Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белпошта: падпіска на “Вольнае Глыбокае” немэтазгодная


Збор подпісаў, каб вярнуць "Вольнае Глыбокае" ў падпісны каталёг
Збор подпісаў, каб вярнуць "Вольнае Глыбокае" ў падпісны каталёг

Рэадактар газэты Уладзімер Скрабатун атрымаў ліст ад кіраўніцтва “Белпошты”, дзе напісана, што ўключаць незалежнае выданьне ў падпісны каталёг “немэтазгодна”.


У лісьце, які працытаваў спадар Скрабатун, гаворыцца, што два суб’екты гаспадараньня вольныя заключыць паміж сабою пэўныя дамовы. Такім чынам, па заканадаўстве і Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белпошта” магло б дамовіцца з выдаўцом “Вольнага Глыбокага” наконт распаўсюду гэзэты па падпісцы, але рабіць гэтага ня будзе.

“Галоўнаму рэдактару газэты “Вольнае Глыбокае” Скрабатуну У.І.

Паколькі нейкія абавязкі, што да ўключэньня выданьняў у падпісны каталёг, не рэглямэнтаваныя заканадаўствам, адбор выданьняў для падпіснога каталёгу зьяўляецца правам РУП “Белпошта”. “Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэньне ў каталёг газэты “Вольнае Глыбокае”.


- Карацей кажучы, два суб’екты гаспадараньня могуць заключыць дамову, яны могуць арганізаваць падпіску, але – ня хочуць. Вось як!– тлумачыць сэнс доўгага ліста, дзе згадваюцца з паўдзесятка розных заканадаўчых актаў спадар Скрабатун.

Ліст да кіраўніцтва “Белпошты”, на які ён атрымаў адмову, рэдактар і выдавец “Вольнага Глыбокага” напісаў паводле парады кіраўніка Глыбоцкага раённага вузлу сувязі Алега Пучкоўскага. Мясцовыя актывісты спрабавалі дамагчыся таго, каб газэту распаўсюджвалі па падпісцы, спачатку на раённым ўзроўні: сабралі подпісы ды зьвярнуліся ў тамтэйшую паштовую структуру. У адказ ім напісалі, што зьвяртацца трэба ў Менск. Аднак праблемы гэта ня вырашыла.

Падпіска на газэту “Вольнае Глыбокае” была скасаваная ў 2006 годзе. З тае пары распаўсюд газэты стаў сямейнай справай Скрабатуноў. Паводле спадара Уладзімера, усе спробы далучыць да гэтага прадпрымальнікаў, уладальнікаў і гандляроў глыбоцкіх крамаў і шапікаў скончваліся няўдачай:

- Згодна з заканадаўствам мусіць быць так: два суб”екты гаспадараньня могуць заключыць дамову. Так, я іду ў краму, знаходжу гаспадара і пытаюся, ці хоча ён прадаваць газэту “Вольнае Глыбокае”. Ён кажа: ”Хачу!” Мы заключаем дамову, а назаўтра да яго зьяўляецца “ідэоляг” з райвыканкаму і кажа: “У цябе хутка скончыцца ліцэнзія, і ты яе больш не атрымаеш, калі будзеш прадаваць “Вольнае Глыбокае”. Вось на гэтым і скончваюцца нашыя адносіны ў якасьці двух суб’ектаў гаспадараньня”.

Сёньня “Вольнае Глыбокае” распаўсюджваецца выключна на Глыбоччыне, аднак гэтая газэта ёсьць адзіным у Віцебскай вобласьці незалежным выданьнем. Уладзімер Скрабатун не бярэцца патлумачыць, чаму распаўсюд у шапіках і па падпісцы дазволены для “Народнай Волі” і “Нашай Нівы”, а для “Вольнага Глыбокага” – не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG