Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акрэсьцінскія будні — пазытыўныя


Сёньня ва Ўправе Партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Акрэсьцінскія будні. Дзёньнікі палітвязьняў” — супольнага праекту моладзевых актывістаў і праваабаронцаў.

Ініцыятар стварэньня зборніку Антон Каліноўскі распавядае, што задумка ў яго нарадзілася менавіта ў акрэсьцінскай камэры:

“Гэта ідэя прыйшла мне летась, зімой, на Акрэсьціна, дзе я апынуўся пасьля адной з акцый прадпрымальнікаў. Усе пісалі дзёньнікі, і падумалася, што было б добра сабраць гэтыя расповеды пад адной вокладкай. Каб творы ня зьніклі, а заставаліся”.

Адзін з аўтараў зборніка – мастак Алесь Марачкін. У кнізе – урывак зь ягонай паэмы, працу над якой ён пачаў у камэры:

“Паэма так і называецца: “Акрэсьціна”. Я там пяць дзён быў і кожны дзень нешта пісаў. Папрасіў паперу, аловак, гэтыя прыналежнасьці ўсе мне далі, і я хадзіў па камэры туды-сюды, нешта думаў, нешта запісваў… А некаторыя глядзелі і казалі: “Ты думаеш, ты ходзіш? А насамрэч ты сядзіш”… Ну, гэта вядомы там гумар такі…”

Праваабаронца, літаратурны крытык Алесь Бяляцкі адзначае літаратурныя вартасьці сабраных у зборнік эсэ: “Яны насычаныя гумарам, трапна прыкмечанымі дэталямі, параўнаньнямі і рэмінісцэнцыямі”. Апроч таго, важны і эмацыйны складнік, кажа Алесь Бяляцкі:

“Чым мяне асабіста ўразіла гэтая кніга: тым, што нягледзячы на падобныя сюжэты затрыманьняў і ўтрыманьняў, тым ня менш, кожны аўтар бачыць гэты сьвет турэмнай камэры з чатырох сьценаў і тыя ўзаемаадносіны, якія там адбываюцца, па-свойму. А таксама хачу адзначыць пазытыўны, добры пасыл, які сыходзіць са старонак гэтых дзёньнікаў насуперак драматычнасьці сытуацый, якія там апісваюцца”.

Прэзэнтацыя кнігі “наведнікаў” Акрэсьціна адбываецца ў дзень Унутраных войскаў Беларусі. На думку Антона Каліноўскага, нават сярод тых, каго абавязалі разганяць акцыі пратэсту, ёсьць людзі, якія спачуваюць іншадумцам, ставяцца з разуменьнем да іхных поглядаў:

“Тыя, хто прыйшлі нядаўна, – яны больш азлобленыя на дэмакратычныя сілы, больш заўзята выступаюць супраць любога вальнадумства. А тыя, хто даўно працуе, хто ў сталым веку – тыя іншыя. Было некалькі выпадкаў на маім досьведзе, калі пры карэктным і паважным стаўленьні да іх было люстэркава паважнае і карэктнае стаўленьне да нас. Натуральна, адпусьціць – раней не адпусьцяць, аднак лішнюю перадачу перадаць ці дадому пазваніць дазволяць. Канечне, пад адну грабёнку грэбсьці, у адну лінейку ставіць усіх супрацоўнікаў МУС нельга”.

Сярод аўтараў – лідэр АГП Анатоль Лябедзька, журналіст Сямён Печанко, моладзевыя актывісты і лідэры Андрэй Баранаў, Вольга Кузьміч, Уладзімер Мікалаеў, Алесь Каліта, Франак Вячорка, Кацярына Галіцкая, Ільля Богдан ды многія іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG