Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З дапамогай цыбулі зьявяцца сьлёзы”


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Паэт Андрэй Хадановіч пракамэнтаваў рашэньне брагінскіх уладаў.

Брагінскі райвыканкам абавязаў 52 мясцовыя арганізацыі набыць у сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” цыбулю і выдаць яе сваім працаўнікам у разьліку 10 кіляграмаў на чалавека.

“Кожнае рашэньне нашай улады грунтоўнае і мае шмат тлумачэньняў нават тады, каля яна, гэтая ўлада, у большасьці выпадкаў гэтых тлумачэньняў ня бачыць. Паспрабуем разабраць, навошта нам гэта трэба.
пары цыбулі раздражняць вочы, безумоўна, заплача, як ад сапраўднага глыбокага крызісу....

Па-першае, мне здаецца, што гэта вельмі глыбокае крызіснае рашэньне. І адразу згадваецца практыка тэатраў. Калі актораў на сцэне не маглі прымусіць шчыра заплакаць, яны выкарыстоўвалі цыбулю, выклікаючы з вачэй гэтыя сьлёзы. Мне здаецца, што брагінскія ўлады лічаць, што ўсясьветны крызіс недастаткова ахапіў Брагінскі раён, і 10 кіляграмаў цыбулі, калі кожны пачне іх рэзаць, а пары цыбулі раздражняць вочы, безумоўна, заплача, як ад сапраўднага глыбокага крызісу.
дазволяць рэзка зьнізіць крымінагенную сытуацыю ў адным асобна ўзятым Брагінскім раёне ...

Па-другое, 10 кіляграмаў цыбулі на чалавека дазволяць рэзка зьнізіць крымінагенную сытуацыю ў адным асобна ўзятым Брагінскім раёне. Як калісьці вампіраў ці якіх нячысьцікаў адганялі часныком. Мне здаецца, што прыемны водар, пах цыбулі з рота брагінцаў зможа прадухіліць шмат якія злачынствы. Сэксуальныя маньякі і маньячкі панюхаюць і спыняць свае злачынныя намеры. Карацей, напрыклад, накарміў дачку альбо сына цыбуляй — і бацькі могуць быць спакойныя.
гэта частка вялікай рэлігійнай праграмы...

Нарэшце, па-трэцяе, мне здаецца, што гэта частка вялікай рэлігійнай праграмы. Відаць, улада вырашыла, што ў Брагіне недастаткова рыхтуюцца да сустрэчы Вялікадня. Яшчэ крыху ёсьць часу падчас посту. Можна нарыхтаваць шмат цыбулевага шалупіньня, і, безумоўна, хопіць на ўсе магчымыя яйкі, якія ўсім Брагінскі раёнам будуць дружна фарбаваць”.

А што ўлады яшчэ могуць прапанаваць грамадзянам набыць ва ўмовах крызісу? Адказваючы на гэтае пытаньне, Андрэй Хадановіч адзначыў:

“У прынцыпе, гэта тэндэнцыя. Часам у нас у дзяржаве вырабнікоў прымушаюць атрымліваць заробкі сваёй прадукцыяй. Да прыкладу, замест выплаты ганарараў пісьменьнікам, нашы дзяржаўныя выдавецтвы прапануюць ім атрымаць частку накладу. Пасьля яны ходзяць, як карабейнікі, са сваёй прадукцыяй. Можа, у Брагіне чулі знакамітую песьню нашага барда Зьмітра Бартосіка, які пра суседні Чачэрскі раён сьпяваў — там героя прымусілі атрымаць заробак гноем, арганічнымі ўгнаеньнямі. І ён вазіў іх у братнюю Расею, спрабуючы іх прадаць. Можа, брагінцы вырашылі, што ўсё гэта сур’ёзна, і ў Чачэрскім раёне так робяць? Можа, цяпер у кірунку Расеі пацягнуцца брагінскія фуры з цыбуляй?!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG