Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца ў краіне да гаспадароў дамоў, што ідуць пад знос?


Дом Дзяніса Васкабовіча, які маняцца зьнесьці
Дом Дзяніса Васкабовіча, які маняцца зьнесьці
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Дзяніс Васкабовіч. Яму 36 гадоў, нарадзіўся і вырас у Менску. Архітэктар. Скончыў Беларускую політэхнічную акадэмію, мае двух сыноў. Жывуць яны ў прыватным сэктары, які патрапіў пад бульдозэрнае руйнаваньне ў зьвязку з будаўніцтвам мэтро. Сям’і Дзяніса, суседзям былі прапанаваныя ўладамі варыянты перасяленьня, якія значна пагаршаюць умовы іхняга пражываньня.

Напрыклад, два сыны Васкабовічы жылі разам з бацькамі ў камфортным цагляным будынку непадалёк ад цэнтру гораду. На дзевяцярых дарослых і дзяцей — 308 квадратных мэтраў. А куды іх спрабуюць прымусова выселіць? Дзьве кватэры агульнай плошчау у 156 мэтраў у панэльным доме новага мікрараёну, якому не хапае сацыяльнай інфраструктуры. Паводле экспэртных ацэнак, цяперашняе жытло Дзяніса са сваякамі каштуе каля 350 тысяч даляраў, а вылучанае ім жытло ў суме цягне менш чым на 200 тысяч. Дарэчы, за гараж і сад ім налічылі кампэнсацыю ў памеры каля тысячы даляраў. Для параўнаньня: гараж у іхнім раёне кашуте ня меней за пяць тысячаў. Гэта — калі пакупніку вельмі-вельмі пашанцуе.

Што да суседзяў, там таксама творыцца беззаконьне, перакананыя тутэйшыя жыхары. Напрыклад, Васіля Хадзькова з праспэкту Дязржынскага перасяляюць у адну кватэру разам з дарослым сынам і з жанчынай, зь якой ён даўно скасаваў шлюб. Андрэя Нехвядовіча, які меў у зьнесеным доме свой кут і юрыдычнае права на пятую частку ўласнасьці, наагул нічога не атрымаў узамен і пазбаўлены цяпер разам з дачкой прапіскі.

Аднак ці паўсюль у Беларусі ставяцца да праблемы змушаных “перасяленцаў”, як у сталіцы? Гэтае пытаньне грамадзкі рэдактар тыдня Дзяніс Васкабовіч і прапанаваў дасьледаваць нашым журналістам.

Горадня: шарагоўцы не адчуваюць вастрыні праблемы


Нядаўна ўвесь горад стаў сьведкам такога выпадку. Пасьля рэканструкцыі Старога мосту цераз Нёман, яго зрабілі чатырохпалосным, каб удвая палепшыць прапускную магчымасьць. Аднак за ракою вуліца Гарнавых па-ранейшаму заставалася двухпалоснай. Некалькі дамоў зруйнавалі, але заставаўся стаяць катэдж даваеннай пабудовы. Транспартныя коркі на Гарнавых не зьнікалі да таго часу, пакуль жыхарам ня вылучылі новы катэдж на другім баку ракі ў Калоскім парку,
Транспартныя коркі на Гарнавых не зьнікалі да таго часу, пакуль жыхарам ня вылучылі новы катэдж на другім баку ракі ў Калоскім парку.
які, дарэчы, зьяўляецца запаведнай зонай. Улады проста не пасьпелі своечасова скончыць дом.

Якія правы паводле заканадаўства маюць тыя жыхары, якія перасяляюцца вымушана? Нам патлумачылі гэта ў адной фірме:

“Калі дом зносіцца, то чалавеку, які трапіў пад знос, прапануецца альбо грашовая кампэнсацыя паводле ацэнкі БТІ, або раўнацэннае жыльлё, у нягоршым стане. Адзінае, павінна быць улічана, што мусіць быць цэнтральнае ацяпленьне, водазабесьпячэньне, каналізацыя, дапускаецца толькі газавая калёнка”.

Па-сапраўднаму канфліктная сытуацыя здарылася на праспэкце Касманаўтаў перад аўтавакзалам, і літаральна зусім нядаўна яна вырашылася на карысьць жыхароў, якіх высялялі са старога двухпавярховага дому. Сумесная расейска-беларуская фірма “Кансэнт” атрымала пляц для будаўніцтва элітнага жылога гмаху, а таксама згоду ўладаў на знос некалькіх старых будынкаў. Гмах узьняўся даволі хутка, але будаўнікі мусілі спыніцца: жыхары васьмікватэрнага дому, які плянавалі зруйнаваць, адмовіліся перасяляцца. Фірма вырашыла зэканоміць, набыўшы для іх на гарадзкіх ускрайнах старыя кватэры, і выселіць людзей праз суд. Жыхары зьвярнуліся да абласных уладаў, і высяленьне спынілі. Я пацікавіўся ў “Кансэнце”, чым нарэшце закончыўся канфлікт?

“У доме было восем кватэр: пяць у гарадзкой уласнасьці і тры ў прыватнай. Ім далі ў нашым новапабудаваным доме тры кватэры, адну — у новым доме на Дзевятоўцы, астатнія з другаснага рынку ў горадзе, далі замест васьмі дзесяць”.

Гэта тлумачыцца тым, што ў дзьвюх кватэрах былі прапісаныя па дзьве сям’і, патлумачыў Вячаслаў Бялько. Тыя тры новыя кватэры жыхары атрымалі зусім побач зь месцам, дзе яны жылі, прычым ім нават удалося вельмі значна палепшыць свае ўмовы.

Бялько: “Гэтыя кватэры каштавалі каля двухсот пяцідзесяці мільёнаў рублёў кожная. Гэта двухпакаёвыя кватэры, агульная плошча кожнай дзевяноста квадратных мэтраў”.

Адна зь іх нават мае агульную плошчу дзевяноста чатыры квадратныя мэтры, зазначае юрысконсульт фірмы. А трэба сказаць, што старыя кватэры гэтыя сем’і мелі значна меншыя — 38,8 квадратнага мэтра. У “Кансэнце” згаджаюцца, што пытаньне было вырашана такім чынам таму, што ў справу умяшаўся сам старшыня аблвыканкаму Уладзімер Саўчанка. А тыя, хто ведае сутнасьць вычарпанага канфлікту, лічаць, што людзям проста пашанцавала. Іхні былы дом, дарэчы, цяпер напалову разбураны, а хутка зьнікне зусім.

Дзяніс Васкабовіч
Камэнтуе Дзяніс Васкабовіч:

— Кожная сытуацыя мае свае асаблівасьці. Аднак можна вызначыць і альгарытм дзеяньняў уладаў: як правіла, праблемы пачынаюцца тады, калі кампэнсацыі за зносімае жытло выглядаюць як значныя. Вось тады і пачынаюцца вялікі праблемы. Як у маім, у прыватнасьці, выпадку


Віцебск: маёмасныя правы грамадзянаў улады ігнаруюць


Некаторыя беларускія сем’і гадамі патрабуюць паляпшэньня сваіх жыльлёвых умоваў і потым яшчэ дзесяцігоддзямі чакаюць, пакуль іх пераселяць у новыя дамы. Бо ў дзяржавы, як правіла, ніколі няма ні грошай, ні магчымасьцяў, каб насельнікі якога бараку альбо аварыйнага дому атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры.

Гісторыя, якая адбылася мінулым летам у Воршы, пачыналася не са скаргаў на ўмовы пражываньня ў драўляных хатах па вуліцы Савецкай, а з патрабаваньня тамтэйшых насельнікаў пакінуць іх у спакоі — не перасяляць іх у цесныя кватэры і ня зносіць іхныя дамкі, якія стаялі тут больш за 100 гадоў, а напярэдадні “Дажынак” раптам падаліся мясцовым уладам “плямай на твары гораду”.

Нічога лепшага ці хаця б іншага на месцы зьнесеных прыватных дамоў так і не пабудавалі, адно што засадзілі травой газоны ды ўклалі пліткай ходнікі. На думку аршанскага гісторыка Юрыя Копціка, гістарычную забудову гораду проста загубілі:

“Я хадзіў глядзець падмуркі тых дамоў, што зьнесьлі — дык яны яшчэ на вапнавай рошчыне, значыць, пабудаваныя ў сярэдзіне ці канцы 19-га стагодзьдзя. Была загубленая ўся вуліца, якая захавала сваю гістарычную забудову. Не спыніліся нават перад зносам дому, дзе ў вайну была яўка партыйнага падпольля, і вісела мэмарыяльная шыльда. Вырубілі ўсе пладовыя дрэвы, што расьлі ў садах. Зьнесьлі, разбурылі! Цяпер там траўка, плітка і пустка. Усё! Большыя страты Ворша несла хіба што ў часы вайны. І стаўленьне цяперашніх уладаў можна параўнаць хіба што са стаўленьнем акупацыйнай улады!”

Зносячы гістарычную забудову па вуліцы Савецкай, аршанская адміністрацыя зруйнавала ня толькі дамы. Насельнікі хатак на ўзьбярэжжы Дняпра, якія дасюль жылі практычна ў самым цэнтры Воршы, зусім не імкнуліся ў шматпавярховікі на гарадзкой ускраіне. Таму нехта палічыў за лепшае патрабаваць грашовай кампэнсацыі, а жыхары дому № 16 увогуле адмовіліся выяжджаць з роднай хаты, нават пасьля таго як яе адрэзалі ад электра- і водазабесьпячэньня. Яны вывесілі плякат са словамі “Мы тут жывём” і распачалі судовы працэс дзеля абароны сваіх правоў.
Дайшлі й да Вярхоўнага суду, і якраз у той дзень, калі няскораныя гаспадары ад’ехалі ў Менск, хату зьнесьлі.
Дайшлі й да Вярхоўнага суду, і якраз у той дзень, калі няскораныя гаспадары ад’ехалі ў Менск, хату зьнесьлі, пакуль нікога не было…

Аршанскі праваабаронца Алег Граблеўскі:

“Выкідваньне людзей з прыватных дамоў па вуліцы Савецкай без іхняга жаданьня і без уліку іхных інтарэсаў ёсьць злачынствам і з пункту гледжаньня маёмасных правоў, і з пункту гледжаньня расходу грошай напярэдадні «Дажынак». Да прыкладу, у адным доме жылі дзьве сям’і, а ім далі адну кватэру ў панэльным доме. Тыя, хто запатрабаваў грашовай кампэнсацыі, атрымалі яе ў сымбалічным памеры — за гэтыя грошы нельга набыць нават «аднапакаёўку». Людзі пратэставалі рознымі спосабамі, але «Дажынкі» набліжаліся няўмольна, і гэтыя пратэстныя настроі былі хутка скасаваныя праз судовыя рашэньні ды «экскаватарную рэстаўрацыю»”.

Камэнтуе Дзяніс Васкабовіч:

— Зьвяртаю ўвагу, што блянк заключэньня мусіць абавязкова ўтрымліваць пункт “Пры ўмове…”, што мае на ўвазе вылучэньне ўласьнікам умоваў, на якіх узгадняецца забіраньне ўчастку для наступнага вызначэньня затратаў на кампэнсацыю за аб’ект зносу.

Таксама зьвяртаю ўвагу, што на гэтым этапе ўласьніку дастаткова важна заявіць свае патрабаваньні што да спосабу і памераў кампэнсацыі, кіруючыся пры гэтым пунктам 4 “Палажэньня пра парадак і ўмовы разьлікаў, зьвязаных са зносам ці пераносам жылых дамоў…” і пастановай Саўміну ад 30.03.2007 году (нумар 407).

У выпадку, калі да адпаведнага рашэньня мясцовага выканаўчага і распарадчага органу грамадзянін выбраў права на выдзяленьне яму кватэры, жылога дому і збудаваньняў пры ім замест жылога дому, які зносіцца, то інвэстар мусіць набыць яму ці то кватэру, ці то жылы дом са збудаваньнямі. Тое самае тычыцца працэдуры пераносу і аднаўленьня будынкаў, уключна з разьбіраньнем, транспартаваньнем, зьбіраньнем, заменай пашкоджанага ў адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі і расцэнкамі.

Таксама хачу адзначыць, што ў выпадку, калі прадстаўнік забудоўніка альбо землеўладкавальнай службы навязвае вам сваю думку пра тое, што ўзгадненьне працэдуры адбору ўчастку не залежыць ад спосабу і памеру кампэнсацыі, вы маеце права адмовіцца. Тут спасылацца трэба на Кодэкс “Аб зямлі” ад 23 ліпеня 2008 году. Паводле яго зямельныя адносіны ў краіне будуюцца на прынцыпах “адзінства лёсу зямельнага ўчастку і разьмешчаных на ім капітальных пабудоваў…, галоснасьці і ўліку грамадзкай думкі” адносна ўсяго, што тычыцца абароны правоў землекарыстальнікаў.


Магілёў: беларускае жыльлёвае заканадаўства не дасканалае


Два гады дамагаліся чацьвёра ўладальнікаў прыватнага дому, які меўся быць зьнесеным, адэкватнай кампэнсацыі за яго. Тое, як адбывалася высяленьне, згадвае адзін з гаспадароў — спадар Андрэй:

“Мы ім заміналі. Яны не спыняліся ні перад чым. І ветлівасьці ніякай не праяўлялі, каб нас адтуль прыбраць. Можна сказаць, гэта ўсё брутальна адбывалася. Зламалі браму нам, езьдзілі, калі хацелі. Іх галоўны аргумэнт быў: людзі заплацілі грошы й нам трэба хутчэй будаваць, бо чакаюць… Мы пачалі гэтую справу першымі, каб даведацца, што нам усё ж за гэта будзе. Высьветлілася, што ніхто канкрэтных адказаў ня ведае. Бо такой сытуацыі, прэцэдэнту, не было”.

Уладальнікі дому зьвярнуліся па дапамогу ў суд. Гаворыць магілёўскі праваабаронца Барыс Бухэль.

“Рэч у тым, што суд высьветліў: ёсьць дзіркі ў заканадаўстве. Усюды ў законе напісана, што уладальнік у адной асобе. А калі некалькі ўласьнікаў, што рабіць? Судзьдзя сказала, што яна ствараць прэцэдэнт ня будзе. Маўляў, няхай Вярхоўны суд сам прымае рашэньне”.

Да Вярхоўнага суду справу не давялі. Будаўнічая фірма усё ж выдзеліла чатыры аднапакаёвыя кватэры.

А што суседзі — ці дапамагалі яны бараніцца ад будаўнікоў, пытаю ў спадара Андрэя. Ён, зазначае, што без дапамогі суседзяў перамаглі б адназначна будаўнікі:

Пільнавалі хаты адзін аднаго ад падпалаў, бо побач хата згарэла. Як заўсёды такое бывае.
“Яны таксама трымаліся за месца. Калі нам было ўсё роўна, у якім месцы атрымаем жытло, то там вельмі доўга змагаліся, каб атрымаць адэкватнае жытло ў цэнтры. Мы каардынавалі, канечне, дзеяньні. Пільнавалі хаты адзін аднаго ад падпалаў, бо побач хата згарэла. Як заўсёды такое бывае”.

Калі вышэй згаданая гісторыя скончылася для ўладальнікаў дому ўсё ж пазытыўна то жыхары прыватных забудоваў на вуліцы Гагарына абласнога цэнтру пакуль толькі чакаюць, калі пачнецца іхняя гісторыя з высяленьнем. Зьнесьці тут дамы ўлады абяцаюць не адзін дзясятак гадоў. Апошні раз — год таму.

“Намагаліся зьнесьці ўздоўж магістралі. Была праграма аб зносе. Аднак якія вынікі ўсяго — у нас такіх дадзеных няма”, — паведаміла супрацоўніца камунальнай службе Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Суразмоўніца параіла патэлефанаваць у гарадзкую камунальна-эксплюатацыйную службу. Там, запэўніла яна, будуць валодаць большай інфармацыяй пра тэрміны зносу прыватнага сэктару. Супрацоўнікі гарадзкой камунальнай службы параілі тэлефанаваць у раённую, куды я ўжо зьвяртаўся:

“Усё залежыць ад фінансаваньня. У нас ніякіх плянаў няма на гэтую тэму. Гэта ня ўсё так проста. Наагул гэтыя дамы знаходзяцца на балянсе ЖЭУ Кастрычніцкага раёну. У іх усе пляны ёсьць. Чаму яны ня могуць па сваіх дамах адказаць, я ня ведаю”, — зазначыў супрацоўнік гарадзкой камунальнай службы.

Жыхар вуліцы Гагарына Міхаіл таксама спрабаваў разабрацца, калі ж абяцаньні чыноўнікаў пачнуць зьдзяйсьняцца, бо задумаў крыху падрамантаваць свой дом:

“У гарвыканкаме я падышоў да начальніка аддзелу. Во так ён сказаў: «На дадзены момант грошай няма. І ніхто вас ня будзе зносіць пры маім жыцьці. Ёсьць пляміны забудовы, якія не такія напружаныя». Тут жа чалавек на чалавеку прапісаны. Тут жа трэба пабудаваць яшчэ пару дзевяціпавярховікаў, каб усіх расьсяліць”, — расказвае спадар Міхаіл.

Я ў дзевяціпавярховік не пайду. Я саступаць не зьбіраюся.
А ці гатовыя вы пераехаць, пытаю?

“Дом у мяне: дзьвесьце амаль квадратных мэтраў у архітэктуры ўзаконеныя. Вось гараж у мяне, пабудовы розныя, цяпліца пад шклом. Я ў дзевяціпавярховік не пайду. Я саступаць не зьбіраюся. Улады ўжо паказваюць, як некаторыя жывуць. Таму будзем змагацца за сваё. Мне чужога ня трэба, але й свайго не аддамо”.

Спадар Міхаіл перакананы, што канфліктаў з уладай падчас зносу дамоў пазьбегнуць ня ўдасца, бо веры вэртыкалі няма. Людзі стаміліся чакаць і жывуць у пастаянным напружаньні.

Камэнтуе Дзяніс Васкабовіч

— Ну і дзе выйсьце, спадар грамадзкі рэдактар?

— Выйсьце?.. Як у нашым канкрэтным выпадку, — ці канструктыўныя перамовы, ці… Ці падзеі па салігорскім варыянце…

— Маеце на ўвазе Яну Палякову — такую крайнюю форму пратэсту? Або там жа ў Салігорску маладыя людзі вывешвалі расьцяжкі, абвяшчалі галадоўку…

— Я думаю, што… хутчэй гэта першая форма пратэсту…Правы грамадзяніна ўсё ж маюць сэнс… А нашыя спробы наладзіць дыялёг папросту душацца. Скрагі ігнаруюцца, перанакіроўваюцца… Правоў нас, падобна, пазбавілі… Як і аб’ектыўнага разгляду справы ў судзе. Мэтанакіравана падштурхоўваюць на крайнія меры…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG