Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Нью-Ёрку заклікаў жыхароў гораду маліцца за ўраджэнца Беларусі


Радыё Свабода Мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг заклікаў жыхароў гораду маліцца за Расэла (Руслана) Цімашэнку – 23-гадовага паліцыянта беларускага паходжаньня. Вось ужо амаль тыдзень фатаграфіі гэтага сымпатычнага амэрыканца не сыходзяць са старонак нью-ёрскіх выданьняў, інтэрнэт-сайтаў, рэгулярна паказваюцца ў інфармацыйных тэлепраграмах. У панядзелак уначы ў адным з раёнаў Брукліну Расэл Цімашэнка спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў цяжка паранены. Лекары шпіталю Kings County, дзе знаходзіцца паліцыянт, называюць сытуацыю крытычнай.

Разам са сваімі бацькамі Леанідам і Тацянай Цімашэнкамі 9-цігадовы Руслан пераехаў з Бабруйску ў Нью-Ёрк у 1993 годзе. Сям’я пасялілася ў Брукліне. Новыя амэрыканскія сябры Руслана не змаглі прызвычаіцца да ягонага імя і неўзабаве пачалі зваць хлопчыка Расэлам.

Расэл пасьпяхова выступаў за розныя школьныя спартовыя каманды, таксама захапляўся дызайнам. Нават паступіў у нью-ёрскі Сіці-коледж дзеля таго, каб вывучаць архітэктуру. Аднак, як ён нярэдка паўтараў, жаданьне бачыць “свой родны і любімы Нью-Ёрк бясьпечным горадам” усё ж перамагло. У студзені 2006 Расэл скончыў Паліцэйскую акадэмію і трапіў на службу ў 71 участак Нью-Ёрку.

На сваю апошнюю патрульную службу Цімашэнка выйшаў у ноч на 9-га ліпеня. Відэакамэра назіраньня на адным з будынкаў участку зафіксавала ня толькі трагічнае здарэньне, але і твары злачынцаў. Адзін з трох быў вядомым у крымінальным сьвеце рабаўніком і гвалтаўніком. Менавіта ён двойчы страляў у твар Расэла. Кулі 45-га калібру прайшлі праз рот і нос паліцыянта і заселі ў галаве.

У шпіталь хуткай дапамогі Расэла даставілі літаральна праз 15 хвілінаў пасьля раненьня. Цягам некалькіх гадзінаў хірургі бруклінскага шпіталю Kings County змагаліся за ягонае жыцьцё.

“Сытуацыя застаецца вельмі складанай і крытычнай, хаця ацёк на ягоным твары паменшаў”, кажа адзін з хірургаў. “Калі Цімашэнка трапіў да нас ў шпіталь, гэты ацёк быў вельмі вялікім і перашкаджаў яму дыхаць. Калі вы ня дыхаеце цягам пяці хвілінаў, ёсьць небясьпека сур’ёзнага пашкоджаньня мозгу. Наша брыгада зрабіла ўсё магчымае, аднак мы страцілі шмат часу”.

Штодня бальнічны пакой параненага паліцыянта наведваюць нью-ёрскія праваслаўны сьвятар і рабін. У сям’і Расэла, чыя маці беларуска, а бацька габрэй, заўсёды з павагай ставіліся да любой рэлігіі. Разам са сьвятарамі за выздараўленьне юнака штодня моляцца тысячы нью-ёркцаў, прадстаўнікоў самых розных канфэсіяў. Да гэтага іх заклікаў мэр гораду Майкл Блумбэрг.

Падтрымаць Леаніда і Тацяну Цімашэнкаў, якія ўсе гэтыя дні і ночы побач са сваім адзіным сынам, хочуць многія нью-ёрцы. Эмігранты з Расеі Мая і Барыс Маршалікі сёлета ў сакавіку страцілі 19-гадовага сына, паліцэйскага стажора. Раней яны ніколі не былі знаёмыя зь Цімашэнкамі.

“Мы прыйшлі ў гэты шпітальны пакой, таму што самі перажылі штосьці падобнае”, кажа Мая Маршалік, супрацоўніца адной зь нью-ёрскіх мэдычных кампаніяў.

"Большая частка дапамогі, якую цяпер атрымлівае Расэл, гэта духоўная дапамога. І ягоныя бацькі маюць крыху надзеі. Мы сустрэліся зь імі ў палаце, абняліся і ўвесь час гаварылі пра нашых сыноў. Нашым дзецям было цікава жыць. Калі ўсё здарылася з нашым хлопчыкам, яму было 19, Расэлу – 23”.

Усе, хто ведае Расэла, спадзяюцца на цуд. Камісар Нью-Ёрскай паліцыі Рэй Кэлі і ягоныя калегі штодня бываюць у шпіталі.

"Я бачыў сёньня Цімашэнку ў шпіталі. Там былі ягоныя бацькі. Мы разам маліліся за ягонае выздараўленьне. Канешне, мы хочам верыць у цуд. Аднак лекары кажуць, што сытуацыя не паляпшаецца. Ён увесь гэты час знаходзіцца ў коме”.

Паводле калегаў Цімашэнкі, “Расэл заўсёды марыў стаць сапраўдным паліцыянтам. Ён быў для гэтага народжаны”.
XS
SM
MD
LG