Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белсат глядзяць каля 200 000 беларусаў


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Ужо больш за год уладальнікі спадарожнікавых антэнаў у Беларусі могуць глядзець тэлеканал Белсат. Якія геапалітычныя мэты перасьледуе Польшча, выдаткоўваючы сродкі на беларускі тэлепраект? Ці задавальняе гледачоў якасьць паказваных тэлепраграмаў? Пра гэта ды іншае Міхась Скобла гутарыць зь сябрам Грамадзкай рады пры “Белсаце” кінарэжысэрам Уладзімерам Коласам.


Міхась Скобла: Спадар Уладзімер, як вы ўвогуле ацэньваеце працу Белсату? Я маю на ўвазе той канчатковы прадукт, які шчасьлівыя ўладальнікі “талерак” бачаць на тэлеэкране?”

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас:
“Як шчасьлівы ўладальнік “талеркі”, я ацэньваю працу канала станоўча. Гэта вялікае дасягненьне, што нарэшце зьявіўся такі канал у нашай інфармацыйнай прасторы. Да зьяўленьня Белсату ў нас папросту не было незалежнай, альтэрнатыўнай, аб’ектыўнай ацэнкі падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі. Не было на тэлеэкране нармальных незаангажаваных асобаў і не было праўды, а была проста прапаганда. Таму зьяўленьне такога канала трэба вітаць, і ўсе мы яго вітаем. Працу кіраўніцтва Белсату ацэньваю, безумоўна, станоўча, бо падняць такі цяжар, зьдзейсьніць такую справу – вельмі і вельмі складана”.

Скобла: “Зьмена кіраўніцтва ўжо пачынае нэгатыўна адбівацца на працы тэлеканалу. Я маю на ўвазе сыход Паўла Мажэйкі – вядучага цікавай перадачы “Госьць Белсату”. Шкада будзе, калі перадача гэтая ўвогуле закрыецца. А ці ня той гэта выпадак, калі, паводле даўняй беларускай прыказкі, паны сварацца, а ў мужыка чуб трашчыць?”

Колас: “Рэзкія дзеяньні ў адносінах да кіраўніцтва Белсату, беумоўна, нэгатыўна адбіваюцца на ягонай працы. Звальненьне спадарыні Рамашэўскай, на якой столькі было завязана, столькі ад яе залежала, безумоўна, ня можа пазытыўна адбіцца на працы каналу. (Сп. Рамашэўская 24 сакавіка адноўленая на сваёй пасадзе. – Рэд.). З другога боку, дрэнны той кіраўнік, без якога калектыў ня можа працаваць. Калектыў павінен працаваць далей, бо галоўнае ў любой сытуацыі – гэта агульная справа. Таму сыход Паўла, я лічу, гэта імпульсыўны крок, ня вельмі пралічаны, і, можа быць, калі галава трошкі астыне, то ён вернецца, ён павінен вярнуцца на канал. Як, я упэўнены, вернецца спадарыня Агнешка, яе ўплыў на канал, яе супрацоўніцтва з каналам ня будзе перарывацца ні на адну хвіліну”.

Скобла: “Давайце зьвернемся да гісторыі стварэньня Белсату. Чыя гэта была ініцыятыва – спадарожнікавы канал па-беларуску і для Беларусі?”

Колас: “Дазволю сабе нясьціпласьць параўнаць канал з Беларускім гуманітарным ліцэем. Нельга сказаць, што адзін Колас яго “нарадзіў” ці нехта іншы. Ідэя беларускага ліцэю проста лунала ў паветры. Яна матэрыялізавалася праз тых, хто вырашыў заняцца гэтай справай. Таксама і з Белсатам. Памятаю, даўным даўно, яшчэ ў 1997 годзе, я наведаў Сербію і Чарнагорыю, зайшоў на сатэлітны тэлеканал у Падгорыцы, які вяшчаў на Сербію і фінансаваўся Эўропай. Ён меў шчыльныя кантакты з Бі-Бі-Сі, якое навучала кадры і г.д. Той канал зрабіў шмат для дэмакратычных пераўтварэньняў у былой Югаславіі, у тым ліку ў Сербіі. І тады яшчэ нарадзілася думка: а чаму ў нас няма такога альтэрнатыўнага тэлевізійнага канала? Пры Таварыстве беларускай мовы існавала ініцыятыўная група, якую ўзначальваў Сяржук Кручкоў, яна якраз займалася гэтай справай, лабіравала праект незалежнага тэлевізійнага канала ў Беларусі. Паралельна і ў Польшчы паўстала такая ж ініцыятыва, былі кантакты, кансультацыі з беларускім бокам. Я асабіста меў сустрэчы на польскім тэлебачаньні і з тымі, хто стаяў ля вытокаў Белсату. Ён паўстаў у выніку агульных намаганьняў, але, безумоўна, лідэрская роля належыць спадарыні Агнешцы Рамашэўскай і блізкаму колу яе паплечнікаў”.

Скобла: “Назіраньне з апошніх паездак па Беларусі: сёньня спадарожнікавыя антэны можна пабачыць у самай захудалай вёсачцы. А як вы ацэньваеце аўдыторыю Белсату – сёньня і ў будучыні?”

Колас: “Тыя, хто мае “талеркі”, асабліва ў вёсках, Белсат глядзяць, і глядзяць актыўна. Мы маем у складзе нашай Грамадзкай рады спадара Вардамацкага, які робіць пэўныя сацыялягічныя дасьледаваньні. Мы ведаем, што папулярнасьць Белсату расьце. Сёньня Белсат глядзяць каля 200 000 чалавек. Я думаю, што ў яго вельмі добрыя пэрспэктывы. У сувязі з нашым гаротным становішчам у галіне электронных СМІ канкурэнтаў у Белсату сярод тэлевізійных каналаў няма. Таму ягоная аўдыторыя можа расьці вельмі заўважна, і гэтаму павінна спрыяць распаўсюджваньне інфармацыі пра тое, што такі канал ёсьць. Людзі будуць набываць “талеркі”, каб яго глядзець, пры ўмове, вядома ж, што там будуць зьяўляцца цікавыя перадачы”.

Скобла: “Нядаўна польскі журналіст Цэзары Галіньскі ў эфіры нашага радыё расказаў адну гісторыю. Ня буду яе пераказваць, прыгадаю толькі словы, якія журналіст пачуў ад звычайнай прыбіральшчыцы: “Польскае тэлебачаньне мусіць быць для палякаў!” Ці магчыма такое, што і польская палітычная эліта стане думаць прыкладна так, як тая прыбіральшчыца?”

Колас: “Наколькі мне вядома, і сёньня сярод польскай палітычнай эліты ёсьць людзі са сьвядомасьцю тае прыбіральшчыцы. Мы памятаем кідкі палітычны лёзунг, які прамовіў пэўны палітычны дзеяч: кожная кухарка павінна ўмець кіравацьдзяржавай… Я думаю, што ў польскім палітычным істэблішмэнце дастаткова людзей, якія думаюць іначай. І калі такі канал паўстаў у Польшчы, значыць, гэта камусьці трэба. Гэта трэба ня толькі нам – беларусам, але і палякам, якія разумеюць небясьпеку існаваньня дыктатуры ў цэнтры Эўропы і зусім побач з Польшчай”.

Скобла: “І ўсё ж мне не зусім зразумела: якія геапалітычныя мэты перасьледуе Польшча, выдаткоўваючы немалыя фінансавыя сродкі на Белсат?”

Колас: “Мне таксама, шчыра кажучы, гэта не зусім зразумела. Дык мне незразумела і тое, чаму амэрыканцы выдаткоўваюць сродкі на беларускую службу радыё “Свабода”. Можна гэтае пытаньне задаць і сабе, і амэрыканцам, але, я думаю, лепш не ўдавацца ў такія сфэры, а думаць пра гэта з удзячнасьцю, расцэньваць гэта як сапраўды высакародны жэст дапамогі беларускай справе. Я ведаю людзей, хто дапамагае ў Польшчы нашаму ліцэю, гэта шчырыя, добрыя людзі. Яны мне казалі так: калісьці дапамагалі ім, калісьці яны былі ў бядотным становішчы, і хочуць цяпер дапамагчы нам, а мы калі-небудзь дапаможам іншым. Я думаю, што мы ўсе абавязкова павінны памятаць пра гэтую дабрыню і далей яе перадаваць. Гэта такая эстафэта дабрыні, добрых справаў. Мне хочацца расцэньваць гэтую дапамогу менавіта так”.

Скобла: “Як сябра Грамадзкай рады вы ж, мабыць, стала глядзіце Белсат. Давайце закранем саму якасьць белсатаўскіх праграмаў. Якія зь іх удалыя, а якія, наадварот, ня робяць гонару каналу?”

Колас: “З таго часу, як мы пачалі глядзець праграмы Белсату сыстэмна, мы адзначаем роўны прафэсійны ўзровень. Там няма нейкіх поўных правалаў, абсалютна непрафэсійных рэчаў. Мы назіраем на выхадзе дабротны прадукт. Што можна адзначыць як найбольш станоўчае? Перадусім важна тое, што мы на экране бачым рэальнае, неадшліфаванае, не трансфармаванае афіцыйнай прапагандай жыцьцё. Мы бачым людзей, якія выказваюцца шчыра наконт рэальных праблемаў. Мы бачым дэмакратычных палітыкаў, якія маюць цяпер трыбуну”.

Скобла: “Я чуў нямала крытычных закідаў на адрас “Калыханкі ад Сашы і Сірожы”. Вы яе таксама лічыце “дабротным прадуктам?”

Колас: “Па-першае, гэтая перадача – не прадукт Белсату, яна закуплена каналам, наколькі я ведаю, за малы кошт, бо яна была ва ўжытку. Што тычыцца майго асабістага стаўленьня, то мне падабаецца гумар на мяжы фолу. Але перадача вельмі няроўная, ёсьць шмат праколаў і безгустоўнасьці. А вось што тычыцца праграмы “Жаўтуха”, якую таксама вядуць “Саша і Сірожа”, то яна ўвогуле па-за густам знаходзіцца, яна сапраўды ня робіць гонару Белсату”.

Скобла: “Грамадзкая рада пры Белсаце, якую, дарэчы, узначальвае наш вядомы паэт і колішні старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін, стваралася дзеля таго, каб даваць нейкія рэкамэндацыі кіраўніцтву Белсату. Дык што б вы парэкамэндавалі?”

Колас: “Рада сапраўды стваралася дзеля таго, каб беларусы мелі магчымасьць фармуляваць сваю пазыцыю, каб была нейкая зваротная сувязь. Бо былі ўжо прэцэдэнты, калі нешта тэлевізійнае стваралася быццам бы для беларусаў, а ў беларусаў забывалі і спытаць: ці трэба вам гэта, ці ня трэба. Стасункі ў нас з кіраўніцтвам Белсату не зусім простыя. Тым ня менш, мы ўрэшце наладзілі супрацоўніцтва, зусім нядаўна. Мы адглядалі вельмі доўга праграму “Аб’ектыў”, зь яе мы пачалі наш аналіз, на днях мы зьбіраемся абмяняцца ўражаньнямі, нашымі ацэнкамі. А потым, у красавіку, павінна адбыцца сустрэча з кіраўніцтвам Белсату. Я ўпэўнены, што на ёй абавязкова будзе прысутнічаць і спадарыня Агнешка Рамашэўская”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG