Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжыць у крызіс


Сёньня Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі прэзэнтавалі Сацыяльнае пасланьне да насельніцтва краіны.

У ім выкладзеныя асноўныя патрабаваньні да ўладаў у справе абароны сацыяльных правоў і правядзеньні эканамічных рэформаў.

Вацлаў Арэшка, адзін з распрацоўшчыкаў пасланьня, кажа, што пакуль крызіс па-сапраўднаму не закрануў большасьць насельніцтва Беларусі:

Вацлаў Арэшка
“Але непакой нарастае. Нарастае разуменьне таго, што сытуацыя ў грамадзтве разам з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі будзе пагаршацца. І людзі будуць усё часьцей ставіць два адвечныя пытаньні: “Што рабіць?” і “Хто вінаваты?” Таму простым людзям і трэба даць адказ простымі словамі на гэтыя пытаньні. І якраз гэтае пасланьне і прызванае пачаць гэтую працу. Вельмі простая задача ў яго — паказаць, што павінна рабіць улада, чаго яна не зрабіла і ня можа зрабіць, і што трэба зрабіць, каб звычайныя людзі вытрымалі той удар, які іх чакае”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч бачыць наступнай задачай — данесьці пасланьне да як мага большай аўдыторыі:

Віктар Івашкевіч
“Гэтае пасланьне мы распаўсюдзім на акцыі 25 сакавіка сярод яе ўдзельнікаў. І заклікаем іх выступіць рэтрансьлятарамі пасланьня сярод усіх сваіх сяброў, знаёмых, калегаў па працы, суседзяў. Толькі калі тысячы людзей далучацца да распаўсюду яго сярод сотняў тысяч людзей, можа быць эфэкт пераменаў у Беларусі”.

Сацыяльнае пасланьне будзе распаўсюджвацца і падчас падрыхтоўкі Сацыяльнага маршу, адзначае каардынатар гэтай акцыі, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ўхналёў. Ён кажа, што аналіз папярэдняга такога маршу паказаў: менавіта недастатковая інфармацыйная праца з насельніцтвам не дазволіла зрабіць пратэстную акцыю па-сапраўднаму масавай.

“Мы тады з ходу пайшлі на мерапрыемствы. І праводзілі іх пераважна нашы актывісты. А вось падняць тыя сацыяльныя групы, якія пацярпелі ад адмены сацыяльных гарантыяў, мы ня здолелі. Мы разьлічвалі далучыць гэтых людзей да нашых акцыяў, аднак гэтага не атрымалася. І трэба прызнаць — вялікага сацыяльнага маршу не атрымалася таму, што мы ня здолелі многія сацыяльныя групы пераканаць у тым, што калі яны пойдуць на акцыі, то яны змогуць чагосьці дамагчыся”.

У сацыяльным пасланьні ад уладаў патрабуецца, у прыватнасьці, прызначыць грашовую дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні пражытковага мінімуму, усталяваць штомесячныя даплаты навучэнцам і студэнтам, шматдзетным сем’ям, інвалідам і дзецям-сіротам, усталяваць стандарт сярэдняй пэнсіі ў памеры 50% сярэдняга заробку.

Грошы на гэтыя ды іншыя захады можна знайсьці, калі скараціць ня менш як на 30% фінансаваньне органаў улады, адмовіцца ад такіх стратных праектаў, як будаўніцтва АЭС, аграгарадкоў, лядовых палацаў, увесьці абмежаваньні па матэрыяльных узнагародах кіраўнікам прадпрыемстваў, якія атрымліваюць бюджэтныя датацыі, сьцьвярджаецца ў Сацыяльным пасланьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG