры сваіх сіл і магчымасьцяў”.
На пытаньне адказвае паплечніца Яны Паляковай па праваабарончай дзейнасьці Раіса Міхайлоўская:
“Я б ня ставіла пытаньне такім чынам: чаму яна засталася адна пасьля прысуду. Мы ўвесь час былі побач зь Янай. Пытаньне ў іншым: галоўнае, каб сам-насам з сабой чалавек ня быў самотным. Мы ня можам быць увесь час адно з адным. Усё адно наступае такі час, калі чалавек застаецца сам-насам з сабой. І вось у такія хвіліны важна, якія думкі ў чалавека і якія дзеяньні ён зьдзяйсьняе”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.