Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Карпенкам Беларусь сёньня магла б быць іншай


Магіла Г. Карпенкі на Маскоўскіх могілках.
Магіла Г. Карпенкі на Маскоўскіх могілках.

Роўна 10 гадоў таму, раніцай 6-га красавіка 1999 году, памёр вядомы палітык Генадзь Карпенка. Многія і дагэтуль лічаць яго зыход нечаканым і загадкавым.


У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня Карпенку абралі віцэ-сьпікерам. Ён актыўна ўдзельнічаў у спробе выказаць імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. Пасьля роспуску парлямэнту ў лістападзе 1996 году да самой сьмерці ачольваў “ценявы” урад.

Сёньня на магілу Генадзя Карпенкі прыйдуць ягоныя родныя і блізкія. Іх засталося ўжо няшмат. Бацька і маці, якія перажылі сына, ужо таксама памерлі, і пахаваныя зь ім побач. Жонка і двое дзяцей з прычыны перасьледу і прэсінгу з боку ўлады вымушаныя былі зьехаць у Нямеччыну. Тут яны атрымалі статус палітычных уцекачоў. Застаўся толькі малодшы брат Генадзя Дзьмітрыевіча – Аляксандар ды яго сям’я, якія жывуць у Менску.

На заўтра заплянаваны вечар-рэквіем па Генадзю Карпенку. Яго рыхтаваў
арганізацыйны камітэт, які ачоліў Валер Костка -- памочнік Карпенкі ў Вярхоўным Савеце і ў Маладзечне, калі Генадзь Дзьмітрыевіч быў мэрам гэтага гораду. Весьці імпрэзу будзе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Яна успамінае:

“Супрацоўнічалі мы ў час нашага фэстывалю беларускай песьні і паэзіі. І ён запомніўся, па-першае, як чалавек-асоба. А потым – як вялікі, моцны і вельмі добры чалавек. Ён настолькі любіў людзей, асабліва сваіх сяброў, якім ён верыў. І ён заўсёды імкнуўся чымсьці дапамагчы. І я гэта адчувала.

І гэта ня толькі ж было зьвязана ня толькі са мной, калі я працавала на гэтым фэстывалі. А, напрыклад, з тэатральным фэстывалем “Сакавіца”. Там ужо нават легенды хадзілі, як ён любіў нашых знакамітых актрыс – Стэфанію Станюту, Аляксандру Клімаву... Ён нікога, з тых хто ўдзельнічаў у гэтых фэстывалях, не адпускаў без падарунка. І не браў для гэтага грошы з гарадзкога бюджэту. Ён імкнуўся раскруціць на гэта прадпрымальнікаў. А Маладзечна было ж першым у Беларусі горадам, дзе прадпрымальніцтва набыло росквіт”.

І раней можна было пачуць, што, калі б Карпенка застаўся жывым, то ён мог стаць сур’ёзнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Так лічыць, напрыклад, Аляксандар Дабравольскі – паплечнік па Вярхоўнаму Савету і Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

“Безумоўна, Генадзь Карпенка той чалавек, які быў вельмі ўплывовым. І ён безумоўна мог бы паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Ён быў вельмі разнастайным чалавекам. Ён быў прадстаўніком вытворчасьці, дырэктарам завода. І яго паважалі людзі, якія кіравалі прадпрыемствамі, якія працавалі ў прамысловасьці. Акрамя таго, Карпенка быў навукоўцам, які і ў гэтым асяродзьдзі карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Уплывалі ягоныя разнастайнасьць, аўтарытэтнасьць, і я б сказаў, дзейнасьць.

Магчыма, Генадзь у чымсьці памыляўся. Але ён быў чалавекам надзейным. І гэта дазваляла яму і тады мець вялікую падтрымку. І я думаю, што калі б ён быў жывы і цяпер, то ў значнай ступені ўплываў бы на сытуацыю ў Беларусі. Магчыма, сытуацыя была б іншай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG