У зьезьдзе бяруць ўдзел болей за 200 дэлегатаў. У праграме сходу прыняцьце праграмы і статут партыі, абраньне кіруючых органаў.
Напярэдадні статутнага зьезду былі праведзены 63 рэгіянальныя сходы.
Як паведаміў Свабодзе адзін з заснавальнікаў партыі Павал Севярынец, “партыя ствараецца не для таго, каб заняць пэўную нішу. І не для таго, каб выпрабаваць, ці можна зараз нешта зарэгістраваць, ці не. Мы ствараем партыю, якая можа стаць вядучай палітычнай сілай у Беларусі. І мы лічым, што БХД праз пэўны час павінна будзе браць адказнасьць за ўсю краіну”.
На зьезьдзе ў якасьці гасьцей прысутнічаюць лідэры палітычных партый і вядомыя беларускія палітыкі. У іх ліку — былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, старшыня міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Дзьмітрый Дашкевіч, былы палітзьняволены Андрэй Кім, кіраўнікі і прадстаўнікі іншых партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама лідэры прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік і Аляксандр Макаеў, паведамляе БелаПАН.
Тым часам у Берасьці ноччу 28 лютага былі затрыманыя 11 актывістаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", якія накіроўваліся ў Менск для ўдзелу ва статутным зьездзе БХД.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, прыкладна ў 2.40 аўтобус, у якім актывісты накіроўваліся ў Менск, спынілі супрацоўнікі міліцыі. Актывістаў даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе было заяўлена, што яны падазраюцца ў захоўваньні наркотыкаў. У аддзяленьні міліцыі былі складзеныя пратаколы затрыманьня, агледжаны аўтобус. Наркотыкі не знойдзены.
Каля 6.00 актывістаў адпусьцілі з РАУС.
Дэлегатам зьезду БХД пагражаюць