Франак Вячорка ў Баранавіцкім вайсковым шпіталі войскаў супрацьпаветранай абароны праходзіць лячэньне з-за падвышанага ціску. Зьмітру Хведаруку ў Рэспубліканскім вайсковым шпіталі зрабілі апэрацыю на венах. А Іван Шыла ляжыць у Лепельскім гарнізонным шпіталі з-за моцнай прастуды.
Зьміцер Хведарук пасьля апэрацыі праходзіць абсьледаваньне. 28 студзеня міліцыянты і людзі ў цывільным, якія давалі ім загады, затрымалі маладафронтаўца ў кватэры і прывезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Там яму абвясьцілі, што Зьміцер павінен адседзець 10 сутак за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня.
Праз суткі хлопца з турмы на Акрэсьціна адвезьлі ў паліклініку і хутка выдалі мэдычнае заключэньне аб тым, што ён прыдатны для службы ў войску. Вайскоўцы пратрымалі хлопца ноч у турме і адтуль адвезьлі яго ў Жодзінскую частку транспартных войскаў.
Пасьля таго, як Зьміцер прыняў прысягу мэдыкі выявілі ў яго праблемы з венамі і адвезьлі хлопца на апэрацыю ў Менск.
Гаворыць Зьміцер Хведарук:
“Я цяпер праходжу мэдычнае абсьледаваньне наконт маёй прыдатнасьці да вайсковай службы. Нейкіх іншых хваробаў у мяне пакуль не знаходзяць. Значыць, пасьля абсьледаваньня гэтай камісіі адпраўлюся, як і мусіла быць, служыць у Жодзіна. Адно толькі, што мне вельмі прыемна бачыць сяброў цяпер, якія пра мяне не забываюцца, падтрымліваюць увесь час.
Яны дзеляцца нейкай інфармацыяй, якую немагчыма атрымаць у Жодзіна, бо ў вайсковай частцы забаронена карыстацца мабільным тэлефонам, інтэрнэтам. З газэтаў там толькі можна выпісваць “Во славу Родине” і “Советскую Белоруссию”.
Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Іван Шыла таксама трапіў у шпіталь з-за прастуды. Брат Івана Ільля Шыла паведаміў “Свабодзе”, што ў Лепельскай вайсковай частцы, дзе служыць Іван, шмат салдат захварэлі й на грып.
“Іван цяпер знаходзіцца ў мэдсанчастцы. Ён захварэў, там амаль усе хворыя на грып. Магчыма, эпідэмія. Выпішуць яго на наступным тыдні.
Пакуль невядомая дата судовага паседжаньня. Салігорскі суд перадаў справу Івана ў раённы гарнізонны суд Лепеля. Думаю, што на суд мы зьбяром народу зь Менску, нашых паплечніках. З іншых гарадоў таксама, спадзяюся, прыедуць”.
Іван абскарджвае дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Хлопца затрымалі дома і ўвечары адвезьлі з Салігорску ў Менск. Усю ноч яго трымалі ў пакоі ваенкамату Партызанскага раёну, а потым адвезьлі ў Лепель.
Франак Вячорка знаходзіцца ў баранавіцкім шпіталі войскаў супрацьпаветранай абароны. Яго бацька прадстаўляў інтарэсы Франка ў гарадзкім судзе, дзе разглядалі скаргу на рашэньне суду Савецкага раёну, які прызнаў гвалтоўнае затрыманьне і зьбіцьцё хлопца законным вайсковым прызывам.
Гаворыць Вінцук Вячорка:
“Фактычна адразу, як толькі Франак патрапіў у войска, ён патрапіў у рукі вайсковых мэдыкаў. Таму што крывяны ціск гэта такая рэч, якая ня лечыцца, якую можна зьбіваць толькі пры дапамозе мэдыкамэнтаў. Прапісалі для пастаяннага прыёму шэсьць відаў мэдыкамэнтаў. Я не надта разумею, што гэта за служба такая салдата, які штодня прымае шэсьць відаў мэдыкамэнтаў і прапісалі адпаведна дыягназу таксама адмысловыя вусьцілкі ў боты.
Такіх вусьцілак, зразумела, вайсковая частка ня мае. Цяпер пачынаецца доўгая і нудная перапіска з фінансавым аддзелам арміі дзеля таго, каб такія вусьцілкі яму пераслалі”.
Франка Вячорку могуць цягам сутак адвезьці ў Мазыр, каб ён далей служыў у вайсковай радыётэхнічнай брыгадзе. Хто будзе несьці адказнасьць, калі Франак зноў і зноў трапіць у шпіталь з-за падвышанага ціску ды іншых хранічных хваробаў? Вінцук Вячорка адказаў на гэтае пытаньне наступным чынам:
“Адказнасьць павіны несьці тыя, хто яго адпраўляў у войска. Гэта значыць ваенкамат, прызыўная камісія і 432 галоўны клінічны цэнтар Міністэрства абароны. Калі ж імі нехта камандаваў, калі імі маніпулявалі спэцслужбы, што я бачыў і пацьвярджаю, няхай назавуць, што гэта за спэцслужбы, няхай назавуць імёны людзей, якія імі маніпулявалі і прымушалі прызваць заведама непрыдатнага ў войска”.
Бацькі Франка Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука паведамілі, што будуць зьвяртацца ў розныя судовыя інстанцыі, каб паказаць гвалтоўны і незаконны характар дзеяньняў уладаў у дачыненьні да іх сыноў, якіх за актыўную грамадзкую пазыцыю ізалявалі на паўтара года. Бацькі падкрэсьліваюць, што хлопцаў ў кайданках прывезьлі служыць у войска. Яны патрабуюць, каб суды прызналі незаконнымі дзеяньні вайскоўцаў, якімі кіравалі людзі ў цывільным.