Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянска-дэмаграфічная партыя?


Устаноўчы зьезд партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адбудзецца ў суботу 28 лютага ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу.

Пра гэта сёньня заявілі на прэсавай канфэрэнцыі сустаршыні аргкамітэту Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Шэін. Яны спадзяюцца ня толькі стварыць новую партыю, але і ператварыць яе неўзабаве ў наймацнейшую ў Беларусі.

Павал Севярынец
Павал Севярынец паведаміў: на зьезьдзе будзе 211 дэлегатаў. Праведзеныя 63 рэгіянальныя сходы:

“Ужо цяпер ёсьць сьпіс з больш як тысячы заснавальнікаў партыі. То бок ужо можна казаць: ёсьць такая партыя! Асноўныя патрабаваньні міністэрства юстыцыі да рэгістрацыі ўжо фактычна выкананыя”.

Спадар Севярынец бачыць у новай партыі добрыя пэрспэктывы:

Мы лічым, што БХД праз пэўны час павінна будзе браць адказнасьць за ўсю краіну.
“Мы ствараем БХД не для таго, каб заняць пэўную нішу. І не для таго, каб выпрабаваць, ці можна зараз нешта зарэгістраваць, ці не. Мы ствараем партыю, якая можа стаць вядучай палітычнай сілай у Беларусі. І мы лічым, што БХД праз пэўны час павінна будзе браць адказнасьць за ўсю краіну”.

Аналітык Уладзімер Мацкевіч кажа, што быў адным з тых, хто імкнуўся стварыць менавіта хрысьціянскую палітычную структуру:

Уладзімер Мацкевіч
“І па-ранейшаму лічу, што хрысьціяне павінны мець сваё палітычнае прадстаўніцтва на беларускім палітычным полі. Але ж зараз ня час для стварэньня новых партыяў. Таму я і прыпыніў сваю дзейнасьць на гэтым кірунку. На сёньня немагчыма стварыць партыю, лепшую за тыя, якія ўжо існуюць. Таксама як амаль немагчыма палепшыць ужо існуючыя партыі.

Каб партыйная дзейнасьць у Беларусі аднавілася, хоць бы да ўзроўню сярэдзіны 90-х гадоў, калі партыі маглі змагацца за парлямэнцкія месцы і нават утвараць фракцыі, то для гэтага трэба шмат яшчэ чаго зрабіць у краіне ў пляне лібэралізацыі ды дэмакратызацыі“.

Арганізатары новай партыі паведамілі, што сярэдні ўзрост яе заснавальнікаў — 36,5 года. Яна, мабыць, будзе самай маладой у Беларусі. І яшчэ, як кажуць сустаршыні аргкамітэту, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — ужо бясспрэчны лідэр у дэмаграфіі. У сем’ях шмат каго з заснавальнікаў па трое-чацьвёра дзяцей. А ў некаторых нават пяць, а то і сем. Таму журналісты ўжо жартам называюць новую партыю не хрысьціянска-дэмакратычнай, а хрысьціянска-дэмаграфічнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG