СЛУХАЦЬ:
Гандлёвы цэнтар “Гема” ў Горадні — адна з найбуйнейшых прыватных крамаў будаўнічых матэрыялаў у вобласьці. Вось што кажа дырэктарка Сьвятлана Пісарэнка наконт таго, як зьмяніўся продаж пасьля Новага году.
Пісарэнка: “Аб’ём продажу за гэты пэрыяд зьнізіўся на адсоткаў 30. Ну, чаго сталі менш купляць? Ды ўсіх матэрыялаў, якія патрэбныя, каб рабіць рамонт у кватэрах ці ў дамах”.
Спадарыня Пісарэнка кажа, што ў іхнім цэнтры толькі прадаўцоў — каля 40 чалавек. Зь яе слоў, ім зьменшылі прэміяльныя, хоць нікога пакуль не скарачалі.
Каб неяк выходзіць са становішча, цэнтар зьмяняе графік працы: тут намагаюцца працаваць болей, даўжэй, каб кліентам зручна было даехаць.
Дырэктарка разьлічвае, што з пачаткам вясны гандлёвы абарот можа вырасьці, але на пэрспэктыву распрацаваны й новы плян.
Пісарэнка: “Будзем скарачаць пастаўкі тавараў. Такіх запасаў на складах, як раней, ня будзе. Ну, і яшчэ будзем імкнуцца рабіць пастаўкі пад заказ, толькі калі кліенту гэта спатрэбіцца”.
Крама гарадзенскага камбінату будаўнічых матэрыялаў яшчэ летась блёкі й цэглу прадавала з запісам па чарзе. Прычым чарга была расьпісана ці не на год наперад. Цяпер сытуацыя рэзка зьмянілася. Кажа дырэктарка крамы Раіса Бондар:
“Продаж зьменшыўся нашмат, напалову, хаця мы й цэны ўжо зьнізілі зь лістапада, пачынаючы на 20%: адзін раз зьнізілі на 10%, потым другі раз. Гэта ж істотна для камбінату. Але два месяцы апошнія сытуацыя такая была, што мы за голаў браліся…”
Яшчэ летась камбінат значную частку прадукцыі накіроўваў на экспарт у Калінінградзкую вобласьць. Цяпер, са слоў спадарыні Бондар, расейцы купляюць будматэрыялы ў Латвіі, бо там ніжэйшыя кошты.
Спадарыня Бондар лічыць, што айчыннага пакупніка падкасіла дэвальвацыя рубля, і цяпер ён зь недаверам нечага чакае. Зрэшты, кошт аднаго сылікатнага блёка з 6650 рублёў за штуку панізіўся да 5540.
Бондар: “Людзі, натуральна, чакаюць, што кошты яшчэ панізяцца. Бо тэлефануюць шмат і пытаюцца пра кошты, і мы бачым, што пакупнік ёсьць, і павінны купляць, бо ўжо вясна прыйшла. Але, тым ня менш, пакуль мы адчуваем толькі зьніжэньне продажу. Але гэта ня толькі ў нас у Горадні, такое паўсюль”.