Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды беларусы інэртныя і не мабільныя?


Беларускія ўлады па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што крызісу ў Беларусі няма, а ёсьць часовыя цяжкасьці. Пра гэта ў прыватнасьці заяўляў як сам Аляксандар Лукашэнка, так і ў больш завуаляваным выглядзе прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Аднак, паводле нацыянальнага апытаньня, якое правялі ў сакавіку сацыёлягі зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, амаль 82% рэспандэнтаў лічаць, што крызіс у Беларусі ёсьць. Як беларусы змагаюцца з крызісам, ці гатовыя да радыкальных пераменаў?

СЛУХАЦЬ:


Хоць афіцыйная лічба ўзроўню беспрацоўя ў Беларусі вельмі нізкая – прыкладна 1% -- людзі сталі баяцца страціць працу. Паводле сацыялягічнага апытаньня, у 2000 годзе пазбавіцца працы баяліся 19%, зараз – амаль 35% рэспандэнтаў. У ЗША, да прыкладу, амаль 50% сем’яў, якія пацярпелі ад крызісу, ужо пераехалі ў іншы горад ці штат, каб хутчэй працаўладкавацца, альбо разглядаюць такую магчымасьць. У Беларусі такой статыстыкі няма. Беларусы зь цяжкасьцю пакідаюць абжытыя месцы, ім вельмі цяжка пераарыентавацца, да прыкладу, на іншую вытворчасьць, -- кажа эканаміст Міхал Залескі:


“Мой дзед шыў хамуты. Калі б я працягваў на яго ўзор шыць найвыдатнейшыя хамуты, па каторыя езьдзілі зь Вільні і нават з самой Варшавы, то я быў бы зараз банкрут. Таму што хамуты зараз нікому не патрэбныя. А мы ўсё шыем хамуты і пляцём лапці. І вельмі крыўдзімся на рускіх, што яны нашы лапці перасталі купляць...”

Размаўляю з праграмістам Аленай, якая працуе ў акадэмічным інстытуце. Пытаюся, ці здольныя беларусы на радыкальныя перамены ў жыцьці, да прыкладу, пераехаць у іншы горад ці іншую краіну:

“Я думаю, што большасьць – так. Але маладыя становяцца больш мабільнымі. Яны хутчэй будуць штосьці шукаць, не сядзець на месцы. Хаця для больш старэйшых людзей гэта праблема”.

Карэспандэнтка: “А чаму праблема? За што трымаюцца?”

“Магчыма, за свае сем’і. Чалавеку цяжка адважыцца выехаць, таму што гады, таму што дзеці, таму што абжытае месца. А маладога нічога не трымае.

Карэспандэнтка: “А ёсьць у вас дух авантурызму – зрушыцца з месца, каб паехаць куды-небудзь, паспрабаваць?”

“Так, ёсьць. Пакуль што не спрабавала, але ўсё магчыма”.

У Беларусі ж можна нічога не рабіць і атрымліваць 200 даляраў, да прыкладу, а можна працаваць па 15 гадзін у суткі і атрымліваць 250
Беларуская інфраструктура не прыстасаваная да мабільнасьці людзей: сыстэма рэгістрацыі, прывязанасьць да дзіцячага садка, паліклінікі, і сямейнаму чалавеку ня лёгка сарвацца зь месца. Перакладчык Расьціслаў Пермякоў пераехаў у Кіеў яшчэ да крызісу разам зь сям’ёй. І перакананы:

“Ва Ўкраіне ёсьць усе ўмовы для атрыманьня ганарараў, заробкаў у тым эквіваленце, наколькі нарабіў. У Беларусі ж можна нічога не рабіць і атрымліваць 200 даляраў, да прыкладу, а можна працаваць па 15 гадзін у суткі і атрымліваць 250. Тут такога няма і быць ня можа. Калі працуеш добра, можна добра і вельмі добра зарабляць, і гэта мяне заўсёды прываблівала. Таму я і зьмяніў краіну прыжываньня. Як бы кепска беларусы не жылі ў Менску ці іншых гарадах Беларусі, колькі мы ні агітавалі нашых знаёмых, сяброў – ніхто так і не пагадзіўся пераехаць. Мушу пагадзіцца : беларусы – не мабільныя, яны такія ... крыху закасьнелыя”.

На думку псыхоляга Жанны Міцкевіч, карані цярплівасьці беларусаў абумоўленыя геаграфічна – яны выйшлі, як кажа экспэрт, “зь лясоў і балот”, адваёўвалі кавалак зямлі зь вялікай цяжкасьцю:

“І таму склалася вякамі, што калі ты маеш вялікае цярпеньне, калі ты будзеш працаваць, то паціху -- рана ці позна -- да цябе нешта прыйдзе. Сапраўды, такая псыхалёгія чалавека, які жыў сярод лясоў і балот. Беларусы і вылучаюцца тым, што яны мала выяжджаюць з краіны. Цяжка? Будзем старацца на лецішчы штосьці вырасьціць. Падзараблю трошкі так, трошкі гэтак. Але не пакіну гэты завод, я тут вырас... І таму большая частка беларусаў (я не кажу пра моладзь, таму што моладзь сёньня ўжо больш адважная і яна выяжджае), сярэдняе пакаленьне і старэйшае – лічаць, што трэба перачакаць, і нешта будзе. Няма гэтай імклівасьці да перамен”.

А ў нас яму трэба было б у Міністэрства скураных штаноў схадзіць, да першага памочніка прэзыдэнта... У нас, каб зрабіць прышчэпку, трэба 53 узгадненьні
У вялікіх гарадах спыняюцца прадпрыемствы, зімой былі працяглыя вакацыі, цяпер – шэраг сьвяточных дзён. У маленькіх гарадах шмат прадпрыемстваў наагул закрываецца. Але перапрафіліраваць вытворчасьць вельмі цяжка, адкрыць сваю справу таксама ня проста. Эканаміст Міхал Залескі прывёў такі прыклад:

“У мяне адзін знаёмы ў Баварыі шыў скураныя штаны, якія нідзе ня носяць, акрамя як на фэстывалях. Ён кажа: “Зараз будзе зьніжацца попыт на скураныя штаны, таму што будзе менш турыстаў. Буду займацца рамонтам скураных вырабаў”. Там бюракратыі шмат, у Нямеччыне, але ён за два тыдні перакваліфікаваўся на іншую справу. А ў нас яму трэба было б у Міністэрства скураных штаноў схадзіць, да першага памочніка прэзыдэнта... У нас, каб зрабіць прышчэпку, трэба 53 узгадненьні”.

Нямала працоўных месцаў у сельскай мясцовасьці, у краіне блізу 700 аграгарадкоў, дзе патрэбныя працоўныя рукі. За мінулы год на новае месца працы перасялілася 346 сем’яў беспрацоўных – гэта статыстыка Міністэрства працы. У тым ліку 7 сталічных сем’яў. Лічба мізэрная. Чаму людзі ня едуць працаваць ў вёску? Псыхоляг Жанна Міцкевіч кажа:

Як у тым анэкдоце, калі беларус сеў у крэсла зь цьвіком: “А ці доўга мне сядзець на ім?” Таму гэта інэртнасьць, гэта аседласьць, жаданьне перачакаць і дачакацца нечага – характэрныя рысы для беларусаў
“Адбіта была ахвота ў савецкі час. Бо ўсе імкнуліся ў горад -- там лягчэй жыць. І вось гэта правіла – там лягчэй жыць – яно існуе і па сёньняшні дзень. Як казаў мне адзін кліент: “Я лепш назьбіраю бутэлек, здам і пражыву”. Да мяне прыходзіць кліентка. Мужык п’яніца, яна жыве ў пакойчыку 11 мэтраў з двума дзецьмі. Ён п’е, грошай не дае. Яна мэдработнік. Я кажу: “А чаму вы ня можаце паехаць у нейкую вёску ці аграгарадок? Мэдыкі ж паўсюль патрэбныя. Паедзьце і скажыце, што гатовыя пераехаць зь дзецьмі і працаваць”. Яна кажа: “Я гэтага не хачу. Хачу, каб дзеці вырасьлі ў горадзе”.

Вось і жывуць на адным месцы, саджаюць на лецішчы бульбу – бо так прывыклі, -- кажа гараджанін спадар Сяргей:

“Я калі вясна, не магу не садзіць. Я ўвосень магу не капаць – Бог зь ім, з ураджаем. Але кожную вясну павінен капаць, садзіць – няважна, што вырасьце”

На думку псыхоляга Жанны Міцкевіч, беларусы яшчэ доўга будуць так жыць, трываць, цярпець:

“Прычына яшчэ і ў інэртнасьці. Няма гібкасьці, дынамікі. Як у тым анэкдоце, калі беларус сеў у крэсла зь цьвіком: “А ці доўга мне сядзець на ім?” Таму гэта інэртнасьць, гэта аседласьць, жаданьне перачакаць і дачакацца нечага – характэрныя рысы для беларусаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG