Як паведамляе са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Beta сэрбскі тэлеканал В92, прэзыдэнт Беларусі цяпер знаходзіцца на адпачынку на самым папулярным сэрбскім гарналыжным курорце Капаонік, што на поўдні краіны.
Лукашэнка “выселіў” гасьцей гатэлю
Лёгкі: Уся дэлегацыя зьмясьцілася ў адзін самалёт
Паведамляецца, што ў Сэрбію беларускі кіраўнік прыбыў на ўік-энд. Яго самалёт Боінг-737 прызямліўся ў аэрапорце “Канстанцін Вялікі” у горадзе Ніш, сталіцы адміністрацыйнага рэгіёну Нішава. Адтуль Лукашэнка накіраваўся на гарналыжны курорт, дзе, паводле неафіцыйнай інфармацыі, і будзе знаходзіцца прыкладна тыдзень, да 8 сакавіка.
Як падае іншае сэрбскае выданьне Vesti, у Капаоніку беларускі кіраўнік разам зь сем’ямі сваіх сыноў, а таксама эскортам у 150 чалавек спыніўся ў прэзыдэнцкім люкс-гатэлі “Гранд”. Перадаецца, што таксама ў аэрапорт гораду Ніш былі дастаўленыя зь Беларусі 50 аўтамабіляў.
У гатэлі “Гранд” пацьвердзілі інфармацыю аб знаходжаньні ў іх высокага беларускага госьця, аднак пра нейкія падрабязнасьці гаварыць не захацелі.
Адна ноч у аднамесным нумары гатэлю “Гранд” каштуе 75 эўра. Спэцыяльных коштаў для прэзыдэнцкага нумару няма. Гэты чатырохзоркавы гатэль мае 171 нумар з 414 ложкамі. Гатэль таксама мае крыты басэйн, джакузі, дзьве саўны, спартова-аздараўленчы цэнтар і wi-fi сувязь.
Як паведаміў сэрбскім журналістам, настойваючы на ананімнасьці, адказны супрацоўнік "Гранда", ніхто не папярэдзіў іх, што ў гатэль прыбудзе такі высокі госьць – сказалі, што чакаецца прыезд беларускай дэлегацыі.
“Мы былі вельмі зьдзіўленыя, калі ўбачылі яго, а тым больш яго сьвіту – сыноў зь іхнымі сем’ямі, ахову, кухара, нянек дзяцей”, паведаміў прадстаўнік гатэлю.
Ён таксама дадаў, што за выключэньнем таго, што “кухар Лукашэнкі гатуе ежу разам з кухарамі гатэлю”, высокі госьць імкнецца не адрозьнівацца ад іншых гасьцей:
“ З боку беларускага кіраўніка няма нейкіх адмысловых патрабаваньняў. Разам зь іншымі ён сталуецца ў рэстарацыі, чакае сваёй чаргі на лыжным пад’ёмніку. Мы імкнёмся арганізаваць усё найлепшым чынам, каб у наступным годзе прэзыдэнт Беларусі ізноў прыбыў да нас на адпачынак”.
Як паведамляе сэрбскае выданьне Вlic, беларускі кіраўнік разьлічваў на тое, што трапіць на адпачынак у Сэрбію непрыкметна і ціха, а таму замест галоўнага сэрбскага аэрапорту “Нікола Тэсла”, куды звычайна прыбываюць асобы такога рангу, выбраў правінцыйны горад Ніш і тамтэйшы аэрадром “Канстанцін Вялікі”.
Вlic таксама піша, што беларускі кіраўнік стаў першым за 20 гадоў замежным прэзыдэнтам сярод гасьцей гораду Капаонік.
На прэстыжным сэрбскім курорце Лукашэнку можна ўбачыць выключна ў атачэньні прэзыдэнцкіх ахоўнікаў, якім дапамагаюць людзі зь мясцовай службы бясьпекі. Прэзыдэнцкая каманда складаецца прыкладна з 30 чалавек. Яны ўладкавалася ў 15 нумарах і апартамэнтах гатэлю “Гранд”. (Паводле выданьня Press, сам Лукашэнка жыве ў прэзыдэнцкім люксе, а ягоныя сваякі займаюць цэлы гатэльны паверх).
У нядзелю раніцай, піша Вlic, гасьцей зь Беларусі бачылі ў піцэрыі “Сад”. Яны замовілі віскі і каву, а потым накіраваліся на лыжны пад’ёмнік.
Паводле выданьня, Лукашэнка прабудзе на курорце яшчэ чатыры дні. Сёньня ён сустрэнецца зь дзяржаўным кіраўніцтвам Сэрбіі.
Тым часам на афіцыйным сайце Лукашэнкі напісана: "Сёньня раскладам прэзыдэнта Беларусі заплянаваны шэраг працоўных сустрэчаў".
Лукашэнка “накіраваўся з працоўным візытам у Сэрбію”, паведамілі Інтэрфаксу ў ягонай прэсавай службе.
“Кіраўнік дзяржавы правядзе шэраг сустрэчаў зь кіраўніцтвам краіны і прадстаўнікамі дзелавых колаў”, - паведамляе прэсавая служба.
“У рамках візыту таксама заплянавана, што прэзыдэнт правядзе ў Сэрбіі некалькі дзён адпачынку”.