Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь правяла вулічныя акцыі салідарнасьці


Моладзевыя актывісты правялі дзьве вулічныя акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі ў цэнтры Менску.

Першая акцыя адбылася а 18-й гадзіне на плошчы Незалежнасьці, праз дзьве гадзіны — ланцуг на Кастрычніцкай плошчы. Міліцыянты ў цывільным назіралі за акцыямі і здымалі ўдзельнікаў на відэакамэру. Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Актывісты руху “Маладая Беларусь”, арганізацыі “Вольная моладзь”, руху “Джынс за свабоду” і моладзь БНФ ладзілі ланцуг на Кастрычніцкай плошчы. Яны трымалі расьцяжкі з абрэвіятурай акцыі салідарнасьці, якая ладзіцца чацьвёрты год штомесяц 16-га чысла.

Гаворыць лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч:

“Мы адстойваем нашых паплечнікаў, якія цяпер знаходзяцца ў няволі. Натуральна, што гэта абавязак кожнага з нас”.

Актывіст руху “Джынс за свабоду” Павал Юхневіч дадаў:

“Я пакуль не лічу, што ў нас ёсьць лібэралізацыя, таму што пакуль у нас ёсьць палітвязьні. Ведаеце, для мяне гэта самы галоўны чыньнік. Ня будзе палітвязьняў, то я, можа, скажу, так, магчыма, лібэралізацыя ёсьць.

Тое, што нас цяпер не чапаюць, не чапалі 12-га чысла і, хацелася б верыць, што 25-га таксама ня будзе нейкіх рэпрэсій і сілавых дзеяньняў, то гэта яшчэ не паказьнік”.

Двое міліцыянтаў у форме прайшлі ўздоўж ланцугу зь некалькіх дзясяткаў чалавек з мэгафонамі. Яны папярэджвалі, што акцыя несанкцыянаваная і можа быць ужытая сіла.

Маладыя людзі казалі, што не баяцца трапіць у выпадку разгону акцыі і затрыманьня за краты напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі.

Марыя Касьян, актывістка кампаніі “Эўрапейская Беларусь” пакінула дома са сваімі бацькамі маленькае дзіця, каб схадзіць на акцыю салідарнасьці:

“Мы прыйшлі на акцыю, бо неабыякавыя да лёсу гэтых людзей, якія сядзяць за кратамі, да лёсу тых людзей, якія прапалі бязь зьвестак у нашай краіне, і да таго, што ўлады робяць злачынствы, а людзі маўчаць.

Мы беларусы і мы ня будзем маўчаць. Гэта наша краіна і наша зямля”.

Гаворыць Андрэй Кім:

“Я ведаю, што Лявонаў, Аўтуховіч і Дубскі былі салідарныя са мной, калі я сядзеў у турме. Я ведаю, як гэта важна, калі ёсьць людзі, якія не баяцца выходзіць і дапамагаюць хаця б сваёй салідарнасьцю”.

Адзін з лідэраў руху “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель зьвярнуўся да прысутных праз мэгафон:

“Амністыю ўдзельнікам працэсу 14-ці! Тым маладым людзям, якія адбываюць пакараньне за ўдзел у вулічнай акцыі! Патрабуем спыніць перасьлед моладзі за яе палітычную пазыцыю! Патрабуем дазволіць распаўсюд апазыцыйнай і незалежнай прэсы! Дазволіць свабоду сходаў!”











За дзьве гадзіны да акцыі на Кастрычніцкай плошчы актывісты “Маладога фронту” ладзілі ланцуг на плошчы Незалежнасьці. Акрамя лёзунгу “Свабоду палітвязьням!”, яны трымалі расьцяжку: “Не — палітычнаму прызыву!”. Кіраўнікі міліцыі з міністэрства і гарадзкога ўпраўленьня, а таксама спэцназаўцы ў цывільным назіралі за акцыямі, але загаду разганяць пікеты не было.













Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG