Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геній беларускага краявіду


Іван Дмухайла незадоўнга да сьмерці. 2006 год
Іван Дмухайла незадоўнга да сьмерці. 2006 год

У амбасадзе Ўкраіны ў Менску адбылася прэзэнтацыя альбому твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Дмухайлы, прымеркаваная да 95-годзьдзя мастака. Сам аўтар не дажыў да выданьня своеасаблівага збору сваіх твораў два гады.

Альбом “Іван Дмухайла. Жывапіс. Краявіды” выйшаў у выдавецтве “Беларускі кнігазбор”. Выданьне адметнае тым, што фінансавалі яго выключна камэрцыйныя прадпрыемствы. Над ім працавала шмат аўтараў і рэдактараў, многія зь якіх былі асабіста знаёмыя з мастаком. Ініцыятаркаю і натхняльніцаю іх працы была ўдава мастака Марыя Вейнер.

Калі вядомы мастак сыходзіць з жыцьця, даволі складана сабраць разам ягоны даробак, раскіданы па галерэях і калекцыях па ўсім сьвеце. Таму сабраныя ў кнігу рэпрадукцыі карцін становяцца важным гістарычным фактам творчай біяграфіі мастака – гаварылі на прэзэнтацыі альбому пэйзажаў Івана Дмухайлы ягоныя сябры і калегі-мастакі. Рэдактар выданьня Валер Дранчук назваў Івана Дмухайлу сапраўдным геніем беларускага краявіду:

“Я пагаджуся, што гэта ўкраінскі мастак, але як цудоўна ён апеў Беларусь, якія цудоўныя яго краявіды”.

Украінец з казацкага роду Іван Дмухайла спраўдзіўся як мастак у Беларусі, у якой жыў і тварыў з 1945 году. Ён пасьпеў зрабіць шмат. Доўгі час Дмухайла быў сапраўдным амбасадарам украінскай культуры ў Беларусі, вакол яго гуртавалася жыцьцё ўкраінскай дыяспары, зазначыў цяперашні пасол Украіны ў Менску Ігар Ліхавы. А Ўладзімер Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, назваў Дмухайлу плянэтарным мастаком, які моцна любіў і Украіну, і Беларусь, і адлюстраваў гэта ў сваіх творах.

Пра Івана Дмухайла як мастака гаворыць адна з аўтараў альбому, мастацтвазнаўца Натальля Шаранговіч:

“Іван Дмухайла – гэта такая адметная асоба, якая здолела ў сваёй творчасьці спалучыць рысы, якасьці, калярыт, душу і духоўнасьць украінскага і беларускага народаў. Ён успрыняў сонечную танальнасьць, прамянёвасьць, уласьцівую ўкраінскаму мастацтву, і змог яе перанесьці ў беларускае мастацтва. Ён адчуваў Беларусь так, як ён адчуваў Украіну. Бо й Беларусь ён лічыў сваёй радзімай”.

Альбом “Іван Дмухайла. Жывапіс. Краявіды”

Выступае сябар Івана Дмухайлы мастак Тарас Паражняк

Удава Івана Дмухайлы Марыя Вейнэр

Беларускі пэйзаж ў выкананьні Івана Дмухайлы

Старая Гародня. Карціна Івана Дмухайлы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG