Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнтары абмеркавалі беларускія справы


У Эўрапейскім парлямэнце спадзяюцца на больш рашучыя крокі афіцыйнага Менску ў захаваньні правоў чалавека і дэмакратыі. У Страсбуры парлямэнтары правялі дыскусію, а на наступным тыдні яны прымуць адмысловую рэзалюцыю.


Эўрапарлямэнтары абмеркавалі сытуацыю ў зьвязку з рашэньнем Рады Эўразьвязу пра далучэньне Беларусі да “Ўсходняга партнэрства” і падаўжэньне на 9 месяцаў мараторыю на візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў. Парлямэнтар Юстас Палецкіс (Літва) апавёў пра асноўны зьмест праекту рэзалюцыі, якую плянуецца прыняць у першыя дні красавіка.

Юстас Палецкіс
“Яна працягвае лінію рэзалюцыі, якая была прынятая ў студзені гэтага году. У сэнсе, што пазытыўныя зрухі ў Беларусі ёсьць, але трэба больш рашуча рухацца ў кірунку правоў чалавека і дэмакратыі. Пералічваюцца новыя факты, якія меліся за гэты час: пазытыўныя і нэгатыўныя. І, канечне, гэта вельмі важнае рашэньне ЭЗ, каб даць шанец Беларусі ўключыцца ва “Ўсходняе партнэрства”.

Чаго ж чакае Эўрапарлямэнт ад Беларусі?

“Мадэрнізацыі і ўдасканаленьня парадку выбараў, каб апазыцыя на роўных магла канкураваць з афіцыйнымі партыямі і асобамі. Забесьпячэньня свабоды прэсы, свабоды думак, правоў чалавека, спыненьня перасьледу па палітычных матывах, свабоды рэлігій. Словам, гэта тое, што ёсьць у статуце ААН і чым займаецца Рада Эўропы. У гэтым кірунку трэба рухацца, і тады будзе адпаведнае разуменьне з боку Брусэлю”.

На ўчорашнім пасяджэньні Эўрапарлямэнту адбыўся аналіз сытуацыі ў Беларусі з удзелам эўракамісара па зьнешніх сувязях Бэніты Фэрэра-Вальднэр. Якія ж настроі цяпер існуюць сярод эўрапарлямэнтароў? Юстас Палецкіс адзначыў:
палітыка ізаляцыі не прывяла до посьпеху і трэба супрацоўнічаць зь Беларусьсю ...

“У галоўных групах — і нашай, сацыял-дэмакратаў, і народных (правых) партый — ёсьць розныя галасы, і гэта адчувалася падчас дыскусіі. Бальшыня падтрымлівае лінію, якую прыняла Эўракамісія і ўсе 27 краін на Радзе ЭЗ. Але ёсьць асобныя галасы, што гэта зроблена занадта рана і што саступкі з боку афіцыйнага Менску надта нязначныя і ня трэба гэтага рабіць. Але гэта меншасьць. Я лічу, што палітыка ізаляцыі не прывяла до посьпеху і трэба супрацоўнічаць зь Беларусьсю. І яна можа мець добрыя стасункі і з Расеяй, і з ЭЗ. А як гэта зрабіць, як лявіраваць, — гэта ўжо справа Менску. І калі афіцыйны Менск будзе рухацца — як і дагэтуль, хоць і недастаткова — у бок большай дэмакратыі і правоў чалавека, то Брусэль пойдзе насустрач”.

Ці будзе залежаць ад думкі Эўрапарлямэнту атрыманьне Аляксандрам Лукашэнкам запрашэньня на саміт у Прагу?Паводле спадара Палецкіса, усё ж вырашальным момантам будзе дамоўленасьць міністраў замежных спраў 27 краінаў. Аднак падчас дэбатаў некаторыя парлямэнтары заявілі, што запрашаць кіраўніка Беларусі на саміт ня варта. А 6-га красавіка ў Менск накіруецца дэлегацыя Эўрапарлямэнту, якая правядзе сустрэчы з афіцыйнымі асобамі і апазыцыяй. Гэта адбудзецца ўпершыню за апошнія гады, бо раней афіцыйны Менск не даваў візаў шмат каму з эўрапарлямэнтароў. Спадар Палецкіс таксама адзначыў, што калі ў Беларусі “адбудзецца нешта неспрыяльнае і дрэннае”, то Эўразьвяз можа прыняць новае рашэньне ў справе санкцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG