***
***
***
“Стаім мы перад будучыняй нашай...”
Вартых увагі кніжак пра тое, адкуль прыйшла Беларусь, назьбіралася ўжо ладная куча, а некаторыя зь іх сталіся нават набыткам гэтак званай шырэйшай сьвядомасьці. А вось кніжак пра тое, куды ідзе Беларусь — няма ні на лякарства. Даводзіцца самому здагадвацца, куды :)
У 1997 годзе зьявіўся беларускі пераклад кніжкі швэдзкага сацыёляга Ёрана Тэрбарна “European Modernity and Beyond. The Trajectory of European Societies l945-2000” пад загалоўкам „Эўропа сёньня і заўтра” (пераклад нашага калегі С. Шупы). У гэтай працы Ё. Тэрбарн заглядвае ў бліжэйшую будучыню Эўропы (арыгінальная кніжка выйшла ў 1995 годзе, так што швэдзкі аўтар сьціпла заглядваў у ёй у будучыню таўшчынёю ўсяго ў 5 гадоў). На жаль, Беларусь у кніжцы Тэрбарна да Эўропы не залічваецца.
Прызнаюся, мне сёньня было б у кайф пачытаць кніжку з загалоўкам тыпу “Autocratic Аlgebra in a Time-Space Warp. The Turnabout of Belarus's Political Vector in 2008-2011”. Але паколькі такой кніжкі няма, дык замест таго, каб ляжаць на канапе і гартаць старонку за старонкай, я ляпаю па клявіятуры кампутара, каб сфармуляваць уласную вэрсію беларускай палітычнай будучыні, таўшчынёю ў 500 словаў.
Што падумаюць пра нас у Туле і Саратаве?
Пачну ад дзьвюх банальнасьцяў.
Першая: палітычную будучыню Беларусі вырашае характар (так і хочацца сказаць — вэктар) яе адносін з Расеяй. Усе іншыя адносіны Менску са зьнешнім сьветам мусяць быць падпарадкаваныя палітычнаму імпэратыву запэўніць добрае самаадчуваньне ня толькі самадзержцам у Крамлі, але і самым звычайным расейцам у Туле і Саратаве ў сэнсе таго, што, маўляў, “беларусы з намі і за нас”. Беларусам лепей мець за суседзяў задаволеных расейцаў, а ня злосных (дадатковая банальнасьць, але няхай застанецца).
Другая: усё новае — гэта добра забытае старое. Магчыма, фіны пра гэта яшчэ не зусім каб забыліся, але беларусы — напэўна так. Я маю на ўвазе суіснаваньне палітычна слабой краіны з суседкай-звышдзяржавай — такое, якое ўсталявалася паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам у пэрыяд “халоднай вайны” і якое ў паліталёгіі займела назву фінляндызацыі (па-фінску: suomettuminen).
Я не хачу сказаць, што Беларусь мае ўчыніць фінляндызацыю сваёй афіцыйнай палітычнай дактрынай. Не. Але ўсё паказвае на тое, што Беларусь — дзе ўсе істотныя рэчы адбываюцца па-за народнай сьвядомасьцю і асэнсаваньнем — неяк падсьвядома і мімавольна пачала ісьці ў гэтым кірунку.
Давайма так, як фіны!
Пасьля Другой сусьветнай вайны, у якой Фінляндыя ваявала на баку гітлераўскай Нямеччыны, фіны апынуліся перад рэальнай пагрозай страты незалежнасьці, якую яны ўпершыню набылі ў 1917 годзе.
Параза Нямеччыны прымусіла малы фінскі народ (сёньня каля 5,3 мільёна чалавек) вярнуцца ў пэўнай ступені да палітычнай традыцыі ХІХ стагодзьдзя, калі фінская зямля, пад назвай Вялікага Княства Фінляндзкага, была аўтаномнай часткай Расейскай імпэрыі. Калі не лічыць пэрыяду незразумелай палітыкі русыфікацыі ў 1899-1905 гг., фіны зазналі ад Расеі больш добрага, чым благога. Пад расейскім панаваньнем, між іншым, уваскрэсла і акрыяла фінская мова, становячыся мовай публічнага жыцьця побач са швэдзкай, якая прыгнятала “мужыцкую” фінскую мову шэсьць папярэдніх стагодзьдзяў. Падобна як у ХІХ стагодзьдзі ў адносінах да Расеі, у 1948 годзе фіны вырашылі не супрацьпастаўляцца замежнай палітыцы Савецкага Саюзу, каб захаваць свой унутраны сувэрэнітэт.
Дактрыну гэтай фінляндызацыі прыдумаў фінскі прэзыдэнт Юха Паасіківі (1946-1956), які ў 1948 годзе падпісаў з СССР Дамову аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Паводле дамовы, Фінляндыя абавязвалася адбіваць атакі супраць СССР праз сваю тэрыторыю і, калі б пажадала, магла б разьлічваць на савецкую вайсковую дапамогу на выпадак нейкай атакі супраць сябе. Адначасова, дамова прызнавала за Фінляндыяй права на нэўтральнасьць у сусьветным супрацьстаяньні. Фінляндыя адмовілася ўдзельнічаць у пляне амэрыканскай дапамогі пасьляваеннай Эўропе, вядомым як “плян Маршала”, і не ўступіла ў НАТО. Але адначасова адхіліла ўсе савецкія прапановы, каб уступіць у Варшаўскую дамову. І дачакалася распаду Савецкага Саюзу. А ў 1995 годзе ўступіла ў Эўразьвяз.
Сёньня Фінляндыя належыць да самых заможных, дэмакратычных і стабільных краінаў сьвету. І самых вядомых. Хто ня ведае мабільнікаў Nokia? А некаторыя дык яшчэ чулі і пра апэрацыйную кампутарную сыстэму Linux.
Перад Беларусьсю ўсё такое — я маю на ўвазе распад Расеі, Эўразьвяз і, прыкладам, вядомы на ўвесь сьвет беларускі мэтад капаньня бульбы зь верталётаў — яшчэ наперадзе. Але пачынаць асэнсоўваць беларускую фінляндызацыю трэба было б ужо цяпер. Каб не рабіць сабе залішніх спадзяваньняў і аберагчы сябе ад залішніх горкіх расчараваньняў.