Кіраўнік гішпанскага МЗС прыбыў у Менск упершыню з часу атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Мігель Марацінас зазначыў, што ён прыехаў у Менск “у трох капелюшах”: як прадстаўнік сваёй краіны, Рады Эўропы і Эўразьвязу. Справа ў тым, што Гішпанія цяпер узначальвае Камітэт міністраў Рады Эўропы, а з 1 студзеня 2010 году стане старшынём Эўразьвязу.
Пасьля перамоваў зь Сяргеем Мартынавым спадар Марацінас прызнаў, што ягоная краіна падчас нядаўніх дэбатаў у Брусэлі выступала за далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу, а ў часе свайго старшынства ў гэтай арганізацыі Гішпанія хацела б падпісаць першую базавую дамову, якая вызначала б дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу.
“Мы хочам распачаць наша старшынёўства поўнай нармалізацыяй паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Дзеля гэта трэба рашуча пакласьці канец гэтаму пэрыяду санкцыяў і абмежаваньняў. Я лічу, што гэта рэцэпты мінулага. Гішпанія заўсёды верыць — і гішпанская дыпляматыя — у дыялёг, у супрацоўніцтва, у манеру працаваць разам, а не ў ізаляцыю і санкцыі — гэта ніколі не прыносіла плёну”.
Мігель Марацінас таксама зазначыў, што Гішпанія як дзейны старшыня Рады Эўропы выступае за збліжэньне Беларусі і з гэтай арганізацыяй. Спадар Марацінас выказаўся ў падтрымку вяртаньня Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які быў замарожаны ў 1997 годзе пасьля роспуску Вярхоўнага Савету, і выказаў спадзеў, што ў бліжэйшай будучыні Беларусь стане паўнавартасным сябрам Рады Эўропы.
Аляксандар Лукашэнка, прымаючы госьця з Мадрыду, таксама выступіў за больш цесныя дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу:
“Знаходзячыся ў цэнтры Эўропы, мы хацелі б самых добрых адносін з нашымі суседзямі, з Эўрапейскім Зьвязам. Матывацыя вельмі моцная — мы палову таваразвароту маем сёньня з Эўразьвязам. Палова таваразвароту ляжыць на Ўсход. Вось і ўся матывацыя. Гэта пытаньне жыцьця нашай дзяржавы. І пагадзіцеся, што жыць у 21-м стагодзьдзі і глядзець адзін на аднаго праз плот — таксама пэрспэктыва ня вельмі прыстойная”.
Менскі палітоляг Аляксей Кароль пазыцыю гішпанскага міністра камэнтуе як праяву больш прагматычнага падыходу да Беларусі, які існуе ў Эўразьвязе поруч з падыходам, заснаваным на маральных каштоўнасьцях і патрабаваньнях да афіцыйнага Менску выконваць правы чалавека і папярэдне вылучаныя Брусэлем умовы. Апошні падыход дэманструюць, напрыклад, Нідэрлянды, зазначыў спадар Кароль:
“Думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае неаднастайнасьць меркаваньняў краін Эўразьвязу і дэманструе, скажам, крайні пункт погляду на скасаваньне санкцыяў на прагматычнай аснове без усялякіх умоваў і вернасьці каштоўнасьцям. Існуе і іншы пункт погляду, як у Нідэрляндаў. Таму, хутчэй за ўсё, працэс будзе ісьці па нейкай сярэдняй лініі”.