Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спыніць Васілевіч выкраданьні маладзёвых актывістаў?


Шэраг вядомы асоб заклікалі Генэральнага пракурора Беларусі расьсьледаваць злачынныя дзеяньні ў дачыненьні да актывістаў маладзёвага дэмакратычнага руху.

Юрыдычную фармулёўку “злачынныя дзеяньні” аўтары адкрытага ліста да генпракурора Рыгора Васілевіча замянілі на больш пэўныя словы: “Злачынныя групоўкі гвалтоўна выкрадалі нашу моладзь, вывозілі ў лес, зьбівалі і пакідалі ў лесе без дамапогі”, -- гаворыцца ў звароце. Рыгору Васілевічу нагадваюць пра падзеі, якія адбываліся з Настай Палажанкай, Дзянісам Карновым, Артурам Фінькевічам, Мікітай Красновым ад канца мінулага году і да гэтых дзён.

На Артура Фінькевіча невядомыя напалі каля пад’езду ягонага дому. Гэта было летась 19-га сьнежня. Зьбілі з ног, давезьлі на аўтамабілі амаль да Ракава. Артур Фінькевіч згадвае свае пачуцьці, калі са зьвязанымі рукамі яго цягнулі ў лес.

“Апошнія 10 крокаў калі рабіў, было пачуцьцё жывёлы, якую цягнуць на забой. На галаву нацягнулі шапку, нічога не тлумачылі, білі і казалі, што ты мразь, што дагуляўся і гэтак далей. Канешне, згадваліся 90-ыя гады, калі зьніклі Ганчар, Захаранка, Красоўскі, Завадзкі”.

Дзяніс Карноў і Наста Палажанка ведаюць дакладна, што іх схапілі і вывезьлі за горад, пад пасёлак Тарасава, міліцыянты, але прозьвішчаў тых, хто над імі зьдзекваўся, ня ведаюць. Актывісты ужо зьвярталіся ў пракуратуру Фрунзенскага раёна Менска, але іх скаргу адхілілі.

Ліст да Рыгора Васілевіча з просьбай узяць расьсьледаваньні нападаў на маладзёвых актывістаў пад асабісты кантроль падпісалі палітыкі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадзкія дзеячы. Сярод іх Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Уладзімер Някляеў, Зінаіда Бандарэнка, Мечыслаў Грыб. Старшыня грамадзкага камітэту “Салідарнасьць” Іна Кулей тлумачыць, чаму яна паставіла свой подпіс.

“Я – маці, і тыя, хто там падпісваўся таксама альбо маці, альбо таты, альбо іншыя сваякі маладых людзей, якія сёньня церпяць за тое, што змагаюцца за дэмакратычную Беларусь”.

Як паведамілі ў камітэце “Салідарнасьць” копіі звароту да Рыгора Васілевіча накіраваныя таксама ў МУС, адміністрацыю прэзыдэнта і прадстаўніцтвы эўрапейскіх структур у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG