Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьні, жывёлаводы і мэдыкі — у групе рызыкі па сухотах


24 сакавіка — Усясьветны дзень барацьбы з сухотамі. У Беларусі праблема стаіць даволі востра. І хоць колькасьць хворых штогод зьніжаецца — летась на 3,2%, лічба ў 46 хворых на 100 тысяч насельніцтва выклікае трывогу. Для параўнаньня: у Швэцыі і Нарвэгіі суадносіны — 5 хворых на 100 тысяч.

У 2008 годзе сярод абавязковага для абсьледаваньня на сухоты кантынгенту было выяўлена 446 чалавек, хворых на сухоты ў актыўнай форме. Найбольшы ўзровень захворваньняў на сухоты — сярод працаўнікоў жывёлагадоўлі (129 чалавек) і сярод мэдыцынскіх работнікаў.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі, галоўны фтызіятар краіны Генадзь Гурэвіч прывёў такую статыстыку:

Летась захварэлі 103 мэдработнікі.
“Мэдыкі — адна з групаў рызыкі. Яны ўваходзяць у абавязковы пагражальны кантынгент. Летась захварэлі 103 мэдработнікі, гэта ўсяго на сухоты. У тым ліку 18 — з процітубэркулёзных установаў. Гэта, вядома, даволі шмат”.

Сярод катэгорый, якія знаходзяцца пад найбольшай небясьпекай, — зьняволеныя. Спадар Гурэвіч кажа, што зьмены да лепшага ёсьць:

“За апошнія 5 гадоў доля ўпершыню выяўленых хворых у пэнітэнцыярнай сыстэме істотна зьменшылася. Калі ў 2003 годзе было каля 10%, то летась 4% упершыню выяўленых хворых знаходзіліся ў месцах зьняволеньня”.

Былы палітвязень Цімафей Дранчук сядзеў у сьледчым ізалятары на Валадарскага і ў калёніі № 1 на Кальварыйскай. Ён распавёў:

Цімафей Дранчук
“Што тычыцца адкрытай формы хваробы, то для іх існуюць асобныя камэры. Што тычыцца зьняволеных, якія хварэюць на форму закрытую, то іх часьцей за ўсё зьмяшчаюць у камэры звычайныя, дзе знаходзяцца і здаровыя людзі. Калі казаць пра змаганьне з сухотамі на Валадарцы, такога практычна няма. На зонах ня тое што з сухотамі не змагаюцца, а наадварот, калі людзей зьмяшчаюць у штрафныя ізалятары, часьцей за ўсё адтуль яны гэтую хваробу і выносяць. Асабліва ў першай калёніі, калі два тыдні людзей амаль ня кормяць, а яны знаходзяцца ў халоднай і вільготнай камэры. Часьцей за ўсё гэта і зьяўляецца прычынай пачатку хваробы”.

Каля 1 тысячы хворых на тубэркулёз, якія ўхіляюцца ад лячэньня, былі накіраваныя судом на прымусовае лячэньне.
У Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Тубэркулёз” на 2005-2009 гады. Зь бюджэту на яе выдаткавана 71,2 мільярда рублёў. Глябальны фонд для барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй паставіў у Беларусь сучаснае мэдычнае абсталяваньне на 500 тысяч даляраў, і ў хуткім часе паставіць яшчэ на 1 мільён даляраў. Амаль дзьвюм тысячам хворых са сродкаў Глябальнага фонду закуплены дарагія мэдпрэпараты. Лячэньне складаных выпадкаў паводле новых мэтодык доўжыцца два гады і абыходзіцца ў 8 тысяч даляраў, кажа каардынатар праекту ПРААН Ларыса Савішчава:

“Ужо на мытным складзе знаходзяцца прэпараты для лячэньня мультырэзыстэнтнага тубэркулёзу. Мы атрымалі дазвол на лячэньне 200 хворых. Гэта вельмі доўгае і дарагое лячэньне. Прычым 100 хворых знаходзяцца ў месцах зьняволеньня — у праект уцягнута ня толькі звычайнае насельніцтва, але і пэнітэнцыярная мэдыцына, Аршанскі тубэркулёзны шпіталь для асуджаных”.

Генадзь Гурэвіч заўважыў, што патрабуюць капітальнага рамонту многія будынкі тубэркулёзных дыспансэраў, дый сам Рэспубліканскі цэнтар пульманалёгіі і фтызіятрыі. Да таго ж вельмі актуальная праблема зь цяжкімі хворымі:

“У нас каля 1 тысячы хворых з хранічнымі формамі сухотаў і пастаянным бактэрыявыдзяленьнем. Мы ставім пытаньне аб стварэньні хосьпісу ці шпіталя паліятыўнага догляду, дзе такія хворыя павінны знаходзіцца”.

У мінулым годзе ў Беларусі каля 1 тысячы хворых на тубэркулёз, якія ўхіляюцца ад лячэньня, былі накіраваныя судом на прымусовае лячэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG