Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс перажыць лягчэй “сямейным”


Ёсьць распаўсюджанае меркаваньне, што псыхалягічна жанчыны больш устойлівыя за мужчынаў. Маўляў, яны лепш адаптуюцца да новых умоваў, дапасуюцца да любых цяжкасьцяў, успрымаюць рэчаіснасьць гэтак, як ёсьць. Сытуацыя крызісу, выглядае, патрабуе менавіта гэткіх навыкаў. Але ці праўда, што жанчынам лягчэй перажыць крызіс?

На думку кандыдата гістарычных навук, стваральніцы і старшыні грамадзкай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” Ніны Стужынскай, эканамічны крызіс яшчэ больш павялічыў неабароненасьць жанчынаў у беларускім грамадзтве:

Ніна Стужынская
“У любой сытуацыі ў нас мужчына больш абаронены чым жанчына. Гэткую маем патрыярхальную традыцыю. Як быццам кармілец сям’і. Хаця даўно ўжо ён ніякі не кармілец. А цяпер дык наагул фішка такая — КРЫ-ЗІС. І ня трэба шукаць ніякіх падстаў для звальненьня: крызіс і ўсё”.

У службе занятасьці насельніцтва Савецкага раёну Менску кажуць, што з крызісам сярэднестатыстычны партрэт беспрацоўнага не зьмяніўся:

“У прынцыпе, як было, гэтак і засталося: у беспрацоўя — жаночы твар”…

На 13 лютага, распавёў начальнік упраўленьня занятасьці пры Менгарвыканкаме Чэслаў Роўба, колькасьць вакансій у Менску ад пачатку года скарацілася на 5%, да 15600 адзінак. У рэгіёнах, выглядае, крызіс працоўных месцаў бачны наўпрост — усё ж на відавоку, распавядае грамадзкая актывістка з Верхнядзьвінску (Віцебская вобласьць) Валянціна Кудлацкая:

Калі казаць пра вёску, то лічыцца пасьпяховай сям’я, дзе жанчына ня п’е.
“Ідзе скарачэньне дзіцячых садкоў, скарачэньне школаў, — тыя сфэры, дзе найбольш занятыя жанчыны. Ідзе скарачэньне сеткі вузлоў паштовай сувязі, аддзяленьняў сувязі, — таксама большая частка працоўных там жанчыны. І мне падаецца (ня дай Бог), — але выглядае, што будзе гэта мець наступальны характар — беспрацоўе ў сфэры адукацыі, мэдыцынай, абслугоўваньня. Сетка абслугоўваньня, дзе занятыя ў асноўным жанчыны — у нашым раёне ўжо амаль што адсутнічае”.

Наступствы эканамічнага крызісу яшчэ больш узмацнілі даўнюю сацыяльную праблему, сьведчыць Ніна Стужынская:

“У мяне свая сацыялёгія, як палітыкі любяць казаць. Я жыву ў дастаткова маленькім асяродку. І вось, галаву даю як той казаў, 9 сем’яў з 10 трымаюцца на жанчыне. Апроч таго, калі казаць пра вёску, то лічыцца пасьпяховай сям’я, дзе жанчына ня п’е. А калі мужчына п’е, дык, ну — традыцыя такая”.

На думку эканаміста Міхала Залескага, складанасьці працаўладкаваньня ў часе крызісу для мужчын і жанчын вельмі розныя:

Міхал Залескі
“Возьмем апошні дакрызісны пэрыяд. Заробкі жанчын у Беларусі на аднолькавых пасадах з мужчынамі — на 30% у сярэднім больш нізкія за мужчынскія. Што адбываецца цяпер? Ва ўмовах крызісу адбываецца моцная рэдукцыя заработнай платы. І ствараецца ўсё больш і больш працоўных месцаў зь вельмі нізкім узроўнем зарплаты. І яны замяшчаюцца жанчынамі. Жанчыны раней прыходзяць на месцы, на якія мужчыны не ідуць у спадзеве знайсьці нешта лепшае”…

Калі ж гутарка пра сельскую гаспадарку, то беспрацоўе і наяўнасьць працы там — амаль супастаўляльныя зьявы, кажа Валянціна Кудлацкая:

“Тыя заробкі, якія ёсьць у сельскай гаспадарцы, дзе жаночай працы вельмі шмат, чалавек працуе і, магчыма, яму і не пагражае скарачэньне. Але тыя заробкі, якія там сёньня ёсьць, гэта такія мізэрныя грошы, якіх хапае толькі на хлеб і малако”.

Мужчын выхоўваюць з усьведамленьнем, што яны павінны дамінаваць: больш працаваць, больш зарабляць, дзеліцца назіраньнямі Міхал Залескі. Калі яны не адпавядаюць гэтаму вобразу, наступствы могуць быць паталягічныя:

“Польскія псыхіятары гавораць, што асноўная маса кліентаў сёньня — гэта эфэктыўныя і пасьпяховыя мэнэджэры 30-35 гадоў, маладосьць якіх прыйшлася на час уздыму. І цяпер яны ў жудаснай разгубленасьці і дэпрэсіі”.

Гэта міт, што жанчына моцная.
А на думку псыхоляга Жаны Міцкевіч, меркаваць, каму ў часе крызісу жыць спакайней, падзяляючы людзей толькі паводле полавай прыкметы, памылкова:

“Гэта міт, што жанчына моцная. Кожны чалавек па-свойму стрэсаўстойлівы альбо нястрэсаўстойлівы. І сказаць, што мужчына больш перажывае за жанчыну, нельга. Бо ў пэрыяд крызісу будуць больш на працы разьвітвацца з жанчынамі, чым з мужчынамі”.

Перажывуць час крызісу з найменшымі стратамі тыя, хто мае моцную сям’ю, упэўнена Жана Міцкевіч.

“Там дзе ёсьць парадак у сям’і, дзе ёсьць добрыя сямейныя зносіны, там, дзе сям’я неаднаразова выходзіла зь нейкіх цяжкасьцяў дзякуючы ўзаемнай падтрымцы і дапамозе, там і будзе найбольш устойліва, дзе ёсьць моцная сям’я”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG