Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З хлебам і салам крызіс ня страшны


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 12 лістапада 2008 году


Улады сьцьвярджаюць, што эканамічнай і фінансавай стабільнасьці ў Беларусі нічога не пагражае. Але трывожныя размовы на тэму эканамічнага крызісу, які ахапіў цэлы сьвет, пачуеш сёньня ў Беларусі на кожным кроку — на вуліцы, у офісе, у вагоне мэтро.

Адбіваецца гэта і на пошце “Свабоды”. Наш слухач Мікалай Купцэвіч зь Менску лічыць, што размовы пра пагрозу эканамічнага спаду ў Беларусі — беспадстаўныя. Ён піша:

“Надта шмат месца вы аддаяце ў сваіх перадачах гэтай тэме. Такое ўражаньне, што вышукваеце тое, чаго няма. Вам жа і людзі на вуліцах кажуць: ня бачаць яны ніякага крызісу. Заводы працуюць, дамы будуюцца, транспарт ходзіць, заробкі ўсюды плацяць... А вам хочацца, каб і Беларусь гэтак жа, як Амэрыка, пакутавала ад крызісу. Прэзыдэнт жа ясна сказаў: крызісу ў Беларусі няма і ня будзе. Дык навошта гаварыць і пісаць пра тое, чаго няма? Чаму вы гэтыя словы па сваёй “Свабодзе” не перадаяце?

Беларусі цяпер трэба яшчэ больш шчыльна зачыніць свае межы, каб зараза з Захаду і Ўсходу не перакінулася на нас. А дзеля гэтага трэба абапірацца найперш на сваю эканоміку, сваю вытворчасьць. Будуць свой хлеб, сваё сала, свае трактары і аўтамабілі — ня будзем мы залежаць ні ад якіх буржуйскіх крызісаў”,
— гэтак лічыць Мікалай Купцэвіч зь Менску.

Cвой хлеб ня вырасьціш без расейскай нафты і ўкраінскага мэталу, зь якога на МТЗ вырабляюць трактары “Беларус”. А калі попыт на гэтыя трактары, як і на іншую прадукцыю машынабудаваньня, зьніжаецца, калі імкліва падаюць кошты амаль на ўсе тавары, якія складаюць аснову беларускага экспарту, — нацыянальную гаспадарку непазьбежна чакаюць складаныя часы. Заклінаньнямі пра адсутнасьць крызісу справу тут не паправіш. І мяжой не адгародзісься, бо ўся беларуская эканоміка грунтуецца на адкрытасьці сьвету, на міжнародным гандлі.

Яшчэ адзін кароткі ліст на гэтую ж тэму даслаў Павал Ліцьвінаў з Полацкага раёну. Слухач піша:

“Крызіс у нашай мясцовасьці пакуль адчуваецца толькі па тым, што з расейскіх будоўляў вярнуліся некалькі мужчын, якія былі там на заробках. Кажуць: і зарплаты зьніжаюцца, і працы няма. Магчыма, Беларусь ад гэтага толькі выйграе: вернуцца кваліфікаваныя работнікі, будуць працаваць на ўласную дзяржаву, а не на расейскага капіталіста”, — гэтак лічыць Павал Ліцьвінаў з Полацкага раёну.

Радавацца тут наўрад ці выпадае, Павал. Беларускія гастарбайтэры везьлі з расейскіх будоўляў валюту, на якую ўтрымлівалі тут свае сем’і. Ці знойдуць яны ў Полацкім раёне такую ж высокааплатную працу — вялікае пытаньне. Асабліва цяпер, калі хваля крызісу ўсё больш накрывае і Беларусь.

Пра восеньскія вясковыя клопаты распавядае ў сваім новым лісьце даўні сябар “Свабоды” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Як толькі ўборка, дык улада хваліцца: “Убярэм ураджай бяз стратаў!” А як у сапраўднасьці? Усе бачаць: ці не палова той жа бульбы будзе зімаваць у зямлі. Раней тое, што засталося пасьля камбайна ці капалкі, зьбірала навакольнае насельніцтва. Цяпер ужо ня тое. Няма людзей, а ў тых, што яшчэ засталіся, нестае здароўя і сілаў.

І так — усюды ў Беларусі. Там лён ня ўбралі, там — буракі, бульбу, цыбулю... І навошта столькі садзіць ды сеяць, калі няма сілы ўбраць?

А яшчэ здараюцца выпадкі, калі і сам калгас убраць ня можа, і людзям не дазваляе забраць тое, што ўсё роўна загіне. Пагражаюць судамі, штрафамі. Вось у Лукаве (гэта СВК “Чырвоны партызан”) пасьля ўборкі кукурузы адразу пусьцілі трактар з плугам — адмыслова, каб насельніцтва не зьбірала катахі.

А ёсьць і іншыя гаспадаркі: там кіраўнік бачыць, што дабро ўсё роўна загіне ў полі — і запрашае людзей: “Ідзіце, забірайце”. Ідуць усе сем’ямі, нават старшыня сельсавету са сваімі дзецьмі”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

У такіх выпадках, відавочна, усё залежыць ад маральных якасьцяў кіраўніка калгасу. Ён мала чым рызыкуе, калі дасьць дазвол людзям бясплатна забраць тое, што ўсё роўна пойдзе пад сьнег. Ня той цяпер час, калі кідалі ў турму “за каласкі”. Чаму ж многія замест таго, каб даць палёгку ўласным калгасьнікам, тэрмінова пускаюць на такія палі трактар з плугам? Гэта выразна сьведчыць пра тое, на чым трымаецца ўся калгасная сыстэма, які галоўны прынцып яе функцыянаваньня. Старшыня калгасу ня здольны за мізэрныя грошы прымусіць людзей выйсьці на палі, каб ратаваць чужую для іх уласнасьць. Ён цудоўна ўсьведамляе, што гэтыя ж людзі, калі б працавалі на сябе, сабралі б усё вырашчанае хутка і без усялякіх пярэчаньняў. Пасланы ім на няўбранае поле трактар з плугам — гэта своеасаблівая помста гэтым людзям, маральная кампэнсацыя самому сабе за ўласную бездапаможнасьць.

Пра калгасныя будні распавядае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” і наш даўні слухач Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Ён піша:

“У аграгарадку “Александрыя” тры гады таму заклалі больш як сто гектараў яблыневага саду. Саджанцы прывезьлі са Славеніі і Малдовы. Кажуць, згодна з праектам, да кожнага дрэўца трэба было падвесьці індывідуальны кампутарны паліў. У нас жа прымяняюць іншую сыстэму: трактар “Беларус”, бочка і вёдры. Да таго ж і клімат наш — зусім ня той, што ў Малдове ці на Адрыятыцы.

Сёлета настаў час культываваць той сад. Трактарыста паслалі ўначы. А той, як аказалася, быў нападпітку. Далей было, як у той кнізе: “Настала ноч, і ў краіне дурняў закіпела праца...” Трактарыст зьнёс ладны кавалак дарагой драцяной агароджы, выкарчаваў каля чатырохсот дрэўцаў. У суд на яго не падавалі. Налічылі за зламаны пярэдні мост трактара тысячу даляраў, ды яшчэ дзьве тысячы — за яблынькі і плот. Цяпер некалькі год яму давядзецца працаваць без аплаты...

...Яшчэ быў сёлета ў Александрыі такі выпадак: згарэла 900 тон сена, увесь першы ўкос, 3000 рулёнаў па 300 кіляграмаў кожны. Прыехалі пажарныя — тушыць ня сталі. Згарэла ўсё чыста, як порах.

Няма, спадар Жданко, толку, калі няма гаспадара на зямлі. Але, як кажуць самі калгасьнікі, калі наўкол бардак, дык лягчэй жыць...”

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

Ня свой сад, ня свой трактар, не сваё сена...Ва ўмовах бязладзьдзя, безгаспадарчасьці, безадказнасьці, сапраўды, прасьцей адвільваць ад працы, сьцягнуць мех калгаснага збожжа, выканаць даручаную працу абы-як... Але наступствам гэтага нібыта лёгкага бесклапотнага жыцьця — заняпад вёскі і паўжабрацкае існаваньне яе насельнікаў. Параўнайце, як жывуць вясковыя гаспадары, фэрмэры хоць бы ў суседняй Польшчы, і як — беларускія калгасьнікі. На сябе чалавек працуе зусім па-іншаму, чым на калгас. Гэта даўно відавочна для ўсіх, у тым ліку і для тых, хто гэтымі калгасамі кіруе.

Наш слухач Сяргей Балбасаў зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну слухае “Свабоду” даўно, але ліст даслаў упершыню. У ім ён піша:

“Мае ўлюбёныя праграмы на Радыё Свабода — “Паштовая скрынка-111”, “Дом літаратара” і “Праскі акцэнт”. Стараюся слухаць іх як мага часьцей, але не заўсёды гэта ўдаецца. Прычынай гэтаму — тое, што немагчыма 24 гадзіны на суткі заставацца ля прыймача. Ёсьць яшчэ праца, ды і іншыя справы. Хоць часам вельмі хочацца быць з вамі як мага даўжэй”.

Сяргей Балбасаў таксама даслаў у сваім лісьце падрабязны рапарт пра чутнасьць перадач Беларускай Свабоды ў першыя дні пасьля пераходу на зімовыя хвалі, за што мы яму шчыра дзякуем.

Яшчэ адзін кароткі ліст на гэту ж тэму — ад Мікалая Цітовіча з Наваполацку. Ён піша:

“Вы зрабілі немагчымае: абудзілі беларускі народ, беларускую ўладу, далі людзям надзею на лепшы лёс беларускай мовы і культуры, а галоўнае — зацікавілі моладзь. Працуйце ў такім жа рэчышчы, вы патрэбны беларусам. Я чуў, што нядаўна вы зьмянілі частоты. Добра было б атрымаць новы расклад працы “Свабоды”. “Свабода” — назаўсёды!” — напісаў у сваім лісьце Мікалай Цітовіч з Наваполацку.

Дзякуй вам, Мікалай, за добрыя словы. Праўда, да абуджэньня народу і ўлады ў Беларусі шлях пакуль ня блізкі, тут вашы камплімэнты гучаць яўным перабольшаньнем. Што да новага раскладу перадач “Свабоды”, то і вы, і сотні іншых удзельнікаў клюбу нашых сяброў неўзабаве атрымаеце яго ў выглядзе новых рэклямных каляндарыкаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG