Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — у Сэрбіі, Адамкус — у Мэксыцы. Астатнія змагаюцца з крызісам


Аляксандар Лукашэнка ў Раўбічах 16 лютага
Аляксандар Лукашэнка ў Раўбічах 16 лютага

Аляксандар Лукашэнка — не адзіны кіраўнік краіны, які пасярод сусьветнага фінансавага крызісу дазволіў сабе расслабіцца.




Сыны Лукашэнкі зь сем'ямі занялі цэлы паверх?


Валдас Адамкус яшчэ адляцеў за акіян. ...
Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус яшчэ ў сярэдзіне лютага адляцеў за акіян. Праўда, у літоўскага прэзыдэнта зімовы адпачынак — традыцыя, якую ён не парушае апошнія два дзясяткі гадоў. Аднак у бальшыні прэзыдэнцкіх канцылярыяў паведамілі, што ў крызіс кіраўнікам краінаў не выпадае думаць пра адпачынак.

Кіраўнікі суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў пачатак вясны сустрэлі па-рознаму — хто замежным візытам, хто паездкай па праблемных прадпрыемствах.

Дзьмітрый Мядзьведзеў пачаў афіцыйную паездку ў Гішпанію...
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сёньня пачаў афіцыйную паездку ў Гішпанію. З тэлевізійных справаздачаў відаць, што з трапу самалёта Мядзьведзеў спускаўся разам з жонкай, як абумоўлена пратаколам. Але бяз сына. На гэтым тле варта ўзгадаць, што летась на саміт кіраўнікоў СНД Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Бішкек з малым сынам Мікалаем. Відавочна, што ў Мадрыдзе для Мядзьведзевых арганізуюць культурную праграму, аднак гэта будзе толькі дадаткам да дзяржаўнага візыту.

У канцылярыі прэзыдэнта Латвіі паведамілі, што бліжэйшым часам Валдыс Затлерс ніякіх адпачынкаў і замежных візытаў не плянуе. У зьвязку з крызісам сытуацыя ў Латвіі — адна з найгоршых у Эўразьвязе, да таго ж ідзе фармаваньне новага ўраду. Пакідаць у такім становішчы краіну ніяк не выпадае:
Прэзыдэнту Латвіі не дазваляе адпачываць сытуацыя ...

“Усе адпачынкі прэзыдэнта плянуюцца загадзя, і няма такога, каб грамадзкасьць пра ад’езд кіраўніка краіны даведвалася пастфактум. Але нават пры складзеным графіку могуць быць карэктывы, бо ўсё залежыць ад таго, якая сытуацыя ў дзяржаве, ці можа дазволіць яму адпачываць сытуацыя, якая патрабуе ягонай абавязковай прысутнасьці ў Латвіі. Прынамсі, зараз ніякіх адпачынкаў прэзыдэнт не плянуе”.

А вось у апараце прэзыдэнта Літвы распавялі, што гэты тыдзень, як і два папярэднія, краіна жыве без свайго лідэра на працоўным месцы. Аднак палітычная і эканамічная сытуацыя — “пад поўным кантролем”. Гаворыць намесьніца дарадцы прэзыдэнта Ліна Гарбачовене:

Прэзыдэнт Літвы адпачывае ў Мексыцы ...
“Кожны год ягоны адпачынак прыпадае на адзін і той жа час — на сярэдзіну лютага, пасьля дзяржаўнага сьвята. 16 лютага ў Літве адзначаецца Нацыянальны дзень незалежнасьці, і на наступны дзень, 17 лютага, ён на тры тыдні адлятае ў адпачынак. Цяпер ён у Мэксыцы. Такая ўжо склалася традыцыя — на адным і тым жа курорце ён адпачывае ўжо шмат гадоў, гадоў 20, калі ня болей. У гэты час і парлямэнт ня мае ніякіх асаблівых спраў, таму ён і выбраў гэты прамежак часу”.

Карэспандэнт: “То бок ніякіх карэктываў у зьвязку з сусьветным крызісам не рабілася?”

“Ведаеце, не. Асаблівых падставаў штосьці мяняць не было”.

Віктар Юшчанка дазволіў сабе адпачыць у дзень нядаўняга 55-гадовага юбілею ...
Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка дазволіў сабе адпачыць у дзень нядаўняга 55-гадовага юбілею. Як паведамілі ў прэс-службе ўкраінскага лідэра, 23 лютага Юшчанка ўзяў адзін дзень у лік штогадовага адпачынку, каб адсьвяткаваць дзень нараджэньня ў сямейным коле. З жонкай, дзецьмі і найбліжэйшымі паплечнікамі ён гасьцяваў у дзяржаўнай рэзыдэнцыі “Сінягора” ў Карпатах, а ўжо 24 лютага прыступіў да працы ў Кіеве. Прынамсі, да лета ніякіх дадатковых вакацый у яго не заплянавана.

Лех Качынскі актыўна змагаецца з крызісам ...
Кіраўнік Польшчы Лех Качынскі, як кажуць польскія калегі-журналісты, актыўна змагаецца з крызісам і пра пазачарговую рэляксацыю ня думае. Прэзыдэнт шмат езьдзіць па краіне, сустракаецца з экспэртамі, наведвае праблемныя прадпрыемствы.

Што да Аляксандра Лукашэнкі, то апошнім часам ён не прапускае магчымасьці наведаць які-небудзь гарналыжны курорт. Яшчэ ў “невыязныя” часы Лукашэнку з атачэньнем раз-пораз выяўлялі ў Аўстрыі і Славеніі. Днямі сьпіс папоўніла Сэрбія. Апроч таго, Лукашэнка актыўна асвойваў трасы ў расейскай Краснай Паляне і казахстанскім Чымбулаку. На загад Лукашэнкі ў Сілічах пад Менскам некалькі гадоў таму збудавалі штучную гарналыжную трасу, якую напярэдадні кожнага сэзону ён адкрывае асабіста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG