Пытаньне, як пераназваць Савецкую плошчу, зьбіраюцца вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне. Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме прапануе Савецкую плошчу перайменаваць у плошчу Славы альбо Герояў. Гаворыць намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка:
“Мы прапануем і вэтэранам, і дэпутатам, і наагул грамадзкасьці гораду праз сродкі масавай інфармацыі паўдзельнічаць у абмеркаваньні. Можа, нехта прапануе больш цікавыя назвы”.
Наагул жа над пытаньнем, як пераназваць Савецкую плошчу, гарвыканкам думае другі год. Летась, калі пачалася адбудова ратушы, чыноўнікі не наважыліся на перайменаваньне ў плошчу Герояў. Тады спаслаліся на тое, што грамадзкая думка супраць і гарсавет не дае згоды. Сёлета перад адкрыцьцём ратушы была яшчэ адна спроба. Прапаноўвалася пераназваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, альбо ў Ратушную. Цяпер сярод варыянтаў Ратушнай плошчы няма.
Гістарычная назва плошчы — Гандлёвая. Так яна называлася да прыходу ў Магілёў расейцаў. Да кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту плошчу называлі Губэрнатарскай. Савецкай плошча стала за бальшавікамі. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял “Барацьбітам за Савецкую ўладу”.
Тапанімічная камісія, акрамя перайменаваньня Савецкай плошчы, прапануе называць вуліцы ў новых гарадзкіх раёнах імёнамі славутых беларускіх дзеячаў.
“Будуць у нас сьветлыя прыгожыя шырокія вуліцы — канечне, такія ня сорамна назваць імёнамі Янкі Купалы альбо Якуба Коласа. У нас сур’ёзнае будаўніцтва ў горадзе вядзецца і будзе весьціся ў пэрспэктыве. Мы будзем імкнуцца ўвекавечыць найперш імёны нашых славутых беларусаў-землякоў”, зазначае Фёдар Міхеенка.
Што да вуліцы імя Янкі Купалы, то такая ў Магілёве ёсьць. Знаходзіцца яна ў адным са спальных гарадзкіх раёнаў і хутчэй нагадвае райцэнтраўскі завулак з прыватных драўляных будынінаў. Шыльды вуліцы напісаныя па-расейску.
Пра перайменаваньне цэнтральных вуліц гораду, назвы якіх спрэс савецкія, гаворкі няма. Ленінская, Піянэрская, Першамайская, імя Дзяржынскага, Карла Маркса — гэта назвы цэнтральных магілёўскіх вуліц. Кажуць, што існуе нібыта забарона на іх пераназваньне. Ці так гэта? Адказвае дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў:
“Я за тое, каб вярнулі гістарычныя назвы ў цэнтры гораду. Я ня чуў ніводнага разу, што ёсьць нейкая афіцыйная забарона на тое, каб іх не пераймяноўваць нейкі час. Рэч у тым, што прэцэдэнту такога вялікага, маштабнага ў Магілёве на перайменаваньне не было. І такіх адказаў са спасылкай на мараторый таксама не было”.
Што павінна адбыцца, каб цэнтральным вуліцам пачалі вяртаць іхнія гістарычныя назвы? Адзін з ініцыятараў збору подпісаў магілёўцаў за адбудову ратушы Зьміцер Салаўёў кажа, што павінна зьмяніцца ўлада, якая трымаецца савецкіх каштоўнасьцяў:
“Беларускія каштоўнасьці яны ня могуць узяць з палітычных прычын, таму трымаюцца за савецкія. Прыйдуць новыя людзі — беларусы паводле сьвядомасьці -- і назвы пачнуць мяняцца. Гэтае пытаньне павінны вырашаць навукоўцы, пісьменьнікі, гісторыкі, якія маюць гонар называцца нашай элітай”.
З гістарычнымі назвамі цэнтральных вуліц сытуацыя супярэчлівая. Напрыклад, пешаходная вуліца Ленінская да прыходу ў Магілёў у 1772 годзе расейцаў звалася Ветраной. Яна заўжды прадзьмуваецца ветрам, адсюль і назва. Расейцы ж пераназвалі яе ў Вялікую Садовую. Дык якая зь іх больш гістарычная — Ветраная альбо Вялікая Садовая? Цяпер перавага аддаецца апошняй, і менавіта яна фігуруе ў якасьці гістарычнай на беларускамоўных шыльдах на вуліцы Ленінскай.
На фота: магілёўская вуліца імя Янкі Купалы.
На фота: шыльды на вуліцы імя Янкі Купалы — па-расейску.