Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі рынак “Карона” пусьцее


Ад пачатку году, паводле прафсаюзу прадпрымальнікаў, на гарадзенскім рынку “Карона” закрылася каля 100 гандлёвых кропак. Сёньня прадпрымальнікі зьбіраюцца на чарговы сход, каб дамагчыся зьніжэньня арэнды.

Са слоў старшыні прафсаюзу Валянціна Бранцэвіча, арэндадаўца – рынак “Карона”, які сам арэндуе плошчы ў прадпрыемства “Гранітэкс” – плоціць таму 3,49 эўра за адзін мэтар квадратны, а здае прадпрымальнікам па цане 21.65 эўра.

Спадар Бранцэвіч кажа, што згодна прэзыдэнцкага ўказу №168, арэндная плата павінна складаць 6 эўра за квадрат, але акрамя гэтага існуе яшчэ падвышальны каэфіцыент, які зацьвярджаецца старшынём аблвыканкаму.

Бранцэвіч: “Канечне, гэта зашмат. Улічваючы, што продажы вельмі слабыя, а эўра расьце, людзі незадаволеныя такой аплатай. За месяц яна складае два і больш мільёны рублёў”.

Прадпрымальніца Натальля, якая арэндуе плошчу пад гандлёвае месца на рынку “Карона”, кажа, што цяпер у арэнднай аплаце ніхто ня можа разабрацца.

Ад пачатку яна плаціла 15 эўра, а сёньня нават пасьля 10 працэнтнай скідкі – больш за 21 эўра. У выніку нельга за месяц «адбіць», як кажуць, нават арэнду, а ня тое, каб разьлічваць на нейкі прыбытак.

Спадарыня: “Наагул за 20 м.кв. я плачу (у мяне падатак 120 эўра – тарыфная стаўка такая, якая потым памнажаецца на плошчу й на каэфіцыент) за арэнду й камунальныя паслугі 2 мільёны ды 2 мільёны – падатак і НДС. Усяго 4 мільёны”.

Прадпрымальнікі пісалі ўжо скаргі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Гарадзенскі аблвыканкам, прадпрыемства “Гранітэкс” і ў Беллегпрам.

Спадарыня: “Зь дзьвюх інстанцый прыйшлі адказы: зь Беллегпрама і “Гранітэкса”. Яны пішуць, што арэндная стаўка была ўстаноўлена рэспубліканскай камісіяй па нерухомасьці, маўляў, ня мы ўстанаўлівалі й ня нам адмяняць”.

Намесьнік генэральнага дырэктара рынка “Карона” Ісак Манашыдаў на маё пытаньне пра высокія арэндныя стаўкі адказвае наступнае:

Манашыдаў: “Канечне, людзям цяжка арэнду плаціць, падаткі плаціць, таму мы пра гэта думаем. Мы ж у лютым трохі панізілі арэнду, вось ізноў думаем, як бы гэта яшчэ хоць трошкі зьнізіць”.

Былы прафсаюзны лідэр і палітвязень Валер Леванеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што праблема ляжыць у юрыдычным рэчышчы.

Леванеўскі: “У прынцыпе кожны з прадпрымальнікаў можа зьвярнуцца ў гаспадарчы суд, а такіх прэтэндэнтаў няма. А вось няхай бы нехта пісьмова зьвярнуўся да кіраўніцтва “Кароны” з тым, каб зьнізілі арэнду, а потым з гэтым адказам у суд. Але ж нават і такіх зваротаў няма”.

Валеры Леванеўскі кажа, што падчас крызысу дзяржава павінна зьніжаць падаткі, стаўкі арэнды, каб падтрымаць прадпрымальнікаў, але, на яго думку, у дзяржаве ўсё робіцца наадварот.

У аўторак а 17-й гадзіне прадпрымальнікі “Кароны” зьбяруцца на сход, каб абмеркаваць свае далейшыя дзеяньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG