Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускую кнігарню — па аўтографы да знаных літаратараў


Артур Клінаў
Артур Клінаў
Аўтограф-сэсіяй пісьменьніка беларускага андэграўнду Артура Клінава сёньня ў Менску прэзэнтавалася кнігарня выдавецтва Ігара Логвінава. Яна разьмешчана ў арт-галярэі “Падземка” на праспэкце Незалежнасьці, 43.

Пачатак імпрэзы быў прызначаны на шостую вечара, але ўжо за чвэрць гадзіны да таго спадар Клінаў мусіў заступіць на месца гандляра, бо наведнікам чакаць не выпадала. І амаль да закрыцьця “Падземкі” працы яму хапала.

“Люблю гэту працу. У нас жа аўтар як — ён сам пісьменьнік, сам выдавец і сам прадавец. Таму ён мусіць быць — усё ў адным”.

Куплялі ў гандляра-пісьменьніка найперш ягоныя кнігі: “Малую падарожную кнігу па Горадзе Сонца” і два альбомы — толькі што выдадзены альбом “Дванаццаць” і ранейшы “Горад Сонца”. Шмат аўтографаў паставіў Артур Клінаў і на розных нумарах рэдагуемага ім часопісу “pARTisan”. Але давялося яму прадаваць і кнігі сваіх калегаў, натуральна, ужо без аўтографаў. Тут новыя выданьні Васіля Быкава, Валянціна Акудовіча, Адама Глёбуса і многіх іншых беларускіх і замежных літаратараў, што пабачылі сьвет у прыватным выдавецтве Ігара Логвінава.

У новай беларускай кнігарні — найлепшыя аўтары і кнігі, гаворыць галоўны рэдактар выдавецтва Аляксандра Дынько:

“Паколькі мы ў сваёй выдавецкай дзейнасьці заўсёды стараемся выбіраць актуальныя беларускія творы, такую літаратуру, якая адлюстроўвае сучаснага чалавека, сучаснага беларуса, адлюстроўвае ягоныя патрэбы, то і тут такія творы прадстаўленыя. На жаль, у нашых цэнтральных кнігарнях, якія абслугоўвае «Белкніга», не заўсёды ёсьць такая канцэнтрацыя гэтых твораў. Таму сюды можна прыходзіць шукаць творы на свой густ. Тут у нас прадстаўлена найлепшая, на маю думку, беларуская літаратура — мастацкая, літаратура па гісторыі, ёсьць цудоўная дзіцячая літаратура”.

Наведнікі крамы выбарам задаволены. Гаворыць адна з пакупніц:

“Вось я сёньня зайшла сюды, выбіраючы свайму сябру падарунак на дзень нараджэньня, але ж тры кнігі сабе купіла”.

Новая беларуская кнігарня працуе штодня, а сустрэчы зь пісьменьнікамі ў ёй будуць адбывацца кожны чацьвер ад 18 да 19 гадзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG