Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку асуджаныя забойцы беларуса Руслана Цімашэнкі


Russel Timoshenko
Russel Timoshenko
Як падае нью-ёрскі друк, Вярхоўны суд штату Нью-Ёрк асудзіў на турэмнае зьняволеньне ўсіх трох удзельнікаў забойства бруклінскага паліцыянта Расэла (Руслана) Цімашэнкі. У ліпені 2007 году, патрулюючы, 23-гадовы выпускнік паліцэйскай акадэміі спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак бандыты расстралялі яго ў твар.

Народжаны ў Бабруйску Руслан Цімашэнка разам са сваімі бацькамі Леанідам і Тацьцянай пераехаў на сталае жыхарства ў ЗША на пачатку 1990-х. Пасьля заканчэньня амэрыканскай школы юнак пачаў вывучаць архітэктуру ў нью-ёрскім Сіці-каледжы. Аднак, як ён нярэдка паўтараў, “жаданьне бачыць свой любімы Нью-Ёрк бясьпечным горадам усё ж перамагло”. У студзені 2006-га Расэл скончыў паліцэйскую акадэмію і трапіў на службу ў 71 участак Нью-Ёрку. Цягам службы малады афіцэр зьдзейсьніў 15 асабліва цяжкіх затрыманьняў.

Пасьмяротна Расэл Цімашэнка атрымаў званьне ганаровага жыхара Нью-Ёрку.
За геройства, праяўленае ў часе апошняга патруляваньня, Цімашэнку было пасьмяротна прысвоена ганаровае званьне дэтэктыва. Таксама пасьмяротна Расэл Цімашэнка атрымаў званьне ганаровага жыхара Нью-Ёрку.

Паводле бацькоў Руслана, а таксама яго сяброў і калегаў, суд праходзіў доўга і вельмі складана. Прысяжныя доўга не прызнавалі віны злачынцаў Дэкстэра Бостыка, Робэрта Эліса і Лі Вудса.

За час слуханьняў абвінавачаньне прадставіла суду звыш 40 сьведкаў злачынства і вялікую колькасьць доказаў.

У выніку Вярхоўны суд Нью-Ёрку прызнаў віну Дэкстэра Бостыка і асудзіў яго на пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне. Акрамя таго, па сукупнасьці за іншыя злачынствы Бостыку дадалі яшчэ 55 гадоў турмы. Вінаватым у забойстве паліцыянта быў прызнаны і Лі Вудс. Яго таксама асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права на амністыю. Адбіткаў пальцаў Робэрта Эліса на зброі, зь якой быў забіты Цімашэнка, не знайшлося, але рашэньнем суду ён асуджаны на 15 гадоў турмы за незаконнае захоўваньне зброі.

Камісар паліцыі Нью-Ёрку Рэйманд Кэлі пракамэнтаваў вэрдыкт наступным чынам: “Гэта быў справядлівы прысуд за жудаснае злачынства. Спадзяюся, што ён прынясе хоць нейкі спакой Тацьцяне ды Леаніду Цімашэнкам. Увесь гэты час яны дэманстравалі такую моц духу, цярпліва чакаючы трыюмфу правасудзьдзя”.

Рэйманд Кэлі таксама дадаў, што нью-ёрскім паліцыянтам не хапае Расэла Цімашэнкі.

“Цімашэнка быў сьмелым паліцыянтам. Разьвітваючыся зь ім, мы прысягнулі, што будзем пільнаваць, каб забойцы адказалі па ўсёй строгасьці закону”, — сказаў камісар паліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG