Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацярынскага капіталу ў Беларусі ня будзе


у Расеі "мацярынскі капітал" складае амаль 10 тысяч даляраў. У Беларусі пра такія сумы гаворка не ідзе
у Расеі "мацярынскі капітал" складае амаль 10 тысяч даляраў. У Беларусі пра такія сумы гаворка не ідзе

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў статыстыку па дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне ў 2008 годзе. Агульная колькасьць насельніцтва зьніжаецца. Хоць нараджальнасьць крыху ўзрасла, сьмяротнасьць усё адно яе перавышае. Насельніцтва краіны старэе.

Зараз у краіне пражывае 9 мільёнаў 668 тысяч чалавек. Нацыя старэе: у Беларусі 14% насельніцтва — пажылыя людзі (а паводле прагнозаў ААН, дэмаграфічная сытуацыя лічыцца крытычнай, калі ў краіне 7% насельніцтва ў пэнсійным узросьце). Працаздольных у краіне 62%, каля 6 мільёнаў.

Летась нарадзілася каля 108 тысяч немаўлят. Памерла амаль на 20 тысяч больш. Нараджаецца 11 дзяцей на 1 тысячу насельніцтва, памірае амаль 14.

Больш дакладныя дадзеныя і тэндэнцыі будуць відавочныя пасьля перапісу насельніцтва, паведаміла намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Алена Кухарэвіч. А пакуль...

“Адбываецца замаруджваньне тэмпаў зьніжэньня колькасьці насельніцтва”.

І хаця ў параўнаньні з 2000 годам нарадзілася ў 2008 годзе на 14 тысяч немаўлятак больш, усплёск нараджальнасьці пакуль часовы. Проста дзетароднага ўзросту дасягнулі народжаныя ў 80-я гады, калі ў краіне быў “бэбі-бум”. Яны і нараджаюць зараз. А на пачатку 90-х было вельмі істотнае зьніжэньне нараджальнасьці. Да таго ж летась у шлюб уступіла на 14 тысяч менш, чым у 2007 годзе. Праўда, статыстыкі тлумачаць гэта высакосным годам.

На думку старшыні Беларускай жаночай лігі Ніны Стужынскай, крызіс таксама паўплывае на нараджальнасьць:

“Канечне, паўплывае. Частка гэтай моладзі, якой зараз 21—23 гады і якія нараджаюць, — гэта той узрост, калі дзяцей, прабачце, робяць бяздумна. А вось старэйшыя пары (а зараз шлюб бяруць крыху пазьней), — канечне, яны падумаюць. Крызіс, безумоўна, справа неспрыяльная. Я ведаю, як жанчыны пакутуюць ад беспрацоўя. Тыя, у каго намеціліся дзеці, у роспачы, чым і як будуць карміць дзіця. Гэта вельмі дарагая справа зараз — дзеці, гэта проста раскоша для сям’і”.

Некалькі гадоў таму ў Расеі істотна ўзрасла нараджальнасьць дзякуючы ўвядзеньню так званага “мацярынскага капіталу” — пры нараджэньні другога дзіцяці жанчына атрымлівае прыкладна 10 тысяч даляраў. Начальнік упраўленьня Міністэрства працы Тацяна Шаметавец, што да Беларусі, кажа:

“Пакуль у нас пра мацярынскі капітал канкрэтна гаворка ня йдзе. У нас ёсьць іншыя захады падтрымкі сям’і, у прыватнасьці — дапамога. Што тычыцца жыльлёвых пытаньняў, то гэта крэдыты для шматдзетных сем’яў. У іх — з другога дзіцяці, у нас — з трэцяга. Пакуль з улікам магчымасьцяў у нас сыстэма такая, якая ёсьць. Расейскія тэлеканалы дражняць нас вельмі часта, у тым ліку і мацярынскім капіталам. Але ў Расеі свае магчымасьці, у нас — свае”.

Гутару наконт стымуляваньня нараджальнасьці са старшынёй Беларускай жаночай лігі Нінай Стужынскай:

“Расея пры ўсім пры тым увяла мацярынскі капітал. Гэта магло б паспрыяць неяк?”

“Безумоўна. Людзям жа трэба гарантыі нейкія. Нараджаючы дзіця, трэба ж разьлічваць, чым карміць, як выхоўваць. Разумныя людзі плянуюць сям’ю і нават думаюць пра тое, чым плаціць будуць за адукацыю. Гэта сапраўды дзяржаўны падыход да нараджальнасьці, а ў нас адны словы пакуль. На ўзроўні дзяржавы гэта не адносіны. Няма сапраўднай праграмы, няма дзяржаўнага падыходу да гэтай праблемы. А заклікаць — “нараджайце, нараджайце” — гэта ж не дзяржаўны падыход”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG