Гішпанія выступіла за скасаваньне ўсіх санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі. Пра гэта Мігель Марацінас паведаміў пасьля перамоваў зь Сяргеем Мартынавым.
Гішпанскі дыплямат зазначыў, што ў часе візыту ён прадстаўляе ня толькі сваю краіну, але і Раду Эўропы і Эўрапейскі зьвяз, бо ад 1 студзеня 2010 году Гішпанія будзе старшыняваць у гэтай арганізацыі.
“Мы хочам, каб на пачатку нашага старшынства была падпісана першая базавая дамова, якая вызначала бы нашыя двухбаковыя дачыненьні. Да гэтага часу мы павінны цалкам пакласьці канец усім санкцыям і абмежаваньням — мэханізмам учорашняга дня”, — заявіў Марацінас.
Гішпанія як старшыня Рады Эўропы выступае за тое, каб дачыненьні зь Беларусьсю разьвіваліся інтэнсіўней.
Гішпанія падтрымлівае наданьне Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. Марацінас выказаў спадзеў, што ў бліжэйшай будучыні Беларусь стане паўнавартасным сябрам Рады Эўропы.
Дыплямат таксама паведаміў, што ў Менску бліжэйшым часам будзе адкрыты Інфармацыйны цэнтар Радыё Эўропы.
***
Гэта першым візыт кіраўніка зьнешне палітычнага ведамства Гішпаніі пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці.
“Такім чынам мы робім гісторыю”, - зазначыў Марацінас.
“Мы павінныя ісьці на кампрамісы і зрабіць нашыя адносіны больш інтэнсіўнымі”, - дадаў ён.
Паводле Марацінаса, мэты ягонага візыту: разьвіцьцё двухбаковых дачыненьняў, а таксама разьвіцьцё дачыненьняў Беларусі і Рады Эўропы, у якой цяпер старшынюе Гішпанія.
У сваю чаргу Сяргей Мартынаў заклікаў да ўсебаковага разьвіцьця адносінаў паміж дзяржавамі. Ён засяродзіў увагу на эканамічным супрацоўніцтве.
“Нягледзячы на эканамічны крызіс, мы павінныя думаць пра стасункі ў эканамічнай сфэры і паскорыць іх”, - заявіў Мартынаў.
Паводле кіраўніка МЗС Беларусі, Гішпанія - заўважны сябра Эўразьвязу з эканомікай, якая разьвіваецца вельмі хутка. “Беларусь – таксама краіна з адной з самых пасьпяховых эканомік у былым СССР”.
Мартынаў прызнаў, што эканамічныя стасункі Беларусі і Гішпаніі пакуль невялікія. Пры гэтым тэмпы росту летась склалі 36%, “што сьведчыць пра інтарэс да супрацоўніцтва ў эканамічнай сфэры”.
Дыпляматычныя стасункі Паміж Беларусьсю і Каралеўствам Гішпанія ўсталяваныя 13 лютага 1992 году.
- Таваразварот у 2008 годзе - 219 мільёнаў даляраў ЗША. У параўнаньні з 2007 годам – падрос на 36,4%.
- Экспарт скараціўся на 7,9%, склаў 22,4 мільёны даляраў
- Імпарт павялічыўся на 44,4%,склаў 196,6 мільёны даляраў.
Агульны аб’ём інвэстыцыяў у беларускую эканоміку ў 2008 годзе 106,4 тысячаў даляраў.