Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўганаравалі Праведнікаў сьвету


Паслы падчас хвіліны маўчаньня на цырымоніі ганараваньня Праведнікаў сьвету
Паслы падчас хвіліны маўчаньня на цырымоніі ганараваньня Праведнікаў сьвету

Штогод 27 нісана — сёлета гэта 21 красавіка — дзяржава Ізраіль і габрэі ўсяго сьвету адзначаюць Дзень катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства.

Гэтымі днямі ва ўсім сьвеце праходзяць жалобныя цырымоніі ў памяць аб шасьці мільёнах габрэяў, што загінулі падчас Другой усясьветнай вайны. У Менску сёньня ўшаноўвалі новых праведнікаў сьвету, якія ратавалі габрэяў у вайну.

Сёньня ў музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сабраліся прадстаўнікі дыпляматычнага корпус — амбасадары Польшчы, Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі, Украіны, часовы павераны ў справах ЗША, беларуская грамадзкасьць. Цырымонія пачалася з запальваньняў сьвечак памяці, малітвы і хвіліны маўчаньня. Гучала жалобная музыка, вершы, выступалі вязьні гета.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Эдуард Шапіра сказаў:

Эдуард Шапіра
“Сёлета галоўнай тэмай Дня памяці зьяўляюцца дзеці, якія загінулі падчас Галакосту. Паўтара мільёны дзяцей былі забітыя ў тыя жудасныя часы. „У кожнага чалавека ёсьць імя, якое прысвоіў яму Бог і далі бацькі“, — пісала габрэйская паэтка Зэльда. У кожнай з 6 мільёнаў ахвяраў Галакосту таксама было імя…”

Ізраільскі мэмарыяльны інстытут катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства “Яд Вашэм” штогоду прысуджае тытул Праведнік сьвету людзям розных нацыянальнасьцяў. Ганаруюць тых, хто рызыкаваў жыцьцём, ратуючы габрэяў ад нацысцкага генацыду. “Хто выратуе адно жыцьцё, той выратуе сьвет” — напісана на мэдалі. Імёны праведнікаў заносяцца на Сьцяну гонару ў музэі “Яд Вашэм”, у гонар кожнага праведніка саджаецца дрэва.

Праведнікамі сьвету сёлета сталі яшчэ дзьве беларускія сям’і. Сяргей, Ульяна і Мікалай Валынцы зь вёскі Цынцэвічы Асіповіцкага раёну выратавалі сям’ю габрэяў Ястшомбаў зь Вялейкі. Цягам 17 месяцаў беларусы хавалі вэтэрынара Марка і фармацэўта Розу ў маленькім тайніку. Саміх Валынцоў ужо няма ў жывых, узнагароду прымала ўнучка Сяргея і Ўльяны Галіна Еўтушэнка:

Галіна Еўтушэнка
“Калі я прачытала лісты цёці Розы да бабулі, зразумела, як яна была ўдзячная бабулі, яна называла яе роднай матуляй. Яна пісала ёй: “Вы — мая родная маці, таму што вы таксама падаравалі мне жыцьцё. І калі я ўяўляла, як яны, бедныя, сядзелі ў маленькай зямлянцы, адкуль яны выходзілі толькі ўначы, куды загналі разумных, адукаваных людзей — гэта страшна. Не павінна гэта паўтарыцца”.

Мэдалём і дыплёмам праведніка сьвету ўзнагароджаны пасьмяротна і Канстанцін Мацюкевіч з Гарадзенскага раёну, якія выратаваў габрэяў зь Літвы. Канстанціна выдаў здраднік, і таго пагналі на прымусовыя працы ў Нямеччыну.

Леанід Левін
Прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчын Леанід Левін падзякаваў сваякоў праведнікаў сьвету:

“Дарагія праведнікі! Я гатовы ўстаць перад вамі на калені, як перад сымбалем усіх 600 праведнікаў, якія ёсьць у Беларусі. Вы залатыя каласы нашай рэспублікі, залатыя. Вы рызыкавалі, ахвяравалі ўсім, каб выратаваць аднаго альбо некалькіх габрэяў, Габрэйская дзяржава вас не забывае, і глыбока перакананы, што прыйдзе час, калі вы станеце і героямі нашай дзяржавы. Дзякуй вам”.

Амаль 600 беларусаў уганаравана дыплёмамі й мэдалямі Праведнікаў сьвету. Але жывых засталося менш за 50 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG