Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімцы ня хочуць жыць на вуліцы Войкава


Іван Шэга
Іван Шэга

Пасьля таго, як жыхары адной з вуліц Слоніму даведаліся, што бальшавік Войкаў удзельнічаў у забойстве царскай сям’і, яны сабралі больш за 50 подпісаў і накіравалі ў райвыканкам, каб зьмяніць назву вуліцы


Першым падаў ідэю перанайменаваць вуліцы ў горадзе вядомы слонімскі актывіст Іван Шэга са сваімі сябрамі: яны лічаць, што шмат з назваў не адпавядаюць гістарычнай спадчыне.

“Пачалі менавіта з вуліцы Войкава таму, што гэта, на маю думку, найбольш адыёзная фігура. Тым больш, на ёй знаходзіцца праваслаўная царква, касьцёл, раённы шпіталь. Усе вось такія арганізацыі – і раптам вуліца названа імем забойцы, гэта зусім не адпавядае”.

Слонімскія актывісты зрабілі невялікія ўлёткі пра біяграфію Войкава й разьнесьлі па дварах, а празь некаторы час пайшлі зьбіраць подпісы.

Спадар Юры, які жыве на гэтай вуліцы й які ведае сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў, кажа: большасьць людзей хочуць іншай назвы, каб ня мець нічога агульнага зь імем царазабойцы. Аднак, думкі жыхароў вуліцы, падзяліліся.

“Некаторыя ставяцца да гэтага абыякава, маўляў, ну й што, што Войкаў цара забіў, а колькі цар людзей у 1905 годзе загубіў?”
Пытаюся– ці вызначылася грамада з новай магчымай назвай?

Спадар Юры: “Многія хочуць, каб вуліцу назвалі імем Пуслоўскага, паколькі ён найбольш зрабіў для Слоніма й у прыватнасьці для Альберціна. Дзякуючы яму пабудавалі праз Слонім чыгунку, а жонка яго фундавала ў нас касьцёл”.

Нагадаю для слухачоў Свабоды, што Войцех Пуслоўскі, маршалак шляхты Слонімскага павета, пасол чатырохгадовага Варшаўскага сэйма, мэцэнат падчас вайны 1812 года падтрымліваў Напалеона дамагаючыся свабоды для Рэчы Паспалітай, у 1834 годзе фінансава падтрымліваў паўстаньне Валовіча на Слонімшчыне супраць царызму. Заўсёды размаўляў па-беларуску.

Слонімскі журналіст і краязнаўца, Сяргей Чыгрын, некалькі гадоў таму выпусьціў кнігу пра назвы тамтэйшых вуліцаў. Ён распавядае, што пасьля таго, як Беларусь адшукала незалежнасьць напачатку 1990-х, вярнулі гістарычныя назвы толькі тром вуліцам.

Чыгрын: “Дык, нагул не параўнаць гэтую лічбу, паколькі розных катоўскіх, марксаў, энгельсаў, усякіх войкавых і іншых ня нашых людзей, не беларусаў, якія, наагул, ня маюць дачыненьня ні да нашай краіны, ні да Слоніма ў нас значна больш”.

Сяргей Чыгрын распавядае, што зараз у мясцовых газэтах распачалася дыскусія пра назвы вуліцаў і ён перакананы: пераназванае ў горадзе бальшавікамі зь цягам часу ўсё выразьней праяўляе сваю недарэчнасьць.

Чыгрын: “Уявіце сабе, што вуліцу Ружанскую, старжытную вуліцу, якой больш за 400 гадоў, бальшавікі перанайменавалі ў вуліцу Патрыцыя Лумумбы. Ну якое дачыненьне меў Лумумба да Слоніма? Нам удалося вярнуць гэтую назву, і Ружанская стала Ружанскай”.

Днямі ў СМІ прайшла інфармацыя: старшыня Полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла зрабіў заяву – сёлета ў траўні праспэкт Карла Маркса будзе пераназваны ў праспэкт Францыска Скарыны, а іншыя вуліцы, якія носяць імёны былых камуністаў і бальшавікоў, нібыта пераймянуюць. Альбо ў гонар сваіх слынных землякоў, альбо ім вернуць гістарычныя назвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG