Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад крызісу выратуе цыбуля


Брагінскі райвыканкам абавязаў 52 мясцовыя арганізацыі набыць у сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” цыбулю і  выдаць яе сваім працаўнікам у разьліку 10 кіляграмаў на чалавека.

У распараджэньні №50, якое падпісаў першы намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Хмелянок, сказана, што такая рэалізацыя зьвязана “з адсутнасьцю рынкаў збыту на цыбулю”.

Агулам людзі павінны купіць 51 тону 340 кіляграмаў цыбулі. Што называецца, еж — не хачу.

З нагоды “цыбульнай абавязалаўкі” адзін з працаўнікоў брагінскага сельсгаспрадпрыемства распавёў:

“Абсурднае рашэньне. Каму патрэбна тая цыбуля?! І як можна людзей прымушаць браць тое, што ім ня трэба? У Брагіне шмат у каго ў вёсцы ёсьць бацькі. І амаль у кожнага ля дома ёсьць гарод, дзе вырошчваюць і цыбулю. У нас жа мала шматпавярховікаў. Пераважае прыватны сэктар, і брагінцы вырошчваюць гародніну кожны сам сабе. Таму людзі выказваюць прэтэнзіі: як можна прымушаць браць гэтую цыбулю?!”

Першы намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Хмелянок паведаміў нашаму радыё, што цыбуля ў сельгаспрадпрыемстве надзвычай добрая й танная. Ён сабе яе набыў, а выдадзенае распараджэньне носіць рэкамэндацыйны характар:

Ніхто не прымушае. Рэкамэндавалі: хочаш — бяры, хочаш — не бяры.
“Ніхто не прымушае. Рэкамэндавалі: хочаш — бяры, хочаш — не бяры. У мяне сям’я пяць чалавек, дык я сабе дваццаць кіляграмаў выпісаў.

Цыбуля добрая — прайшла цэнз на радыяцыю, нітраты, цяжкія мэталы. Там землі не заражаныя. Мы вырошчваем цыбулю па традыцыйнай тэхналёгіі — з гноем, з усім, што трэба. Ня так, як галяндзкая цыбуля — на адных мінэральных угнаеньнях“.

У афіцыйным распараджэньні Брагінскага райвыканкаму № 50-р сказана: “У сувязі з адсутнасьцю рынкаў збыту на цыбулю і з мэтай яе рэалізацыі абавязваю кіраўнікоў усіх формаў уласнасьці набыць у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Брагінка» цыбулю для патрэбаў сваіх працаўнікоў у кошт заработнай платы з разьліку 10 кіляграмаў на працаўніка”.

Набываць цыбулю абавязаны практычна ўсе арганізацыі раёну — самі калгасы й саўгасы, сельвыканкамы, раённая арганізацыя БРСМ, лясгас, райбальніца, газэта “Маяк Палесься”, аддзелы адукацыі й культуры, а таксама райвыканкам, дзіцяча-юнацкая спартовая школа, Камарынскі ўчастак Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.

Рашэньне брагінскіх уладаў камэнтуе паэт Андрэй Хадановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG