Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Шкловалакне” людзям грошай няма


Сацыяльную дапамогу — скасаваць!

Са сьнежня прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” прыпыніла выплату сацыяльнай дапамогі сваім работнікам, хаця гэткая падтрымка прадугледжана калектыўнай дамовай. Адміністрацыя не тлумачыць прычынаў, але рабочыя зьвязваюць гэта з наступствамі эканамічнага крызісу.

Паводле старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, які працуе ў цэху № 7, работнікі “Шкловалакна” даведаліся пра скасаваньне сацыяльнай дапамогі з газэты “Трудовая смена”, якая выдаецца на прадпрыемстве:

“У газэце напісалі, што цяпер працаўнікі ня будуць атрымліваць матэрыяльную дапамогу да сваіх юбілейных угодкаў, ня будзе давацца дапамога пэнсіянэрам, а таксама сацыяльная дапамога пры нараджэньні дзіцяці — а гэта было 175 тысяч рублёў. Таксама ня будуць выплочваць сярэдні заробак удзельнікам мастацкай самадзейнасьці, спартоўцам. Ну, людзі кажуць, што, маўляў, тут нічога ня зьменіш, бо крызіс”.

Адміністрацыя прадпрыемства патлумачыла актывістам Свабоднага прафсаюзу, што сацыяльныя выплаты давялося прыпыніць, бо ў лістападзе ў прадпрыемства былі так званыя “адмоўныя прыбыткі” — прасьцей кажучы, прыбыткаў проста не было, адны выдаткі.

Аднак менавіта ў лістападзе, паводле згадак Віктара Стукава, “Полацак-Шкловалакно” дужа пампэзна адзначыла 50-гадовы юбілей, выдаткаваўшы немалыя грошы на грандыёзны фаервэрк, а таксама на дзіўны твор мастацтва, усталяваны каля прахадной — працаўнікі яго назвалі “Помнікам шклотканіне”.

“Цяпер, калі працаўнікі йдуць на працу, бачаць такі помнік, які зрабілі з мэталу: мэтраў 7—8 у вышыню, нейкая такая абстракцыя — нейкая нібыта тканіна, нейкія краты. Ды ў ім аднаго мэталу, калі яго, прыкладам, зрэзаць і здаць, будзе мільёнаў на 50, пэўна. Так што каштуе гэты помнік дорага, і гэтых грошай, я думаю, прадпрыемству зараз бракуе”, — распавядае спадар Стукаў.

Прафсаюзныя актывісты кажуць, што выдаткі “Полацак-Шкловалакно” нясе яшчэ й праз адмену прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам — з-за гэтага, паводле падлікаў адміністрацыі, прадпрыемства губляе каля мільёна даляраў штомесяц.

Рабочых ужо папярэдзілі, што з Новага году скасуюць яшчэ шэраг сацыяльных ільгот — у прыватнасьці, зачыняць прафілякторый і адменяць грашовую дапамогу на аздараўленьне, а таксама ня будуць даваць крэдытаў на будаўніцтва жытла. Працаўнікі непакояцца, што сьледам за гэтым пачнуцца затрымкі й нявыплаты заробкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG