Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет суцэльнай праўды нікому не патрэбны


1 красавіка: Дзень сьмеху, Дзень дурня, Дзень гумару… — гэты шэраг можна працягваць. Але як ні назаві, сутнасьць аднолькавая: нехта хітруе альбо папросту маніць, а нехта — ці верыць, ці не. Чым ёсьць няпраўда для чалавецтва? І ці маглі б мы існаваць у сытуацыі татальнай праўды, калі яна сапраўды існуе — праўда аб’ектыўная, праўда ўнівэрсальная? Чаму людзі хлусяць?

Падман, хлусьня, брахня — з аднаго боку. Хітрыкі, хітраваць, недагаворваць — з другога. Зусім розныя эмацыйныя складнікі ў этычным разуменьні сынонімаў. І розьніца можа быць прынцыповай, лічыць філёзаф Валянцін Акудовіч:

Валянцін Акудовіч
“Падман — гэта слова нядобрае, этычна яно нагружанае адмоўнымі эмоцыямі. А вось што да „хітраваньня“ — яно на памежжы станоўчага і адмоўнага, але ўсё ж значна бліжэй да сьвету станоўчага”.

Нават царква, прапагандуючы ідэалы этыкі, разумее немагчымасьць татальнай праўды, праўды абсалютнай. І дапускае няпраўду і несправядлівасьць: існуе інстытут пакаяньня.

Сказаў няпраўду — прызнайся ў гэтым.

З асаблівай увагай грамадзтва ставіцца да супастаўленьня няпраўды мужчынскай і жаночай. І сапраўды, кажуць сацыёлягі: калі ў кожнага свая праўда, дык у кожнага і няпраўда свая недзе павінна быць.

Паводле расейскай статыстыкі, ёсьць шэраг найбольш распаўсюджаных сытуацый, калі мужчыны выбіраюць сказаць няпраўду. 26% — пра колькасьць спажытага алькаголю (кшталту “выпіў адну пляшку піва”, а ня скрыню, як насамрэч); 51% мужчын хавае сымпатыю да іншай асобы; 21% ілжэ ў выпадку здрады; 13% перабольшваюць кошт набытку, падкрэсьліваючы сваю платаздольнасьць.

Што да сямейных стасункаў, тут хітрыкі і падман вымяраюцца цэнзам даверу, лічыць псыхоляг Жана Міцкевіч.

“Калі кажуць, што мужчыны больш падманваюць, хітруюць, то, паводле майго досьведу, гэта мае месца тады, калі ад самага пачатку ў сумесным жыцьці не было псыхалягічнай ўстаноўкі на давер паміж жанчынай і мужчынам”.

Ёсьць хітрыкі, якія проста глупства лічыць падманам, сьцьвярджае псыхоляг:

“Хітраваньне, якое ідзе на карысьць сям’і, — гэта папросту гнуткі розум жанчыны ці мужчыны. Вось прыклад: мужчына страчвае працу, але тут жа ён шукае новую. І ня хоча, каб жонка нэрвавалася лішне. І ён ня кажа ёй, што страціў працу. А ставіць перад фактам тады, калі ўжо знайшоў новую, калі праблема вырашана. Тады паведамляе, што вось такое было, вось — ужо вырашана. Гэта — хітраваньне на карысьць стасункам”.

А вось на думку літаратара, выдаўца і мастака Адама Глобуса, глупства — шукаць розьніцу паміж праўдзівасьцю мужчын і жанчын:

Адам Глёбус
“Я лічу самым пэрспэктыўным, калі ў мяне пытаюцца пра мужчыну, жанчыну ды розьніцу між іхнымі рэакцыямі, поглядамі, запытацца: а як у гэтым становішчы будуць пачуваць сябе гермафрадыты? А як дзеці?”

Галоўнае, мяркуе Адам Глобус, — канструктыўнае стаўленьне да жыцьця:

“Ёсьць людзі, якія любяць ілгаць. Загаворваюцца. І сярод іх ёсьць людзі, якія ўсьведамляюць гэтую сваю хібу і становяцца пасьпяховымі расказчыкамі показак. Ці пішуць казкі. Ці пішуць фантастычныя раманы. І тады іх талент ілгаць — становіцца запатрабаваным. Чалавек мусіць са сваёй хібы зрабіць станоўчую якасьць. Ну, падабаецца табе ілгаць людзям — добра, пішы фантастычныя раманы, прыдумляй казкі зь нечаканай канцоўкай. Зрабі з адмоўнага — станоўчае і патрэбнае”.

Часьцяком кажуць: праўдзівых палітыкаў не існуе. Палітыка, маўляў, без мастацтва хлусьні не існавала б. Палітоляг Уладзімер Мацкевіч з гэтым нязгодны:

Уладзімер Мацкевіч
“Палітыка — гэта мастацтва вядзеньня агульных спраў. Таму палітык час ад часу павінен свае думкі не паказваць сьвету. І гэта можа кімсьці ўспрымацца як хлусьня, хаця насамрэч гэта ёсьць выкананьне тых абавязкаў, якія ён мае перад тымі, каго ён прадстаўляе ў сьвеце”.

Шчырасьць палітыка — прыкмета ягонага прафэсіяналізму і пэрспэктыў:

“Шчыры палітык — гэта цалкам верагодная рэч. Менавіта шчырыя палітыкі і робяць сапраўдную палітыку, дамагаюцца тых посьпехаў, вынікаў, якіх было дасягнута шмат і ў 20-м стагодзьдзі пасьля Вялікай Сусьветнай вайны, і ў гэтым стагодзьдзі гэтыя станоўчыя вынікі працягваюцца. А вось хлусьня, падман — звычка дрэнных палітыкаў, і такіх таксама хапае”.

Сьвет абсалютна праўдзівы — немагчымы, як любы абсалют, кажа Валянцін Акудовіч:

“Утапічна. Чалавек ня можа ўвесь час быць шчырым і казаць увесь час праўду. Тут ад чыста пабытовых прычын да больш сур’ёзных шырокіх сэнсаў. Гэта немагчыма ў чалавечым сьвеце апрыёры”.

Як казаў пісьменьнік Станіслаў Ежы Лец, “Просталінейныя, будзьце асьцярожныя на паваротах!” Вось і сьвет, праўдзівы наскрозь, мала прыстасаваны да жыцьця:

“Калі б сьвет быў магчымы з чалавекам, які толькі праўду кажа і робіць толькі справядлівыя рэчы, — гэта быў бы зусім іншы сьвет, які б мы самі не пазналі. І, я думаю, наўрад ці ён бы нам спадабаўся, нават самым вялікім аматарам праўды і справядлівасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG