Актывіст руху “За свабоду” Яраслаў Берніковіч, які сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў ахвотных атрымліваць “Вольнае Глыбокае” па падпісцы, паведаміў, што начальнік РУСу Алег Пачкоўскі пераклаў адказнасьць за сытуацыю з газэтай на вышэйшае кіраўніцтва — параіў зьвяртацца з прапановамі ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белпошта”. Перад тым, як даць гэткі адказ, раённае паштовае кіраўніцтва раілася з начальствам у “Віцебскаблпошце” — пра гэта таксама паведамілі глыбоцкім актывістам супрацоўнікі мясцовага вузла сувязі.
Паспрыяць аднаўленьню падпіскі на “Вольнае Глыбокае”, скасаванай адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, адмовіліся на просьбу актывістаў і прадстаўнікі раённай адміністрацыі. Яны забаранілі праводзіць пікеты на падтрымку газэты.
Цяпер адказаў ад старшыні глыбоцкага райвыканкаму і кіраўніка ідэалягічнага аддзелу чакаюць віцебскія сябры БАЖ. Яны патрабуюць, каб чыноўнікі патлумачылі, чаму дзьве рэгіянальныя газэты — дзяржаўная “раёнка” “Весьнік Глыбоччыны” і незалежнае выданьне “Вольнае Глыбокае” — маюць няроўныя правы і чаму праз гэта абмяжоўваецца канстытуцыйнае права чытачоў на атрыманьне праўдзівай і рознабаковай інфармацыі.